Вы тут

Як правільна падрыхтаваць катлы да халадоў


Мінулай зімой у краіне зарэгістравана 19 надзвычайных сітуацый, звязаных з няправільнай эксплуатацыяй катлоў. Трагікамічны выпадак адбыўся ў гарадскім пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці. Другі месяц вясны адзначыўся вельмі халодным надвор'ем, і жыхары прыватных дамоў былі вымушаны расчахліць ацяпляльную сістэму нанова. І вось 23 красавіка ў кацельнай аднаго жылога дома грымнуў выбух.


Адразу зазначым: хата пашкоджанняў не атрымала, чаго не скажаш аб кацельнай — яна была раскурочана поўнасцю. Пасля высветлілася, што віноўнікам выпадку стаў самаробны металічны кацёл. Гаспадар хаты, які, на шчасце, не пацярпеў, патлумачыў, што гэты кацёл працаваў на цвёрдым паліве яшчэ з... 1972 года!

На жаль, настолькі адносна шчасліва заканчваюцца не ўсе выпадкі. Але як жа правільна эксплуатаваць гэтыя агрэгаты? Па парады карэспандэнт «Звязды» звярнуўся да галоўнага дзяржаўнага інспектара ўпраўлення нагляду за бяспекай абсталявання, якое працуе пад ціскам, і цеплавых электрастанцый Дзяржпрамнагляду МНС Марыны КАНДЗЕРСКАЙ.

Згубіў кантроль — атрымаў пробку

«Сезон» выбухаў бытавых катлоў прыходзіцца на пачатак і канец ацяпляльнага сезона. На гэта ўплываюць пераходы тэмпературы паветра ўначы ніжэй за нуль. Вада ў трубаправодах і пашыральных баках замярзае, і цыркуляцыя цепланосьбіта спыняецца. Утвараецца ледзяная пробка. Гэта адбываецца, як правіла, на гарышчах, дзе да ўцяплення труб і бакаў паставіліся абы-як ці ўвогуле яго праігнаравалі. Кацёл жа працягвае тапіцца, але пары выходзіць няма куды. Ціск паступова нарастае, контур агрэгата ў нейкую секунду ўжо не ў стане яго стрымліваць — і адбываецца выбух. А якія будуць наступствы гэтага, прадказаць ніхто не можа. Як мінімум давядзецца экстранна шукаць пасярод зімы грошы на новы кацёл і нейкім чынам аднаўляць памяшканне для яго.

Крыху радзей катлы ўзрываюцца з-за таго, што гаспадар не адчыніў перад пачаткам прапальвання запоры на трубаправодах. Паветра ў сістэме ацяплення быць не павінна — яно справакуе такую ж пробку, як і лёд. Кандэнсат у ніжняй кішэні коміна трэба выдаліць. Гэта дапаможа пазбегнуць атручэння чадным газам.

— Яшчэ да пачатку ацяпляльнага сезона мы рэкамендуем пачысціць унутраныя паверхні коміна і катла ад сажы, — раіць Марына Кандзерская. — Агляду патрабуе запорная і засцерагальная арматура. Сістэму ацяплення неабходна прамыць і запоўніць яе вадой. І вельмі важна ўцяпліць трубы і пашыральныя бакі, якія знаходзяцца ў памяшканнях, што не ацяпляюцца. Перад распальваннем катла трэба адкрыць лінію падсілкоўвання сістэмы ацяплення і кантрольную лінію запаўнення расшыральнага бака. Далей увагу трэба звяртаць на манометр. Калі з кантрольнай лініі вада не выходзіць, а ціск расце з незразумелай прычыны, гэта гаворыць аб тым, што недзе ўтварылася ледзяная корка.

Спадзявацца на тое, што пара праб'е пробку, не варта — дашчэнту будуць разнесены і трубаправод, і кацёл. «Пашырыць» вузкае месца ў трубе можна толькі з дапамогай цёплай вады. Працэс нельга пакідаць без кантролю. І абавязкова трэба праверыць сістэму ацяплення пасля выдалення пробкі. Магчыма, недзе ў трубе прыхаваўся яшчэ адзін кавалак лёду. І маніпуляцыі трэба праводзіць да таго часу, пакуль усё не прыйдзе ў норму.

Рарытэты з 1970-х

Масавае будаўніцтва падвальных кацельных пачалося ў Беларусі ў 1960-х гадах. Грамадскія аб'екты — бальніцы, школы, дзіцячыя садкі, дамы культуры — узводзіліся па тыпавых праектах. Кацельныя будаваліся пад імі дзеля таго, каб сэканоміць частку грошай. І вось тут спрацоўвае класічнае правіла: сярод трох характарыстык — хутка, якасна, танна — можна выбраць толькі дзве. На жаль, аўтары такога праекта пра гэта не думалі.

— Справа ў тым, што абсталяванне ў падвальных кацельных зманціравана недасканала, — гаворыць Марына Кандзерская. — Персаналу цяжка праводзіць рэгламентныя работы па абслугоўванні катлоў. Гэта праверка засцерагальных клапанаў і манометраў і прадзіманне абсталявання. Попел адтуль трэба выносіць уручную. Незаўсёды належным чынам абсталявана ў кацельных і вентыляцыя. Ды і самі катлы ў такіх памяшканнях ужо даўно знасіліся. Ільвіная доля выпушчаных больш за 40 гадоў таму чыгунных агрэгатаў «Універсал», «Энергія», «Мінск-1» ужо даўно скончылі свой век на пераплаўцы. Аднак у некаторых старых сацыяльных установах яны працуюць і сёння...

Устаноўка падвальных кацельных на цвёрдым паліве забаронена ў краіне з 1976 года. Прычына простая: пры выбуху катла ў найгоршым выпадку выбуховая хваля пойдзе на перакрыцці і сцены. Менавіта таму Дзяржпрамнагляд забараняе размяшчаць над падвальнымі кацельнымі месцы з масавым знаходжаннем людзей.

Аднак за ліквідацыю гэтых «артэфактаў» у краіне ўзяліся толькі дзесяць гадоў таму. За гэты час іх прыбралі ў Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай і Гомельскай абласцях. Але пасля аб'ём фінансавых сродкаў на ліквідацыю падвальных кацельных зменшыўся. Прапарцыянальна ўпалі і тэмпы замены старых сістэм. Так і атрымалася, што 37 падвальных кацельных усё ж працягваюць выпрацоўваць цяпло. У Мінскай вобласці застаўся 31 такі аб'ект, яшчэ 6 працуюць на Магілёўшчыне. Дзяржпрамнагляд займаецца пытаннямі бяспекі на іх разам з абласнымі выканаўчымі камітэтамі, распрацаваўшы адмысловыя мерапрыемствы.

Да зімы гатовы пакуль не ўсе

Па стане на 23 верасня Дзяржпрамнагляд праінспектаваў 5536 цеплакрыніц па ўсёй краіне. 62 аб'екты праверку на надзейнасць і бяспеку не прайшлі. У некаторых кацельных адсутнічае спраўнае рэзервовае абсталяванне. Дзе-нідзе не праведзены агляд тэхнічнага стану і гідраўлічныя выпрабаванні катлоў. Гаспадары не ўсіх кацельных паклапаціліся пра выкананне належных мерапрыемстваў. Сям-там няправільна ўстаноўлены засцерагальныя ўстройствы і аўтаматыка бяспекі. Зрэшты, да пачатку ацяпляльнага сезона час на выпраўленне памылак яшчэ ёсць...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Фота прадастаўлена Дзяржпрамнаглядам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».