Вы тут

Якія змены чакаюцца з пераходам на прынцыпы зялёнай эканомікі?


Зялёная эканоміка — кірунак у эканамічнай навуцы, які сфарміраваўся ў апошнія два дзесяцігоддзі. У яго рамках лічыцца, што эканоміка з'яўляецца залежным кампанентам прыроднага асяроддзя, у межах якога яна існуе і з'яўляецца яго часткай. Іншымі словамі, чалавецтва нарэшце перастала называць сябе абсалютным гаспадаром прыроды, што, не чакаючы ласкі, павінен быў узяць патрэбнае самастойна. Асяроддзе навокал ёсць тое, што мы робім — як у малым, так і ў вялікім...

Якія змены чакаюць беларусаў у сувязі з пераходам на прынцыпы зялёнай эканомікі? На гэтую тэму ішла гаворка падчас анлайн-канферэнцыі ў БЕЛТА. На пытанні адказвала першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна. Прапануем чытачам найбольш цікавыя моманты гутаркі са скарачэннямі.


Сітуацыя вакол БелАЭС пад кантролем

— Якія дадатковыя меры па кантролі радыяцыйнай абстаноўкі прымаюцца з улікам будаўніцтва АЭС?

— У зоне назірання Беларускай АЭС (радыус 12,9 кіламетра) і на прылеглай тэрыторыі ў радыусе 30 кіламетраў і больш пад эгідай Мінпрыроды ствараецца аўтаматызаваная шматузроўневая і шматфункцыянальная сістэма кантролю радыяцыйнай абстаноўкі. Пры яе фарміраванні ўлічваецца міжнародны (у першую чаргу еўрапейскі) вопыт стварэння аўтаматызаваных сістэм кантролю радыяцыйнай абстаноўкі ў раёне размяшчэння атамных станцый. Цяпер у зоне назірання БелАЭС функцыянуе базавы комплекс сістэмы кантролю.

Апаратура ў складзе трох аўтаматычных пунктаў вымярэння размешчана ў населеных пунктах Гервяты, Міхалішкі, Тракенікі. Пункты вымярэння вядуць збор, папярэднюю апрацоўку і перадачу інфармацыі аб магутнасці дозы гама-выпраменьвання, энергетычным спектры гама-выпраменьвання і метэаралагічных параметрах кожныя дзесяць хвілін.

У рэжыме нармальнага функцыянавання АЭС сістэма кантролю прызначана для атрымання і апрацоўкі інфармацыі аб радыяцыйнай абстаноўцы. У выпадку надзвычайных сітуацый яна будзе выкарыстоўвацца для аператыўнай ацэнкі маштабаў радыяцыйнага забруджвання для прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў.

Яшчэ сем аўтаматычных пунктаў вымярэння ўстаноўлена па-за зонай назірання Беларускай АЭС, цяпер яны знаходзяцца ў вопытнай эксплуатацыі.

Плануецца, што інфармацыя аб узроўнях магутнасці гама-выпраменьвання ў раёне размяшчэння БелАЭС будзе перадавацца ў Еўрапейскі цэнтр збору інфармацыі аб радыяцыйнай абстаноўцы ва ўстаноўленых фарматах. Інфармацыя аб радыяцыйнай абстаноўцы ў раёне размяшчэння Беларускай АЭС будзе размяшчацца ў інтэрнэце.

Неабходна адзначыць, што для ацэнкі фонавага стану навакольнага асяроддзя вакол станцыі, якая будуецца, Мінпрыроды ў асобе Гідрамета з 2009 года вядзе радыяцыйна-экалагічны маніторынг. Аб'ектамі яго з'яўляюцца атмасфернае паветра, снегавое покрыва, паверхневыя воды, донныя адкладанні, глебы.

«Паўночнаму» працаваць няшмат

— Ці праўда, што палігон «Паўночны» пад Мінскам да канца гэтага года закрыюць? Калі будзе завершана будаўніцтва смеццеперапрацоўчага завода ў раёне палігона «Трасцянецкі», якое было распачата ў красавіку?

— Палігон «Паўночны» па захоўванні цвёрдых камунальных адходаў эксплуатуецца з 1981 года, яго плошча складае 23,4 гектара. Ён прымае адходы ад Мінска і Мінскага раёна (Бараўлянскі, Папярнянскі, Астрашыцка-Гарадоцкі і Каладзішчанскі сельскія выканаўчыя камітэты). Зараз палігон з'яўляецца дзеючым на падставе дазвольных дакументаў, якія пацвярджаюць права часовага карыстання зямлёй: Мінскі абласны выканаўчы камітэт у верасні 2015 года падоўжыў камунальнаму ўнітарнаму прадпрыемству па абыходжанні з адходамі «Экарэс» тэрмін карыстання гэтым зямельным участкам у Мінскім раёне да 1 студзеня 2018 года.

Тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды на пастаяннай аснове праводзяць кантрольныя мерапрыемствы па захаванні патрабаванняў прыродаахоўнага заканадаўства пры эксплуатацыі гэтага аб'екта. Для зніжэння нагрузкі на яго зараз завершана будаўніцтва другой чаргі палігона «Трасцянецкі», размешчанага ў раёне пасёлка Сосны. Аб'ект здадзены ў эксплуатацыю ў ліпені бягучага года і ўжо прымае адходы для захоўвання. Таксама з красавіка 2016 года вядзецца будаўніцтва смеццеперапрацоўчага сартавальнага завода ў раёне існуючага палігона цвёрдых камунальных адходаў «Трасцянецкі» магутнасцю 100 тысяч тон у год. Будаўнічыя работы плануецца завяршыць у красавіку 2017 года.

Нацплан дзеянняў — да канца года

— Ці чакаць у бліжэйшы час змянення прыродаахоўнага заканадаўства ў сувязі з пераходам на прынцыпы зялёнай эканомікі? Ці ёсць неабходнасць удасканальваць яго?

— Глабальнымі тэндэнцыямі зялёнай эканомікі з'яўляюцца павышэнне энергаэфектыўнасці ва ўсіх сферах, развіццё аднаўляльнай энергетыкі і экалагічна бяспечнага транспарту, забеспячэнне патрэб у бяспечных і якасных харчаванні і вадзе, будаўніцтва новай прамысловай і інфармацыйнай інфраструктуры. Можна сказаць, што канцэпцыя зялёнай эканомікі — гэта даўно сфармуляваная мэта і шлях развіцця нашай эканомікі. І цяпер неабходна прадоўжыць гэты шлях з улікам новых падыходаў. Прыхільнасць Беларусі да прынцыпаў зялёнай эканомікі замацавана ў агульнадзяржаўных праграмных дакументах, уключаючы Нацыянальную стратэгію ўстойлівага развіцця да 2030 года...

Можна сказаць, што ў Беларусі створаны перадумовы для развіцця зялёнай эканомікі. На яе ў сваіх апошніх выступленнях акцэнтуе ўвагу Прэзідэнт, у тым ліку на V Усебеларускім народным сходзе прагучаў пасыл аб пераходзе да інавацыйных зялёных тэхналогій.

Па даручэнні ўрада Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя разам з іншымі міністэрствамі да снежня  2016 года павінна распрацаваць Нацыянальны план дзеянняў па ўкараненні прынцыпаў зялёнай эканомікі ў галінах народнай гаспадаркі. Стратэгічнай мэтай нацыянальнага плана з'яўляецца фарміраванне комплексу мер па прыярытэтных кірунках праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016—2020 гады, уключаючы павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця.

Падрыхтаваў Сяргей РАСОЛЬКА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Правільны НАПРАМАК — зялёны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».