23 Верасень, нядзеля

Вы тут

На месцы фашысцкага канцлагера знойдзены астанкі савецкіх салдат


Нібыта археалагічныя раскопкі разгарнуліся літаральна ў самым цэнтры Барысава. Толькі замест археолагаў работы тут вядуць пошукавікі, старанна дастаючы з зямных нетраў не гістарычныя артэфакты, а чалавечыя астанкі...


На такія знаходкі натрапілі ў аўтамабільным парку 60-га асобнага палка сувязі падчас будаўнічых работ. Вайскоўцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны, якія неўзабаве выехалі на месца, канстатавалі: на тэрыторыі сённяшняй воінскай часці — масавае пахаванне.

Дакументы сведчаць

Што і пацвердзілі архівы, кнігі памяці. Аказалася, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны тут знаходзіўся нямецкі лагер для савецкіх ваеннапалонных. «Шталаг 382» дзейнічаў з 1941 па 1943 год. Згодна з Актам надзвычайнай камісіі, які быў складзены ў верасні 1944 года, пасля вызвалення Барысава, на тэрыторыі лагера было знішчана і пахавана звыш 9 тысяч ваеннаслужачых Чырвонай Арміі. У некаторых крыніцах ёсць звесткі пра тое, што ў 1943 годзе тут утрымліваліся і ўдзельнікі Супраціўлення.

— Большая частка зняволеных складала працоўныя каманды, якія былі створаны для работ на прадпрыемствах горада і на торфараспрацоўках, — расказвае камандзір 1-га спецыялізаванага пошукавага ўзвода 2-й спецыялізаванай пошукавай роты 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны старшы лейтэнант Аляксей КУЦУК. — Кулявыя адтуліны на чалавечых касцях, чэрапы з характэрнай прыкметай удару прадметам у скроневую долю сведчаць аб тым, што ў лагеры людзей знішчалі. Але мяркуючы па паднятых астанках, гэтая частка складала невялікую колькасць ваеннапалонных. Большасць вязняў, хутчэй за ўсё, загінула ад голаду, холаду і хвароб. Вядома, што сутачная норма для ваеннапалоннага лагера складала 50 грамаў баланды з адходаў і невялікі кавалак хлеба. Распаўсюджанай з'явай было пакінуць пад адкрытым небам некалькі дзясяткаў чалавек, якія за ноч ператвараліся ў трупы.

Лагер ліквідавалі самі немцы. Яны вялі дакладны ўлік ваеннапалонных, інфармацыя аб вязнях, якія трапілі сюды на пачатку вайны, захавалася. У 1943-м, калі стала зразумелым, што, хутчэй за ўсё, перамога будзе не на іх баку, дакументацыю пачалі знішчаць. Магчыма, удасца знайсці больш-менш поўныя спісы ваеннапалонных «Шталага 382»: работа ў архівах Германіі яшчэ наперадзе.

«Допуск» да раскопак

Калі карэспандэнты «Звязды» выехалі на месца раскопак, работа салдат-пошукавікаў была ў самым разгары. На аб'екце, як называюць чарговае месца раскопак вайскоўцы, задзейнічана 15 чалавек. Большасць з іх — салдаты тэрміновай службы.

Вайскоўцы працуюць у спецыяльным адзенні, якое штодзень дэзынфіцыруецца, у пальчатках. Каб пазбегнуць пападання інфекцый у дыхальныя шляхі, на твары — марлевая павязка. Аказваецца, што некаторыя бактэрыі здольныя захоўвацца ў зямлі дзясяткі, нават сотні гадоў. Каб мінімізаваць магчымасць такога заражэння, адных павязак недастаткова. Таму ў абавязковым парадку салдаты-пошукавікі праходзяць вакцынацыю.

Кожны з вайскоўцаў батальёна вучыцца сапёрнай справе. Толькі на выпадак небяспечнай знаходкі ніхто з пошукавікаў абясшкоджваць яе не будзе. У іх кампетэнцыі — умець адрозніць боепрыпасы або выбухованебяспечнае рэчыва, правільна абысціся з імі да прыезду сапёраў.

Вызначыць экспертыза

Забітых і памерлых ад голаду і хвароб вязняў «Шталага 382» хавалі ў ячэйках два на два метры. Глыбіня іх розная. На думку Аляксея Куцука, верагодна, гэта звязана з сезоннасцю пахавання. «З гэтай жа прычыны адрозніваецца і колькасць пахаваных у ячэйках, — гаворыць старшы лейтэнант. — У ямах не больш як паўтара метра глыбінёй пахавана да 15 чалавек, у ячэйках каля 2,5 метра ўглыб колькасць пахаваных даходзіць да 80».

Усяго эксгумаваны астанкі 2440 чалавек (на раніцу 28 верасня). У асноўным, яны належаць мужчынам ва ўзросце ад 20 да 40 гадоў. Больш дакладная інфармацыя будзе вядомая пасля экспертызы.

— Візуальна па астанках можна вызначыць узрост і пол чалавека, — расказвае сяржант Аляксей Міхайлоўскі, фельчар па прафесіі. — Узрост падкажуць швы на чэрапе, крыж — ніжняя частка пазваночніка. Больш вопытныя ўрачы могуць вызначыць узрост па пазванках. Якога полу быў чалавек, раскажа будова шкілета, а таксама форма таза. Па памеры косткі можна меркаваць, гэта астанкі дарослага чалавека або дзіцяці.

Знаходкі як падказка

Дадатковую інфармацыю аб чалавеку могуць даць і суправаджальныя знаходкі. Гузікі ад абмундзіравання, спражкі ад рыштунку, раменныя спражкі, прадметы салдацкага быту, знойдзеныя на месцы канцлагера, пацвярджаюць, што большасць вязняў (калі не ўсе) з'яўляліся ваеннаслужачымі Чырвонай Арміі. Аб тым, што тут адназначна ўтрымліваліся ваенныя людзі, сведчаць і так званыя смяротныя медальёны. На вялікі жаль, знойдзена іх усяго 35 (на 28 верасня). Пакуль удалося ўстанавіць толькі сем імёнаў.

Але вядомых салдат магло б быць значна больш: згодна з загадам Дзяржаўнага камітэта абароны СССР ад сакавіка 1941 года, кожны вайсковец абавязаны быў мець пры сабе медальён. Але трэба ўлічваць, што людзі знаходзіліся ў лагеры для ваеннапалонных, дзе ўсе рэчы канфіскоўваліся. Можна толькі здагадвацца, якім чынам вязням удалося захаваць гэтыя медальёны. І тое некаторыя з іх аказаліся пустымі. У іншых укладыш застаўся, але чысты: па салдацкім павер'і запоўнены азначаў не вярнуцца з вайны. У канцы 1942 года на змену «смяротным медальёнам» прыйшлі чырвонаармейскія кніжкі. 70 гадоў — дастатковы тэрмін, каб знішчыць паперу.

— Самая галоўная для нас знаходка — маленькая эбанітавая капсула, — прызнаецца камандзір спецыялізаванага пошукавага ўзвода. — І пажадана запоўненая. Тым больш, адзін «смяротны медальён» часам дапамагае ўстанавіць лёс нават не аднаго байца. Напрыклад, не так даўно мы працавалі на шпітальным пахаванні ў Гомельскім раёне. Паднялі астанкі 69 байцоў. Быў знойдзены толькі адзін медальён. Але ўстанавіўшы імя салдата, удалося адшукаць спіс амаль усіх пахаваных там чырвонаармейцаў.

***

Астанкі 1650 вязняў «Шталага 382» ужо перададзены мясцовым органам улады. З пашанаю іх перапахавалі на Елісееўскіх могілках Барысава. На мемарыяльнай пліце, якая з'явіцца на брацкай магіле па завяршэнні пошукавых работ, будуць нанесены ўстаноўленыя імёны. І, калі ўсё задуманае атрымаецца, на ўрачыстай цырымоніі перапахавання будзе прысутнічаць не толькі праўнучка аднаго з палеглых вязняў, якую ўжо адшукалі ў Расіі, а і сваякі іншых — ужо вядомых — салдат. А іх, на шчасце, становіцца ўсё больш.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фо­та Над­зеі БУ­ЖАН

Загаловак у газеце: «Шталаг 382»: доказы злачынства

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.