24 Верасень, панядзелак

Вы тут

«Да салісткі нашай Галі ўчора хлопцы прыязджалі...»


Што было — было. У адной вельмі інтэлігентнай сям'і дачушка расла, і бацькі з усіх сіл стараліся смачненька пакарміць яе, прыгожанька прыбраць, звазіць да мора, нечым зацікавіць — музыкай, танцамі, вязаннем, маляваннем, гімнастыкай, замежнымі мовамі, а галоўнае — за-сце-раг-чы ад рознага негатыву, а тым больш распусты: шмат куды не пускалі яе, многае не дазвалялі, самі выбіралі сяброў і сябровак. І, як здавалася, не дарэмна — усё ў іх атрымалася, 18 дачушцы! Разам адсвяткавалі. Потым яна (ужо ж дарослая!) да сябровак падалася — на гадзінку-другую. А тут ужо і трэцяя прайшла, і чацвёртая, і ноч на дварэ...


Бацькі знерваваліся, усе тэлефоны абарвалі, вочы прагледзелі! Як раптам — званок у дзверы. Адчыняюць — іх дзіця на парозе. А ўжо ж растрапанае, зацалаванае, шчаслівае...

— Дзе ты была?! — бацькі ў адзін голас. — Чым займалася?!

Дачка ім шчыра, як на споведзі:

— Я не ведаю... Але ж гэта будзе маім хобі на ўсё жыццё.

Спытаеце, прычым тут наш здымак? А ні пры чым — проста навеяла, як той казаў. Як спадару Анатолю Гарачову з вёскі Даўнары Іўеўскага раёна іншы анекдот. Баба Яга каля возера сустракае Русалку. Пытае: «Мілачка, а чаму ты голая?» — «Хто вам сказаў, што голая? — з форсам адказвае тая, — на мне — эратычны касцюм». «І сапраўды, эратычны, — думае Баба. — Трэба і мне прыбрацца?» Адзелася (дакладней — раздзелася). Прыходзіць Кашчэй, пытае: «Чаму ты голая?» Баба, як тая русалка: «Гэта не галізна... Гэта касцюм такі — эратычны». «Дык нешта ж ён не прасаваны?», — кажа Бессмяротны... І тым самым падказвае спадару Анатолю выснову, якая лёгка можа стаць подпісам да здымка:

Зменьваць строі ды уборы

З кожным тыднем даражэй...

Таму Соні да Рыгора

Лепш хадзіць у негліжэ.

І сапраўды. А тым больш, калі ведаеш...

У Армянскага радыё спыталі, як зрабіць уражанне на жанчыну. Яно адказала: гаварыце ёй кампліменты, дарыце кветкі, вадзіце ў рэстараны, купляйце падарункі, абдымайце яе, падтрымлівайце, слухайце... Як зрабіць уражанне на мужчыну? Распраніцеся і дайце што з'есці.

З першым (маецца на ўвазе, вядома ж, не страва) гераіня верхняга здымка, можна сказаць, справілася: з адзення на ёй хіба крыха засталася. Адпаведна, усе мужчыны...

Хацелася б сказаць: «У асадак выпалі!» і «Знямелі», але ж гэта паўпраўдай будзе, бо ў асобных мужчын такі ёсць што сказаць:

Як бачым, нават у сяле

Такое ў модзе дэфіле,

Каб голы верх і босы ніз...

Стрыптыз

І ў Афрыцы стрыптыз, —

канстатуе спадар Анатоль Гарачоў. Спадар Іван Астроўскі з Мінска дадае:

Калі плаваннем займацца

І пры доме ёсць гарод,

Можна смела агаляцца

І фігурай выхваляцца —

Дні і ночы напралёт.

Добра, згадзіцеся, калі ёсць перад кім — выхваляцца. Асабліва па начах.

Адкуль гэтая выснова? Ды як заўжды — з канверта, і зрабіў яе спадар Гарачоў, якому, падобна, пашчасціла пачуць, а потым і запісаць маналог адной прыгажуні. Тая казала сваёй прыяцельцы:

Калі я жыла ў Максіма,

Мяне ветрыкам насіла...

Калі ў Яна і Адама —

Худзенькай была таксама...

Не з-за плавання з дыетай,

Усяму віною... ГЭТА:

Хочаш быць, як верабей, —

Мужыкоў мяняй часцей!

Спрэчная выснова. І можна было б пакінуць яе калі не па-за ўвагай, то без каментарыяў. Але ж ёсць адзін (у спадара Астроўскага). І напісаны ён не пра нейкую там абстрактную прыгажуню, а вось пра гэтую, з фота:

Файны ракурс! Ды чагосьці

Здымку яўна не стае:

Можа, дзеўцы маладосці?..

Мо цара у галаве?

А вось прыяцелькі яе, трэба разумець, «з царом»?! Бач, як хораша выглядаюць — папрыбіраліся! Ім бы музыку — дык і ў скокі пайшлі б, прычым з новай прыпеўкай (ад спадарыні Любові Чыгрынавай з Мінска):

Кажуць, пень прыбяры —

Ён пахарашэе,

А бабулі падмаргні —

Дык памаладзее!

І што тады зробіць? Як мінімум, на гэтую прыпеўку адкажа сваёй (ад спадара Гарачова):

Прападай мае каноплі —

Узгадаю маладосць:

Выступаю сёння топлес,

Каб сагнаць на мужа злосць.

Чым канкрэтна ён жонцы не дагадзіў, ведае спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў:

На банкет схадзіла Рада,

І цяпер сама не рада:

Муж (ну ці ж не дурнаваты?):

У чым была — адправіў з хаты!

Адзенне, трэба разумець, дома засталося?

Але ж гэта не факт, як той казаў. Бо падзеі маглі развівацца зусім па-іншаму. Паводле спадарыні Соф'і Кусянковай з вёскі Лучын Рагачоўскага раёна:

Да салісткі нашай Галі

Ўчора хлопцы прыязджалі.

І цяпер не сцяміць Гала,

Што піла і як гуляла —

Дзе сукенка?

Ў што абута?

Ох, і будзе ў вёсцы чутак...

Шчасце: ёсць расолу гляк!

Можа, знойдзе й андарак?

Тут дзве заўвагі дарэчы — ад спадарыні Чыгрынавай. Першая:

Каб раней прадрала вочы,

Прашмыгнула б ціха ўночы...

І не ведала б тады

Гэткай ганьбы і бяды.

Другая:

Во артысткі — усе, як штык...

А мастацкі кіраўнік

Без памады, не прыбрана:

«У аблом» падняцца рана...

Што ж, сустракаюцца, на жаль, такія кіраўнікі...

Але вернемся да андарака, паводле слоўніка — да паласатай альбо клятчастай спадніцы, некалі — саматканай: доўгай і цёплай, як трэба разумець, а калі яшчэ і з кішэнькамі...

Цікава, ці ёсць такія ў продажы? Варта б купіць. А потым блузку да яе — з вышыўкай, з доўгімі рукавамі... Бо гэта ж (паглядзіце на здымак) не толькі прыгожа, але яшчэ і... выгадна. Ва ўсякім разе спадар Васіль Мірончык з Бабруйска кожнай з дзевак-маладзіц раіць:

Прыбірайся ў вышыванку

І...

падчэпіш хлопца Янку:

Голым целам грэх свяціць,

Ды й нікога не здзівіць.

Што праўда, тое праўда: можа, таму, што прымільгалася яно — голае? «Не ведаю, як іншыя, — піша спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў, — а мне дык у памяці часы, калі песні даносіла радыё, калі папулярнасць іх залежала ад мелодыі і вершаў, ад голасу выканаўцаў. З наступленнем эры тэлебачання ўсё змянілася. Нашы спевакі і спявачкі сталі выходзіць на сцэну з падтанцоўкай, і чалавек тады часам не ведае, ці тое песню слухаць, ці на «групу падтрымкі» глядзець, бо там такія фігуры, такія... «эратычныя касцюмы».

Як трэба разумець, менавіта гэтае назіранне прадыктавала спадару Валерыю наступныя радкі:

Ёсць жаданне

песні пець!

Ды ў ваганнях Нюра:

Чула:

можна талент мець

І пры гэтым — «праляцець».

З дрэннаю фігурай.

А вось з добрай альбо нейкай цікавінкай, — наадварот. «Я даўно ўжо прыкмеціў, што на «Еўрабачанні» поспеху дасягаюць асобы альбо калектывы, якія дэманструюць нешта арыгінальнае, адметнае: «Буранаўскія бабулі» — свой аптымізм і непаўторныя строі, дзеўка з Аўстрыі — бараду... Дык, можа, і нашым артысткам штось падобнае «выкінуць»? — пытае спадар Мікалай Старых з Гомеля і нават прапануе:

Нейк з Буранава бабулі

«Еўрабачанне «абулі»:

Іх высока ацанілі,

Усёй Еўропай палюбілі...

Чым жа нашым свет здзівіць?

Можа, голую кабету

Ў падтанцоўку залічыць?

Падобныя думкі і ў гамяльчанкі спадарыні Раісы Васільевай:

Зараз выйсці на эстраду

Модна проста... з голым задам.

І ёсць шанцы — гэты «ўбор»

Можа выклікаць фурор!

Дык ці варта тады здзіўляцца, што

У бок эстрады робяць зрухі

І ў ансамблі «Весялухі»,

Лічаць: мала праспяваць,

Трэба й грудзі паказаць.

Пра іх яшчэ адзін анекдот дарэчы: у новага беларуса тры дзеўкі былі, думаў, з якой гэта лёс звязаць? Вырашыў кожнай даць па тысячы долараў і паглядзець, як патрацяць. Першая накупляла сабе сукенак, рознай парфумы, касметыкі... Сказала: «Калі пажэнімся, табе ўсе пазайздросцяць, бо твая жонка будзе самай стыльнай». Другая з дзяўчат усе грошы патраціла на патэнцыйнага жаніха. Сказала: «Я на цябе жыццё пакладу, ты ў мяне будзеш самым дагледжаным, самым стыльным». Трэцяя з кандыдатак у нявесты тую прапанаваную тысячу ўклала ў свой бізнес, атрымала важкі прыбытак і сказала, што разам яны горы змогуць звярнуць... Усіх халасцяк той выслухаў і такі ж ажаніўся. Каторую, спытаеце, узяў. Ды тую, у якой грудзі большыя. Бо гэта, як сведчыць спадар Віктар Трайкоўскі з Мінска, таксама важна:

Пры парадзе маладзіцы —

Час да клуба выпраўляцца.

Толькі Мар'ечка нудзіцца,

Бо не мае ў што прыбрацца...

— Ды не трэба табе строяў! —

Найстарэйшая тут кажа, —

Ты наш поспех, можа, ўтроіш,

Як стрыптыз усім пакажаш.

Хоць гэта здараецца і міжволі. «Неяк у канцы навучальнага года заходжу я ў клас, — успамінае спадарыня Валянціна Гудачкова, — а там адны дзяўчынкі. Пытаюся, дзе ж нашы хлопцы, і чую, што яны пайшлі на возера пакупацца (гэта блізка зусім), а нехта ўзяў ды іхняе адзенне схаваў». Адкуль:

Гэта шчасце — знала Каця —

У спякоту пакупацца...

Толькі хтось пажартаваў

І яе сукенку «скраў».

Дзеўкам — смех,

А голай — гора:

Правароніла уборы.

Што, вядома, не падстава для вялікага засмучэння, бо яно ж будзе горш, калі, напрыклад,

Не дай Бог убачыць Лена

Абадранае калена,

Цэлюліт і варыкоз...

А пакуль — не трэба слёз!

Вось гэтым аптымістычным заклікам ад спадара Гарачова і можна было б завяршыць агляд конкурснай пошты. Але ж папярэдне трэба падвесці вынікі. Такім чынам паводле меркаванняў вялікага чытацкага журы найлепшыя подпісы да здымка з рупліўцам з «Брэстэнерга» («Звязда» за 10 жніўня г.г.) прыдумалі спадарыні Любоў Чыгрынава з Мінска, Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў, Галіна Пятроўская са Смаргоншчыны, Алена Кулік з Валожыншчыны, мінчане сужэнцы Астроўскія, спадары Васіль Мірончык з Бабруйска і Валерый Гаўрыш з Чавусаў. З гэтым, апошнім меркаваннем, пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. А таму менавіта ў Чавусы накіроўваецца прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на першы квартал наступнага года.

Вы не паспелі падпісацца на гэты? Рызыкуеце, але ж сёння ўсё яшчэ можна паправіць... Як і пачаць прыдумваць новыя подпісы да новага здымка. Поспехаў вам!

Валянціна Доўнар

Фота Анатоля Клешчука

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.