Вы тут

Валерыя Кліцунова: "Беларусь магла б стаць "славянскай Італіяй"


Аграэкатурызм у нашай краіне афіцыйна пачаў сваё развіцце яшчэ ў 2002 годзе. З таго часу ў Беларусі ўзнікла ўжо больш за 2 тысячы турыстычных сядзіб. Фарміруюцца турыстычныя кластары са сваёй унікальнай спецыфікай і нацыянальным каларытам. Старшыня праўлення грамадскага аб'яднання «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова падчас анлайн-канферэнцыі на партале Саюзнай дзяржавы адзначыла, што, нягледзячы на негатыўныя эканамічныя з'явы, аграэкатурызм знаходзіцца ў пастаянным прыросце. Пры гэтым у згаданай сферы засталося яшчэ шмат задум, якія нашай краіне можна і трэба рэалізаваць, бо для гэтага сёння ёсць усе ўмовы.


Не канкурыраваць, а кааперавацца

Па словах Валерыі Кліцуновай, за 14 гадоў існавання аграэкатурызму, многія прадстаўнікі сферы ўсё яшчэ працуюць над новымі нацыянальнымі прадуктамі і кірункамі, якія б прыкметна вылучалі нас на фоне суседзяў. «Актыўна работа вядзецца і над стварэннем беларускага варыянта сельскага турызму. Прычым упор цяпер робіцца не на канкурэнцыю паміж суб'ектамі гаспадарання, а на кааперацыю. Многія разумеюць, што сёння важна аб'ядноўвацца пад адным брэндам і выпрацоўваць свой унікальны для пэўнага рэгіёна прадукт», — патлумачыла Валерыя Кліцунова. У абстаноўцы ідэйнай кааперацыі, а аграэкатурызм — гэта, перш за ўсё, зона свабодных ініцыятыў і крэатыву, ствараюцца і «зялёныя маршруты» і ўнікальныя турпрадукты.

Галоўнае — захаваць правілы гульні

Паспяховасць сферы аграэкатурызму вымяраецца колькасцю суб'ектаў гаспадарання, якія прыходзяць на гэты рынак. Але ў гэтым хаваецца і праблема, лічыць Валерыя Кліцунова.

«Ёсць рызыка, што новыя ўдзельнікі рынку могуць аказваць няякасныя паслугі. Мы ведаем, што такія рызыкі мінімальныя, але ў эпоху інтэрнэту хібы становяцца здабыткам грамадскасці, што кідае цень на ўсю галіну», — заўважыла кіраўнік аб'яднання.

Але не гэта больш за ўсё турбуе прадстаўнікоў сферы. Адна з найважнейшых праблем — захаваць існуючыя правілы гульні, якія ствараюць спрыяльныя ўмовы для развіцця турызму ў краіне. «Наш галоўны дакумент — гэта Указ Прэзідэнта №372 «Аб мерах па развіцці аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь». Дакумент выдатны. Я не ведаю ні адной краіны, дзе быў бы такі ж. Дзякуючы яму ў вёску сталі інвеставаць грошы. Гэта пачаў рабіць і буйны бізнес», — адзначыла Валерыя Кліцунова.

Указ павінен дзейнічаць да 2021 года і мае на ўвазе нязменныя правілы гульні на гэты перыяд. Аднак дакумент часам спрабуюць падвяргаць рэвізіі. Пакуль беспаспяхова. Але гэта турбуе ўдзельнікаў рынку айчыннага турызму.

«Правілы гульні мяняць не трэба таму, што гэта нявыгадна для ўсіх. Аналізуючы рынак турызму падчас эканамічнага крызісу, мы бачым, што спад адбываецца ўсюды акрамя сферы аграэкатурызму. Тут наадварот назіраецца пастаянны рост. Момант крызісу нашы людзі выкарыстоўваюць як магчымасць прыдумляць новыя прадукты, якія ствараюцца не за кошт інвестыцый, а за кошт творчасці», — расказала старшыня праўлення грамадскага аб'яднання «Адпачынак у вёсцы».

Па словах Валерыі Кліцуновай, у Еўропе асноўным арыенцірам для сельскага турызму з'яўляецца Італія. Беларусь магла б стаць «славянскай Італіяй». І для гэтага ў нас ёсць усе перадумовы: прыродны і экалагічны патэнцыял, унікальныя традыцыі, беларуская вёска.

«Мы малавядомыя для еўрапейцаў, а невядомае вабіць. Гастранамічны і экатурызм — гэта нашы асноўныя кірункі, па якіх мы зможам заявіць пра сябе», — падсумавала гутарку Валерыя Кліцунова.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Kryzhevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.