Вы тут

Экслібрыс "Звязды". Кандрат Крапіва. На вастрыі


Кандрат Крапіва. На вастрыі: п'есы, апавяданні, вершы і байкі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2016. — 383 с.

Яшчэ са школьнай праграмы па літаратуры многія з нас памятаюць трапныя выслоўі з баек К. Крапівы. «Каб сонца засланіць — вушэй асліных мала», «Другі Баран — ні «бэ», ні «мя», а любіць гучнае імя», «Да славы прагныя, ды вузкія ў плячах» — гэтыя і іншыя выразы, што сталі крылатымі, трывала ўвайшлі ў нашу мову. Не дзіўна таксама, што байкі Кандрата Крапівы ўжо шмат дзесяцігоддзяў застаюцца пэўнага кшталту «хітамі» школьных спісаў вершаў для завучвання на памяць. Яны смешныя, дасціпныя і лёгка запамінаюцца. Натуральна, іх можна знайсці і ў новым зборніку твораў класіка.


Не абышлі ўвагай укладальнікі (дарэчы, разам з галоўным рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктарам Шніпам над гэтай кнігай працавала і ўнучка Крапівы Алена Атраховіч) і папулярныя п'есы класіка, якія таксама ўжо складаюць залаты фонд нашай драматургіі. Гэта «Хто смяецца апошнім», «Мілы чалавек», «Брама неўміручасці». Але ёсць тут і тэксты, што раней былі досыць рэдкімі. Яны нам адкрываюць невядомыя рысы творчай індывідуальнасці Крапівы.

Гэта, напрыклад, п'еса, якая і дала назву ўсёй кнізе, — «На вастрыі». Яна — на незвычайную і нават крыху нечаканую для спадчыны аўтара тэму медыцыны. Сам пісьменнік жыццё сістэмы аховы здароўя, адметнасці характараў урачоў ды малодшага медперсаналу ведаў добра. Справа ў тым, што п'еса пісалася, калі творца быў у досыць сталым узросце. Яна датуецца 1982 годам, аўтару ў той час было ўжо больш чым 85 гадоў. Крапіва часта ляжаў у шпіталі, а дома пра яго асабліва пільна клапацілася і даглядала нявестка Зоя, урач па прафесіі. Дарэчы, Зоя стала прататыпам адной з гераінь п'есы «На вастрыі», удзячны Крапіва ёй тут адвёў значную ролю палатнай медсястры, нават імя пакінуў нязменным, надзяліў яе неверагоднай уважлівасцю і чуллівасцю ў стаўленні да пацыентаў.

У ліку герояў гэтай п'есы Кандрата Крапівы — не адзін доктар. Іх тут — цэлае хірургічнае аддзяленне на чале з загадчыкам Мікалаем Ракітным і яго памочнікам Алегам Якаўцом. Але ж у цэнтры ўвагі аўтара і чытача апынаюцца пытанні не зусім медыцынскія. Хутчэй жыццёвыя, этычныя. Як заўсёды ў творчасці гэтага драматурга, мы маем справу не проста з героямі, але з пэўнымі характарамі, тыпамі людзей. Вось таленавіты і адораны хірург Віктар Галубовіч, чалавек сумленны, шчыры і адкрыты. Яго калега Барыс Грушэўскі, які час ад часу можа і «схалтурыць». А вось — крыху «слізкі» памочнік «шэфа» Алег Якавец, да якога сыходзіць... жонка Галубовіча, крыху ветраная і павярхоўная Галіна. Лёс складваецца так, што праз некаторы час, калі сардэчныя раны ўжо мусяць амаль загаіцца, Якавец трапляе ў сваё ж аддзяленне, але ўжо ў ролі пацыента з моцна запушчанай язвай ці апендыцытам (урачам яшчэ трэба паставіць правільны дыягназ); яго жыццю пагражае небяспека, лёс залежыць ад майстэрства хірурга. Натуральна, і былая жонка, і загадчык аддзялення такую складаную і жыццёва важную аперацыю ўскладаюць на плечы самага таленавітага ўрача — у былым падманутага мужа Віктара Галубовіча.

Як бачым, страсці тут сапраўды кіпяць, а героі звязаныя паміж сабой яшчэ больш цеснымі повязямі, чым у бразільскіх серыялах. Крапіва ўмее ліха закруціць сюжэт, ды і да расчаравання чытача, фінал пакідае амаль адкрытым. А яшчэ ён паказвае, што людзям прасцей прытрымлівацца кепскай думкі нават пра самага праўдзівага чалавека, таленавітага ўрача, чым прыняць яго высакароднасць і абсалютную непрадузятасць у справе лячэння людзей. На вялікі жаль, хворага Якаўца ўратаваць не ўдалося... Але ці ўдасца наладзіць сямейнае жыццё Галубовічу? А вось на гэтае пытанне драматург нам не дае пэўнага адказу.

Дарэчы, асобныя рысы творчага почырку Крапівы ярка праяўляюцца і ў апавяданнях, што ўвайшлі ў новы зборнік. Гэта, напрыклад, уменне расстаўляць акцэнты і звяртаць увагу на пазітыўныя моманты, народны, натуральны для беларусаў гумар і неверагодная назіральнасць. Здаецца, ніводная дэталь не застанецца без увагі аўтара, будзе дакладна акрэслена і пастаўлена на сваё месца ў агульнай нітцы расповеду. Думаецца, менавіта за гэтыя рысы Кандрат Крапіва і палюбіўся многім пакаленням беларускіх чытачоў.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Кандрат Крапіва, доктар медыцыны

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.