Вы тут

У Рагачове варта ўвекавечыць імёны Андрэя Макаёнка і Міхася Лынькова


Дзень беларускага пісьменства ў Рагачове ўжо прайшоў, аднак пакінуў пасля сябе не толькі прыемныя ўражанні, але і абноўленую інфраструктуру горада, цікавыя рэалізаваныя творчыя праекты. Адным са знакавых мерапрыемстваў стала канферэнцыя «Рагачоўскія чытанні», арганізаваная Інстытутам мовазнаўства НАН Беларусі. Там не толькі гучалі адметныя даклады, але і на падставе найбольш слушных выступленняў прынята рэзалюцыя з прапановамі на будучае. Напрыклад, надаць вуліцам Рагачова імя Андрэя Макаёнка і Міхася Лынькова. Пра тое, чым найбольш зацікавіла Рагачоўшчына, карэспандэнт «Звязды» пагутарыла з дырэктарам Інстытута мовазнаўства Ігарам КАПЫЛОВЫМ.


— Ігар Лявонавіч, на канферэнцыі вы чыталі даклад пра прозвішчы рагачоўцаў. Ці заўважылі нейкія агульныя тэндэнцыі?

— У мінулым годзе я рабіў аналагічны даклад па прозвішчах шчучынцаў і ўбачыў істотную розніцу. Сістэма прозвішчаў на захадзе і ўсходзе кардынальна адрозніваецца. У апошніх бачны яскравы ўплыў рускай антрапанімічнай сістэмы. Суфіксы «-оў», «-еў», «-ін», «-ын», якія часта сустракаюцца (каля 70%), больш характэрны для рускай тэрыторыі. Для Беларусі больш тыповыя суфіксы на «-іч», а таксама з «чыстай» асновай — Заяц, Шпак, Воўк — на Рагачоўшчыне такіх прозвішчаў зусім нямнога. 12% заканчваюцца на «-енка», «-энка» — гэта ўкраінскі ўплыў, і 12% на «-скі» — уплыў польскай антрапанімічнай сістэмы. Такім чынам, у прозвішчах адлюстравалася ўся гісторыя Рагачоўшчыны, пачынаючы з 1142 года (першага летапіснага ўпамінання горада). На фарміраванне сістэмы прозвішчаў паўплывалі такія фактары, як гандлёвыя стасункі (па Дняпры праходзіў шлях з варагаў у грэкі), пастаянныя вайсковыя сутычкі (горад заўсёды быў у цэнтры канфліктаў паміж ВКЛ І Маскоўскай дзяржавай, гарады Рагачоў і Лучын былі разрабаваны і спалены крымскімі татарамі). Не прайшоў бясследна і перыяд знаходжання ў складзе Рэчы Паспалітай, калі было ўтворана Рагачоўскае староства Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства Рэчы Паспалітай. А яшчэ Рагачоўшчыну можна назваць краем птушыных прозвішчаў: Вараб'ёў, Воран, Голуб, Драчоў, Драздоў, Дзятлаў, Жураўлёў, Зуй (так называлі невялікіх кулікоў), Кніга (укр. «чайка»), Казадоеў, Коршак, Коршыкаў, Коршунаў, Крумкачоў, Кулік, Курапаткін, Курачкін, Лебедзеў, Пліска, Пугачоў, Сарока, Сініцын, Снегіроў, Сакалоў, Удодаў, Уткін, Цаплін, Чыркоў, Чыжоў, Шпакаў... Выклікае вялікую цікавасць надзвычайная разнастайнасць варыянтаў аднакаранёвых прозвішчаў: Заяц, Зайцаў, Зайчыкаў; Гусакоў, Гусач, Гусёнак, Гусікаў, Гуськоў; Горбач, Гарбаценка, Гарбаценкаў, Гарбачоў, Гарбачэўскі, Гарбалёў, Горбаў, Гарбуноў; Лобан, Лабанаў, Лабанок, Лобікаў і інш.

— Ці даследавалі назвы вуліц Рагачова?

— Вельмі адметным атрымаўся даклад Ганны Мезенкі з Віцебска, якая акурат прааналізавала назвы вуліц Рагачова, звязаныя з імёнамі людзей. Высветлілася, што ў гонар удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны названы 24 вуліцы. У гонар касманаўтаў — 16 вуліц (можна падумаць, што гэта горад касманаўтаў, ні адно іншае паселішча Беларусі не мае столькі вуліц гэтай тэматыкі!). У гонар пісьменнікаў — 16 вуліц. Але з іх толькі 3 названы ў гонар беларускіх творцаў — Янкі Купалы, Якуба Коласа і Уладзіміра Караткевіча. У гонар камуністычных дзеячаў — 8 вуліц. Пры гэтым з беларускіх партыйных дзеячаў толькі 1 — Васіль Казлоў. У гонар дзеячаў рэвалюцыі — 6 вуліц. Столькі ж і ў гонар міжнародных дзеячаў рэвалюцыйнага руху. Такая статыстыка падштурхнула нас напрыканцы канферэнцыі звярнуцца да кіраўніцтва раёна з прапановай перагледзець сістэму назваў вуліц і ўнесці пэўныя змены. Мы раім усё-такі ўвекавечыць памяць ураджэнца Рагачоўскага раёна народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаёнка (да гэтага часу няма такой вуліцы). І ўшанаваць памяць другога народнага пісьменніка Міхася Лынькова, які на гэтай зямлі атрымліваў пачатковую адукацыю, тут фарміраваўся яго талент.

Дом, дзе бываў Караткевіч, стаіць у Рагачове на вуліцы Караткевіча.

— Вуліца Караткевіча ў Рагачове ёсць, але зусім невялікага памеру...

— Так, вуліца з'явілася ў 2010 годзе, але яна досыць дзіўная — падзеленая гімназіяй на дзве часткі. На гэтай вуліцы стаіць дом сваякоў пісьменніка, пабудаваны яшчэ ў 1912 годзе. Дом знешне і знутры даволі цікавы ў архітэктурным плане. У ім часта бываў сам Караткевіч, працаваў там. Тут і сёння захавалася канапа, на якой спаў пісьменнік, яго зэдлік і стол. Дом патрабуе вялікага рамонту. Цяпер у ім жывуць сваякі класіка, але яны згодны перасяліцца ў звычайную кватэру і перадаць дом пад музей. Таму яшчэ адна прапанова, з якой звяртаюцца ўдзельнікі канферэнцыі, — ператварыць гэты дом у музей. Нават улічваючы сённяшняе эканамічнае становішча, патрабаванні часу, гэты дом стане вельмі прывабным турыстычным аб'ектам. Яго адкрыццё пасадзейнічае развіццю горада, турызму, папулярызацыі нашай гісторыка-культурнай спадчыны.

— Захаваліся таксама дамы народнага пісьменніка Андрэя Макаёнка ў Борхаве і Журавічах...

— Мы пабывалі ў журавіцкім школьным музеі Андрэя Макаёнка, там захоўваюцца цікавыя рукапісы і экспанаты. Але ж трэба зберагчы і дом, у якім нарадзіўся пісьменнік, у Борхаве. Гэты будынак яшчэ можна захаваць, хоць пэўныя меры трэба прымаць неадкладна. Бо людзі, якія жылі там апошнім часам, ужо пачалі разбіраць дах... Гэта радзіма народнага пісьменніка, драматурга, які ў мінулым стагоддзі славіўся ва ўсім Савецкім Саюзе. Таму гонар землякоў і ўсёй беларускай нацыі — захаваць дом і зрабіць у ім музей. Ён стане яшчэ адным гісторыка-культурным аб'ектам, прывабным і для школьнікаў, і для творчай інтэлігенцыі, і для турыстаў.

— Дом у Журавічах, дзе пазней жыла сям'я Макаёнка, зусім цэлы!

— Так, але гэта ўжо іншы перыяд яго жыцця. А ў Борхаве менавіта тое месца, дзе ён з'явіўся на свет... Няхай у такім разе будуць два дамы пісьменніка, узаемазвязаныя паміж сабой.

— За справу стварэння дома-музея звычайна бяруцца не вельмі ахвотна, спасылаючыся на тое, што няма экспанатаў і чым запоўніць памяшканне...

— Часам знаходзяцца экспанаты нават 100- і 200-гадовай даўніны. А Андрэй Макаёнак — амаль што наш сучаснік. Таму пошук яго рэчаў — невялікая праблема. Напрыклад, і сёння знаходзяцца прадметы для краязнаўчага музея Караткевіча. Пры нас гаспадыня таго дома перадала некалькі кніг з яго аўтографамі, а таксама кнігу, падпісаную яму Рыгорам Барадуліным. Гэтыя каштоўныя рэчы мы знайшлі амаль выпадкова і адразу перадалі ў мясцовы музей. Тым больш усё проста са спадчынай Макаёнка — яшчэ жывыя яго сын, дачка, малодшы брат, сябры-пісьменнікі — наўрад ці яны не захоўваюць хоць нешта з яго спадчыны (тым больш у Мінску няма музея Макаёнка). Можна адлюстраваць побыт сям'і таго часу, у які нарадзіўся пісьменнік. Калі творча падысці, гэту справу атрымаецца зрабіць якасна, і яна будзе цікавая ўсім, а найперш — школьнікам.

— Ці можна разлічваць, што дамы-музеі прывабяць турыстаў?

— Несумненна, ахвочыя завітаць у іх заўсёды знойдуцца. А найперш наведвальнікамі павінны быць дзеці — трэба працаваць з вучнёўскай моладдзю, папулярызаваць нашу спадчыну. Пэўна, лепш адзін раз наведаць такі дом, чым шмат разоў завочна чуць на ўроках пра пісьменніка. Мне здаецца, цікавасць да такіх аб'ектаў сёння павялічваецца. Але, натуральна ж, трэба праводзіць работу па іх папулярызацыі.

— Напрыклад, ладзіць «літаратурныя вандроўкі»?

— Так, бо гэта справа ў нас пакуль у пачатковым стане. Амаль няма такога, каб, толькі выехаўшы з Мінска, экскурсавод пачынаў расказваць пра літаратараў... Сёння тэхнічныя сродкі дазваляюць нават віртуальна праводзіць экскурсіі па мясцінах літаратараў — паказваць іх сталічным вучням ці жыхарам іншых куткоў краіны.

— Магчыма, саму канцэпцыю Дня пісьменства ў будучым варта дапоўніць адкрыццём дамоў-музеяў пісьменнікаў той зямлі, якая прымае свята, рэстаўрацыяй пэўных аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны?..

— Добра, што праводзіцца гэта свята, яно цікавае людзям. Я ўбачыў, як Рагачоў сапраўды ажыў, загучала беларускае слова. Гараджане задумаліся пра сваю спадчыну, пабывалі на нашай канферэнцыі і зразумелі, наколькі яны багатыя! Адкрыліся ці абнавіліся многія сацыякультурныя аб'екты — усё гэта застанецца гараджанам. Але хацелася, каб і назвы вуліц мяняліся. Мы жывём у незалежнай краіне — перыяд гісторыі, які папярэднічаў ёй, ужо прайшоў. Трэба паварочвацца да нацыянальнай спадчыны, адкрываць музеі, аднаўляць спадчыну. Гэта патрэбна для будучыні. Бо без мінулага яе быць не можа.

Археолаг Мікола Крывальцэвіч прапануе стварыць рагачоўскі археалагічны запаведнік. Ужо праведзена скрупулёзнае вывучэнне навакольных тэрыторый і знойдзена шмат археалагічных знаходак, асабліва на тэрыторыі ад Вішчына да Лучына. Гэта старажытныя курганныя могільнікі — яшчэ з ІІІ тыс. да н.э., якія прызнаны помнікамі еўрапейскага значэння. На Вішчынскім гарадзішчы знойдзены адзін са знакамітых скарбаў XІІ стагоддзя, які таксама мае значнасць для ўсёй Еўропы.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Рагачоўскі раён

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Край «птушыных» прозвішчаў і вуліц... касманаўтаў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.