Вы тут

У Англіі раздалі «шнобеляў»


У Гарвардскім універсітэце дваццаць шосты раз прайшла штогадовая цырымонія ўзнагароджання Ігнобелеўскай прэміяй. Заснаваў яе ў 1991 годзе Марк Абрахамс, галоўны рэдактар і сузаснавальнік навукова-гумарыстычнага часопіса «Аналы неймаверных даследаванняў», і з таго часу цырымонія стала адной з самых чаканых падзей у навуковым календары.


Назва «Ігнобелеўская» — калька з англійскай Іg Nobel, дзе Іg — скарочанае «іgnoble», гэта значыць «ганебны», «пасрэдны», на тэрыторыі былога СССР яе часцей называюць Шнобелеўскай, гэта значыць «жартоўнай Нобелеўскай». У прэміі дзесяць намінацый, частка з якіх запазычаныя з Нобелеўскай прэміі, а частка прыдумляецца па ходзе справы — у залежнасці ад таго, у якой галіне навукі за мінулы год здарыліся асабліва выдатныя «шнобелеўскія» адкрыцці. «Ігнобелеўскія» прэміі ўручаюць лаўрэаты Нобелеўскай, а сама цырымонія ўяўляе сабой нешта накшталт карнавалу з жартоўным аркестрам, опернымі спевамі, здзеклівымі дакладамі і г. д. Як і летась, кожны намінант атрымаў ва ўзнагароду 10 трлн долараў, праўда зімбабвійскіх.

Як адзначае партал nkj.ru, Ігнобелеўская прэмія нярэдка ўручаецца за вельмі сур'ёзныя, вельмі нясмешныя і вельмі лжэнавуковыя даследаванні — так, «шнобелеўку» двойчы атрымлівалі гамеапаты. У той жа час цяперашнія правілы прэміі абвяшчаюць, што яе ўручаюць «за дасягненні, якія прымушаюць спачатку засмяяцца, а потым — задумацца». Бываюць такія працы, якія выкананы па ўсіх правілах навуковага метаду, аднак сама пастаўленая ў іх праблема выглядае настолькі ва ўсіх сэнсах дзіўнай, што незразумела, як яна наогул камусьці ў галаву прыйшла. І цалкам магчыма, што, пасмяяўшыся, мы потым задумаемся — а ці няма тут і сапраўды чагосьці большага?

Бясспрэчна, галоўнай сенсацыяй гэтым разам стала першае ў гісторыі прысуджэнне Шнобелеўскай прэміі ў намінацыі «Хімія» нямецкаму аўтамабільнаму гіганту Volkswagen. Скандал, у выніку якога ўвесь свет даведаўся, як канцэрн хімічыў з выкідамі сваіх дызельных аўтамабіляў, каб тыя адпавядалі амерыканскім экалагічным стандартам, разгарэўся роўна год таму і пасля абышоўся аўтагіганту ў 14,7 млрд долараў ЗША. Цікавы быў ход інжынернай думкі інжынераў Volkswagen: калі ў машыны круціліся толькі пярэднія колы, бартавы камп'ютар разумеў, што машына стаіць на стэндзе, і зніжаў выкід аксіду азоту ў атмасферу. Апынуўшыся на дарозе, машына вярталася ў звычайны рэжым, не абмяжоўваючы сябе ў выкідах.

Прэмію па эканоміцы атрымала група аўтараў пад кіраўніцтвам Марка Эйвіса з Новай Зеландыі за артыкул, у якім ацэньваецца «індывідуальнасць» камянёў з пункту гледжання іх рынкавага кошту, які ўспрымаецца чалавекам.

Прэмію па медыцыне атрымалі даследчыкі з універсітэта нямецкага горада Любека. У сваім эксперыменце яны паказалі, як з дапамогай люстэрка чалавек можа суняць сверб. Пры дапамозе адмысловага раздражняльніка навукоўцы выклікалі ў добраахвотнікаў сверб на адной руцэ, пасля чаго ставілі перад імі люстэрка. Аказалася, што калі свярбіць левая рука і, гледзячы ў люстэрка, пачухаць правую, то сверб праходзіць.

Прэмія ў незвычайнай намінацыі за размнажэнне дасталася прафесару Каірскага ўніверсітэта Ахмеду Шафіку. Егіпецкі вучоны яшчэ ў 1992 годзе ў пошуках новых метадаў кантрацэпцыі прымусіў 14 мужчын падоўгу насіць спецыяльна пашытыя для іх трусы з паліэстару. На шчасце для мужчын, у іх да таго часу ўжо было ад 3 да 7 дзяцей. Па сканчэнні 12 месяцаў бесперапыннага нашэння бялізны ва ўсіх мужчын была зафіксавана адсутнасць сперматазоідаў у сперме. «Азааспермія знікла пасля зняцця падвескі, і пяць пар, якія планавалі зацяжарыць, змаглі зачаць дзіця», — прыйшоў да здавальняючых вынікаў прафесар. Раней у эксперыментах егіпцяніна аналагічным пакутам падвергліся пацукі.

Прэмія міра прысуджаная канадскім даследчыкам, якія не пашкадавалі некалькіх соцень добраахвотнікаў, каб на іх вопыце даследаваць, як людзі ўспрымаюць лухту. Яны высветлілі, што людзі па-рознаму ўспрымаюць рознага роду глупства, для чаго ім спатрэбілася правесці чатыры розныя даследаванні.

Прэмію па фізіцы атрымала вялікая група навукоўцаў з Еўропы за адкрыццё і тлумачэнне таго факта, што сляпні лічаць за лепшае не звязвацца з коньмі белай масці. Нягледзячы на тое, што белыя коні часцей пакутуюць на рак скуры з-за адчувальнасці да ўльтрафіялету, яны радзей заражаюцца хваробамі, якія перадаюцца крывасысучымі насякомымі. У гэтым даследаванні навукоўцы паказалі, што сляпень арыентуецца ў пошуках ахвяры па адбітым ад валасянога покрыва палярызаваным святле. Аўтары работы прыйшлі да высновы, што сляпні з нейкай прычыны аддаюць перавагу палярызаванаму святлу ад жывёл цёмнай масці. Прэмію падзялілі навукоўцы, якія даказалі, што з-за эфектаў палярызацыі стракозы адчуваюць імкненне да цёмных гранітных магільных пліт.

Лаўрэаты прэміі ў галіне псіхалогіі правялі апытанне 1005 чалавек ва ўзросце ад 6 да 77 гадоў, каб ацаніць, як жаданне хлусіць змяняецца з узростам. Пасля апрацоўкі вынікаў апытання аказалася, што лепшыя ашуканцы — гэта маладыя людзі і дзеці. З узростам жаданне гаварыць няпраўду значна зніжаецца. Гэта значыць, аўтары даследавання задалі пытанні тысячы лгуноў, каб зразумець, як часта тыя хлусяць.

Прэмія па літаратуры дасталася скандынаўскаму пісьменніку Фрэдэрыку С'ебергу. У сваёй трохтомнай аўтабіяграфічнай кнізе ён апісаў, як атрымлівае задавальненне ад калекцыяніравання ўжо мёртвых і збору яшчэ жывых мух.

Прэмію ў намінацыі «Успрыманне» атрымалі японскія прыродазнаўцы пад кіраўніцтвам Атсукі Хігашыямы. Іх цікавілі асаблівасці ўспрымання людзьмі адлегласці да прадметаў і іх памераў у залежнасці ад умоў назірання. Пры гэтым іх навуковы інтарэс прыцягнула становішча, у якім чалавек нахіляецца і глядзіць на выдаленыя прадметы паміж уласных ног.

Прэмія па біялогіі прысуджаецца Чарльзу Фостэру і Томасу Туэйтсу сумесна за вельмі глыбокае пагружэнне ў свае даследаванні. Першы жыў на прыродзе як просты барсук, выдра, алень і ліс. Чарльзу нават неяк удалося пабыць у ролі птушкі. Аднак Томас Туэйтс вырашыў пайсці далей за свайго калегу. Ён у літаральным сэнсе вырашыў стаць казлом. Туэйтс замовіў сабе пратэзы, якія імітуюць казліныя капыты, і адправіўся ў швейцарскія Альпы. У якасці абароны галавы Томас выкарыстаў абцякальны веласіпедны шлем. Правёўшы тры дні сярод рагатых жывёл, Туэйтс многае даведаўся пра казліныя звычкі і жыццё на высакагор'і.

Як адзначае gazeta.ru, для тых, хто не зразумеў сэнсу або пастаноўкі эксперымента, па правілах шнобелеўскага камітэта ладзяцца лекцыі ў Масачусецкім тэхналагічным інстытуце, у ходзе якіх «шнабеліяты» раскажуць аб сваіх адкрыццях.

Іван КУПАРВАС

hvir@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ці лёгка быць... казлом?

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.