Беларуска-кітайскія адносіны ўзведзены на ўзровень стратэгічных. Зроблена ўжо шмат, але многае наперадзе. «Звязда» пацікавілася ў прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, якой яны бачаць будучыню ўзаемаадносін дзвюх дзяржаў.
Віталь БУСЬКО, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах:
— Параўноўваць эканоміку Кітая і Беларусі нельга. У той жа час, як кажа наш лідар, мы не канкурэнты, мы можам толькі дапаўняць адзін аднаго. Сёння галоўнае для Кітая тое, што Беларусь — гэта мост у Еўрапейскі саюз, а пасля ўтварэння Еўразійскага эканамічнага саюза — яшчэ і ў ЕАЭС.
Што мы сёння маем з Кітаем? Вельмі цесныя эканамічныя кантакты, неабмежаваную крэдытную лінію, а самае галоўнае — «Вялікі камень», які мы будуем каля Мінска. Гэта Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк у Смалявічах, які павінен стаць прыкладам для такіх грандыёзных праектаў. Тут мы чакаем многага: гэта і працоўныя месцы, і тэхналогіі, і прадукцыя, якую можна будзе прадаваць у трэція краіны.
Натуральна, мы вельмі разлічваем на ўзаемадзеянне ў рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), дзе мы ўжо атрымалі статус назіральніка. Гэта вельмі сур'ёзная арганізацыя. Ва ўмовах, калі Кітай сумесна з Расіяй імкнецца выбудаваць шматпалярны свет. Калі ўзяць апошнія пяць гадоў, то лёгка заўважыць: свет нацярпеўся ад аднапалярнасці. Для нас, для сусветнай супольнасці, Кітай — гэта полюс. Сённяшнія поспехі кітайскай эканомікі, Кітая ўвогуле, кажуць пра тое, што гэта краіна хутка стане добрай, надзейнай апорай для іншых. Вядома, што сістэма тым больш устойлівая, чым на большай колькасці апор яна мацуецца. Калі Кітай, Расія стануць другой і трэцяй апорай, то свет стане больш устойлівым. Гэта значыць, магчымасць развіцця будзе і ў астатніх краін, у тым ліку і ў Беларусі.
Вялікае значэнне мы надаём сёння візіту ў Кітай нашага лідара. Ужо заяўлена аб гатоўнасці падпісаць больш за 30 сумесных двухбаковых дакументаў, намечаны сустрэчы з кіраўніцтвам Кітая. Думаю, што гэта стане яшчэ адной вяхой у наладжванні яшчэ больш шчыльных кантактаў ва ўсіх сферах.
Што да міжпарламенцкага супрацоўніцтва, то мы — адна з нямногіх краін, якія маюць падпісанае пагадненне з Пастаянным камітэтам Усекітайскага народнага сходу. Гэта вельмі рэдкі дакумент, тым не менш мы яго падпісалі. У нас развіваюцца вельмі шчыльныя кантакты, створана група сяброўства, яе ўзначальвае віцэ-спікер Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі.
Вольга ПАЛІЦІКА, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі:
— Гэта адна з наймацнейшых эканомік свету. Тое, што ў нас наладзіліся такія добрыя ўзаемаадносіны, дае ў першую чаргу нашаму рэальнаму сектару эканомікі магчымасць развівацца і мадэрнізавацца. Дастаткова ўпамянуць крэдытную лінію, якая адкрыта для Беларусі. Прычым нашы прадпрыемствы могуць рэалізоўваць свае праекты пад дастаткова добрыя працэнты.
Для нас галоўная задача не тое, каб адкрываліся вытворчасці — чыста беларускія, чыста кітайскія альбо сумесныя. Задача прыцягнуць туды самыя сучасныя тэхналогіі — у тым ліку не толькі вытворчыя, але кіраўніцкія. Зараз кіраўнік нашай дзяржавы наведае Кітай, і, думаю, будуць абазначаны новыя кропкі росту і кірункі супрацоўніцтва.
На міжнароднай арэне падтрымка такой дзяржавы, як Кітай, таксама вельмі добрая справа.
Ігар МАРЗАЛЮК, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы:
— Сёння Кітай — гэта другая эканоміка свету, я так думаю, што мы з вамі дажывём да таго моманту, калі ён стане першай эканомікай. У любым выпадку супрацоўніцтва з Кітаем — вельмі важны кірунак нашай знешнепалітычнай дзейнасці. Нашы адносіны з гэтай краінай дынамічныя, пазітыўныя, і гэта можна толькі вітаць.
Калі казаць суб'ектыўна, то Кітай для мяне як для археолага, для гісторыка — гэта краіна з каласальнай цывілізацыйнай традыцыяй, каласальным патэнцыялам. Калі казаць пра мяне асабіста, то і зараз я практыкую він-чунь — гэта адзін з варыянтаў кітайскага кунг-фу. Я добра ведаю кітайскую паэзію, літаратуру, у маладосці на мяне вельмі істотна паўплывала вучэнне Канфуцыя... Так што калі казаць пра Кітай, то для мяне, як для гісторыка і чалавека, які любіць усходнія адзінаборствы, усходнюю медыцыну, вельмі важна, што ўзаемаадносіны з гэтай краінай — на пад'ёме.
Я ўжо не кажу пра тое, што сёння Кітай імкнецца зрабіць Беларусь на еўрапейскім напрамку сваім важнейшым стратэгічным партнёрам — гэта мы павінны вітаць. Чым больш будзе самай разнастайнай кааперацыі з Паднябеснай — ад навукі, адукацыі да бізнесу — тым лепш. Гэта краіна мае каласальны патэнцыял, ідзе сваім шляхам — і паважае наш суверэнітэт.
Я не бачу ніякіх пагроз. У нас ёсць магчымасць прасоўвання інтарэсаў Кітая ў Заходнюю Еўропу. Такім чынам, Беларусь стане сегментам вялікага бізнес-праекта Шаўковага шляху, як гэта было раней. Хачу сказаць, што кітайскія рэчы: упрыгажэнні, кераміка, нават мушкеты — археолагі знаходзілі ў Мінску ў ХVІІ стагоддзі. Таму ёсць сегменты нашай гістарычнай памяці, традыцыі, якія сведчаць аб нашых сувязях з Кітаем яшчэ ў эпоху Сярэднявечча і Новага часу.
Надзея ЮШКЕВІЧ
З усіх куточкаў Беларусі.
Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.