Вы тут

Новы сезон у Белдзяржцырку пачынаюць «Трыумфатары арэны»


Дзівосы гнуткасці пакажа паветраная гімнастка Юлія Качан. Трупа акрабатаў Аляксандра Еўдакімава, што выступае на арэлях, лічыць, што спецэфекты наўрад ці заменяць прыцягальнасць якасных трукаў. Дрэсіроўшчыца Юлія Дзягілева раскажа камічную і кранальную гісторыю, якая здарылася недзе на Дзікім Захадзе з каўбоямі і іх коньмі. А яе калега, заслужаны артыст Расіі Сяргей Несцераў, наогул прыехаў у Сінявокую ў кампаніі белых тыграў і насарога. Апошні, можна меркаваць, стане самым галоўным героем праграмы.


— Дрэсіраваць насарога складана. Гэта даволі незалежная істота, давялося некалькі месяцаў проста прывучаць яго да сябе, — кажа Сяргей Несцераў. — У цырку нас размясцілі з камфортам, для гадаванца выдзелілі вялікі вальер, так званы сланоўнік. Мне даўно хацелася прыехаць у Беларусь. Каб мара здзейснілася, давялося чакаць 35 гадоў, а тут якраз ёсць нагода.

Мастацкі кіраўнік Белдзяржцырка Вітаўтас Грыгалюнас пацвярджае, што на выступленне ў Беларусі знакамітыя артысты згадзіліся без асаблівых цяжкасцяў:

— Ідэя сабраць разам цыркавых «зорак» узнікла прыблізна год таму. Тады ж пачалі прагляд і адбор нумароў, а тры месяцы назад быў напісаны сцэнарый праграмы.

Клоўн, шматразовы прызёр міжнародных фестываляў у Расіі, Галандыі, Італіі, Іспаніі, Кітаі Армен Асіранц, адзіны з выступоўцаў, які знаходзіцца побач з публікай на працягу ўсёй праграмы, адзначае асаблівую атмасферу мінскага цырка:

— Тут глядач успрымае ўсё як нейкую падзею, свята. Паход у цырк — гэта як паход у тэатр, людзі рыхтуюцца, апранаюць лепшае адзенне, настройваюцца на відовішча. Адсюль, напэўна, ідзе і большая эмацыянальнасць да таго, што робіць артыст. Удзячнасць публікі заўсёды адчуваецца.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Да нас прыехаў насарог...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?