Вы тут

Спартсменка Марына Літвінчук: «Муж — мая апора і асабісты псіхолаг»


На працягу пяці апошніх гадоў Марына Літвінчук рэдка вяртаецца са спаборніцтваў без узнагарод. Першы буйны поспех да спартсменкі прыйшоў у 2010 годзе: тады яна з байдаркай-адзіночкай на пяцікіламетровай дыстанцыі заваявала сярэбраны медаль на чэмпіянаце свету ў Познані і бронзавы на першынстве Еўропы ў Траcоне. З тых часоў дасягненні толькі растуць — у скарбонцы дзяўчыны «бронза» Алімпійскіх гульняў у Лондане, чатыры залатыя медалі Універсіяды, медалі вышэйшай пробы сусветнага першынства і нарэшце «бронза» нядаўняй Алімпіяды ў Бразіліі. Пра тое, як даводзілася спаборнічаць у Рыа, што ў бліжэйшых планах спартсменкі і пра што яна марыць, Марына расказала карэспандэнту «Звязды».


Бразільскі настрой

— З-за допінгавага скандалу, што напаткаў нашу мужчынскую каманду напярэдадні Алімпіяды ў Рыа, вядома, настрой у калектыве быў не радасны. Адчувалі вялікую адказнасць, бо ўся надзея была толькі на нас. Да таго ж напружанне было звязана з тым, што нашага трэнера не было побач. Адным словам, у Бразіліі нам прыйшлося нялёгка.

Пытанні па ходу Гульняў узнікалі і да арганізатараў. Здаецца, Алімпіяда бразільцам наогул была не патрэбна. У параўнанні з Гульнямі ў Лондане яе, можна сказаць, і не было. Умовы пражывання вымушалі жадаць толькі лепшага, жылі мы як у інтэрнаце, аб добрым абслугоўванні нумароў наогул казаць не даводзіцца, хоць мы людзі і непераборлівыя.

Так вы­гля­дае спар­тыў­ная сям'я.

Вынік

— Ужо мінуў час, усе эмоцыі ўлягліся, таму спакойна можна казаць аб уражанні, якое ў цэлым засталося ад Алімпійскіх гульняў. Ведаеце, добра, што ўзялі медаль. Нам і нашаму віду спорту, нашай камандзе ён быў проста неабходны. Я спачатку стала 4-й у адзіночцы, потым 6-й у двойцы і ад такой блізкасці да п'едэстала адказнасці з кожным днём станавілася ўсё больш. Але мы з дзяўчатамі ведалі, што трэба выйсці і проста зрабіць сваю работу. А ў што гэта выльецца — ужо іншае пытанне.

Асобна дзякуй хачу сказаць кіраўніку нашай дзяржавы за цёплыя словы. Таксама ўсяму нашаму трэнерскаму штабу і медыцынскаму персаналу, якія дапамагалі нам і па ходу падрыхтоўкі, і перад Гульнямі справіцца з маёй траўмай пляча. Увогуле дзякуй усім, хто верыў у нас і падтрымліваў у гэты складаны алімпійскі тыдзень.

«Брон­за­вая» чац­вёр­ка Рыа: Мар­га­ры­та Мах­не­ва, Воль­га Ху­дзен­ка, На­дзея Ля­пеш­ка, Ма­ры­на Літ­він­чук.

Характар

— У кожным сезоне я выконваю вялікую работу, бо ў нас вельмі цяжкі від спорту, вельмі працаёмкі. Незалежна ад маштабу спаборніцтваў, у кожнай гонцы я аддаю ўсе свае сілы, выкладаюся на 100%, напэўна, гэта такая рыса характару. Да таго ж заўсёды імкнуся выканаць трэнерскія заданні, не хочацца, каб уся тая праца, якую мы ўкладаем разам з настаўнікамі, прайшла дарма. Я выступаю ў розных класах лодак і на розных дыстанцыях, не магу вылучыць нешта любімае з гэтага, мне ў цэлым падабаецца мой від спорту, я атрымліваю ад яго задавальненне, таму заўсёды хочацца быць лепшай усюды.

Наогул жыццё чалавека складана ўявіць без няўдач, а спорт тым больш. У мяне няма своеасаблівага адчування таго, як з імі спраўляцца, я проста ніколі не апускаю рукі і не вешаю нос. Усе ў жыцці робяць памылкі, і гэта тычыцца не толькі спартыўнай сферы. Я стараюся аналізаваць свае няўдачы, рабіць высновы з таго, што адбылося, і выпраўляць промахі.

Ці магу я захварэць на «зорную» хваробу? Людзі з боку, вядома, павінны меркаваць пра гэта. Але, як здаецца мне самой, гэта мне не пагражае. Я стараюся жыць па прынцыпе: «будзеш прасцей ты — людзі пацягнуцца».

Проста жыццё

— Мой муж таксама спартсмен, таму ён бывае на многіх маіх стартах. А на чэмпіянат свету летась прыехаў нават з сябрамі, падтрымка ў мяне там была вар'яцкая. Ён — мая апора, заўсёды побач, заўсёды гатовы дапамагчы ўсюды і ва ўсім, ён стымулюе мяне на новыя здзяйсненні. Мой галоўны псіхолаг, ён ніколі не дазваляе пралезці дурным думкам у маю галаву. Ніякіх праблем з нагоды аднолькавай прафесіі ў нас няма, можа быць нават наадварот, гэта дапамагае знайсці нам агульную мову, бо ён ужо ведае ўсю гэтую «кухню». У маіх найбліжэйшых планах нарадзіць дзіця, а потым хацелася б, вядома, вярнуцца ў вялікі спорт.

Вольнага часу, як і ў абсалютнай большасці спартсменаў, у мяне катастрафічна мала і становіцца ўсё менш. У свае выхадныя хочацца проста выспацца, з'ездзіць у госці да мамы, яе я бачу вельмі рэдка, вядома, хацелася б праводзіць больш часу з роднымі. Люблю спакойнае баўленне часу, напрыклад, схадзіць у лес па грыбы.


Біяграфічная даведка

Марына Літвінчук (Палтаран) нарадзілася 12 сакавіка 1988 года ў вёсцы Сотнічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Выступае за нацыянальную зборную з 2006 года. Двухразовы бронзавы прызёр летніх Алімпійскіх гульняў у выступленнях на байдарцы-чацвёрцы, шматразовая чэмпіёнка свету, Еўропы і нацыянальных першынстваў. З 2012 года замужам за беларускім спартсменам Артурам Літвінчуком, алімпійскім чэмпіёнам сярод байдарак-чацвёрак на дыстанцыі 1000 метраў.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?