Вы тут

Апавяшчальнікі чаднага газу стануць абавязковымі не для ўсіх


У краіне нярэдкія выпадкі, калі чадным газам атручваюцца цэлыя сем'і. Дастаткова прыгадаць рэзанансную трагедыю ў Барысаве, якая адбылася ў студзені, калі СО забраў жыцці шасці чалавек. Тады ж на Століншчыне ўчадзела сям'я з пяці чалавек. У чэрвені ў бальніцу з гэтай нагоды патрапілі тры чалавекі ўжо на Валожыншчыне. Два апошнія выпадкі, на шчасце, абышліся без чалавечых ахвяр. Але як жа папярэдзіць такія гісторыі?


— Была створана рабочая група з прадстаўнікоў Мінэнерга, Белпалівагаза, МНС, Дзяржпрамнагляду і ЖКГ па разглядзе змяненняў у правілах карыстання газам у побыце, — паведаміў галоўны інжынер сектара тэхінспекцыі ўпраўлення сістэм газазабеспячэння Белпалівагаза Ігар Петрык. — Адной з навацый стане абавязковая ўстаноўка апавяшчальнікаў чаднага газу ў тых жылых памяшканнях, дзе выкарыстоўваецца газавае абсталяванне.

Трэба адзначыць, што аўтаномны пажарны апавяшчальнік і апавяшчальнік чаднага газу — гэта не адно і тое ж. Апарат, які рэкамендуюць устанаўліваць ратаўнікі, фіксуе газы гарэння, а апавяшчальнік чаднага газу падае сігналы, калі ў памяшканні знаходзіцца CO.

Існуюць апараты і больш дасканалыя за просты апавяшчальнік. Адмысловы сігналізатар можа даваць сігнал на цэнтральны дыспетчарскі пункт ці на прыбор на газапровадзе, які спыніць падачу паліва. Але ён каштуе даволі дорага для насельніцтва. І таму яны з'явяцца на камунальна-бытавых аб'ектах.

— Апавяшчальнік чаднага газу каштуе каля 22 рублёў, — працягвае Ігар Петрык. — Хутчэй за ўсё, будзе ўстанаўлівацца за кошт гаспадароў кватэр. Мяркуецца, што новыя правілы запрацуюць яшчэ сёлета.

Адно з ключавых правілаў эксплуатацыі газавага абсталявання — гэта абавязковая вентыляцыя. Спецыялісты адзначаюць, што людзі пра гэта перыядычна забываюцца. Непакоіць іх і масавы пераход на шклопакеты: праз старыя драўляныя рамы невялікі паветраабмен адбываўся ўсё ж пастаянна.

Яшчэ адной болевай кропкай стала выкарыстанне газавых калонак у буйных гарадах. Калісьці яны здаваліся сапраўдным тэхнічным дасягненнем. Цяпер жа, у эпоху масавага цэнтралізаванага гарачага водазабеспячэння, здаюцца архаізмам, да таго ж небяспечным пры няправільнай эксплуатацыі.

— На жаль, поўнасцю адмовіцца ад іх выкарыстання нельга, — сцвярджае намеснік генеральнага дырэктара па эксплуатацыі жыллёвага фонду і вытворчых пытаннях ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Юрый Кукашук. — Пры складанні праектна-каштарыснай дакументацыі на капітальны рамонт мы імкнёмся перавесці дамы на цэнтралізаваную сістэму гарачай вады, але тэхналагічна магчыма гэта не паўсюдна. Не заўсёды гэта правільна і з эканамічнага пункту гледжання. Разам з тым мы разглядаем пытанне замены газавых калонак электрычнымі воданагравальнікамі.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.