Вы тут

Мінск ужо «праглынуў» каля 200 вёсак


Менш чым за паўтара стагоддзя ў склад цяперашняй сталіцы ўвайшло каля 200 невялікіх населеных пунктаў. Зялёны Луг, Лошыца, Серабранка, Шабаны, Сухарава — у кожнага сучаснага мінчука на слыху назвы гэтых, здавалася б, не такіх старых раёнаў горада. Але з'ездзіць у Лошыцу ці пагасцяваць у Шабанах можна было яшчэ ў другой палове ХІХ стагоддзя — гэта назвы тагачасных вёсак. Паступова самі вёскі, хутары і засценкі зніклі, а тапонімы засталіся. Мы пастараліся разгледзець прасёлачныя дарогі пад тоўшчай асфальту.


Адна карта на 140 гадоў

Дарэчы, даведацца, што знаходзілася на месцы вашага дома або офіса, можна з дапамогай інтэрактыўнай анлайн-карты. Беларускія даследчыкі з дапамогай сучасных тэхналогій стварылі рэсурс, які аб'ядноўвае адразу 6 картаў розных перыядаў — 1874, 1915, 1933, 1964, 1984 і 2016 гадоў — у адну. Як расказаў адзін з аўтараў праекта Аляксандр ЛАЧЫЎКА, увасобіць ідэю ў жыццё было даволі складана. Паміж картамі ёсць істотныя адрозненні, некаторыя аб'екты «перамяшчаюцца ў прасторы» на некалькі соцень метраў. Аляксандр тлумачыць гэта рознымі ўяўленнямі аб форме Зямлі: калі ў ХІХ стагоддзі яна лічылася круглай, то пазней навукоўцы прыйшлі да высновы, што наша планета бліжэй да эліпсоіда. Пагрэшнасці ў пазнейшых варыянтах можна растлумачыць нізкай якасцю друку. Напрыклад, складальнікі той жа самай карты 1915 года, якія займаліся сваёй справай падчас Першай сусветнай вайны, з-за асаблівасцяў перыяду былі абмежаваныя ў сродках і магчымасцях. Лёгкае патуранне картографаў і неакуратнае выкананне — занадта тоўстыя лініі (дарогі атрымліваліся шырынёй 15—20 метраў) — таксама неспрыяльна ўплывалі на якасць.

Ключавыя кропкі, па якіх сумяшчаюцца карты, — гэта рэлігійныя збудаванні, могілкі і чыгунка. Вызначэнне месцазнаходжання храма часцей за ўсё вельмі дакладнае, бо крыж — умоўная адзнака — ставіцца звычайна менавіта там, дзе знаходзіцца алтарная частка. Калі ж на абраным участку няма ніякіх знакавых аб'ектаў, звяраюцца перакрыжаванні прасёлкавых дарог.

Пасля асваення касмічнай прасторы дакладнасць картаў значна павысілася. Дакумент 1964 года ўжо ўяўляе сабой здымак з космасу. З 1963 па 1973 год у межах амерыканскіх разведвальных праграм «Карона» і «Лан'ярд» шпіёнскія спадарожнікі кружылі над планетай і фатаграфавалі гарады, асаблівую ўвагу надаючы, вядома, Савецкаму Саюзу. За гэты перыяд спадарожнік праляцеў над Мінскам каля 10 разоў і, адпаведна, вельмі падрабязна яго адлюстраваў. На выяве можна разгледзець не толькі манументы або будынкі, але нават і паркавыя дарожкі. Менавіта здымак 1964 года паказвае, як у сталіцы з'яўляліся першыя мікрараёны, новы тып забудовы — панэльныя дамы, кардынальна змянялася аблічча цяперашніх вуліц Розы Люксембург і Талбухіна, пачалося ўзвядзенне Чыжоўкі.

Для таго, каб рэалізаваць праект, яго стваральнікі старанна вывучылі ўсе карты, вызначыўшы месцазнаходжанне кожнай вёскі ў акрузе або ўжо ў складзе Мінска. Дарэчы, некаторыя варыянты картаў да гэтага часу засакрэчаныя. Уся работа заняла паўгода, аднак праект яшчэ нельга назваць завершаным. У найбліжэйшых планах даданне яшчэ трох картаў: дэталёвай карты Мінска 1929 года, на якой адзначаны не толькі назвы вёсак, але і месцазнаходжанне асобных дамоў; нямецкая карта 1944 года, якая стваралася на базе савецкіх картаў, аднак была ўдакладнена пры дапамозе ваеннай аэрафотаздымкі і карта 1996 года, якая ўтрымлівае ў тым ліку і звесткі аб вышынях.

Захаваць нельга забыць

Даследчык гісторыі горада Мінска, выкладчык БДЭУ Іван САЦУКЕВІЧ адзначыў, што пераломным момантам у гісторыі Мінска сталі 1870-я гады. Менавіта тады праз горад была пракладзена спачатку Маскоўска-Брэсцкая, а пасля і Лібава-Роменская чыгунка. Пасля гэтага горад пачаў імкліва разрастацца. Калі ў канцы ХVІІІ стагоддзя тэрыторыя Мінска складала ўсяго паўтара на паўтара кіламетра, то праз сто гадоў горад узбуйніўся ў 10 разоў: колькасць насельніцтва, напрыклад, з 9 тысяч чалавек павялічылася да 90 тысяч.

А што з вёскамі? Яны пачалі ўваходзіць у склад горада, аднак істотных змен не перажывалі. Сам Мінск у канцы ХІХ стагоддзя ўвесь быў пераважна драўляным і аднапавярховы, таму ніякага дысанансу не назіралася. Дарэчы, назва «вёска» не зусім дакладная. У сваім першапачатковым значэнні гэта слова азначала месца паселішча прыгонных сялян. І ў наваколлі Мінска іх было ўсяго 7. А вось засценкаў, слабод, хутароў, фальваркаў — безліч.

Значна скарацілася колькасць невялікіх населеных пунктаў у перыяд калектывізацыі. Іх у масавым парадку аб'ядноўвалі ў калгасы, некаторыя — узбуйнялі горад, які рос. Яшчэ адным велізарным выпрабаваннем сталі гады Вялікай Айчыннай вайны: не ўсім вёскам удалося ацалець, многія ніколі так і не былі адноўлены. Пасля вайны — гады актыўнага будаўніцтва. Большасць вёсак з ваколіц сталіцы да гэтага моманту засталася толькі на старых картах. Паспрабуем іх там адшукаць.

Знаходзім на карце 1874 года вёску Сухарава, дарэчы, першыя згадкі пра яе датуюцца яшчэ XVІ(!) стагоддзем. У другой палове ХІХ стагоддзя невялікі населены пункт, на месцы цяперашняга мікрараёна Сухарава-7, складаўся з 13 двароў. А вось на карце 1933 года лічба ўжо зусім іншая — 86 двароў, але і сама вёска «перамясцілася» ў прастору паміж сучаснымі вуліцамі Кавалёва і Семянякі. Гэта адна з вёсак-доўгажыхарак, яна была ўключана ў склад Мінска толькі ў 1992 годзе, а апошнія драўляныя дамкі тут наогул зніклі ўсяго некалькі гадоў таму. Непадалёку знаходзяцца могілкі, на тэрыторыі якіх удалося да цяперашняга моманту захаваць гістарычна значныя курганы. Дарэчы, гэта быў не адзіны населены пункт з такой назвай. У канцы ХІХ стагоддзя на месцы сучаснага мікрараёна Чырвоны Бор-2 быў засценак Сухарава, які складаўся ўсяго з аднаго двара.

Мы не задумваемся над гэтым, але велізарная колькасць месцаў у горадзе носіць назвы, якім ужо не адно стагоддзе. Так сваю гістарычную спадчыну спрабуюць захаваць былыя жыхары ўжо зніклай з твару зямлі вёскі Бараноўшчына. У канцы ХІХ стагоддзя пад гэтай назвай быў вядомы засценак, у сярэдзіне ХХ стагоддзя — невялікая вёска ў 28 двароў. Будаўніцтва буйной магістралі — вуліцы Прытыцкага — паставіла крыж на далейшым існаванні населенага пункта. Аднак тапонім усё ж удалося захаваць — так называецца вуліца і прыпынак транспарту. Аднак неабыякавым зараз ужо гараджанам гэтага здалося недастаткова: яны звярнуліся да ўладаў з прапановай усталяваць валун-помнік і інфармацыйны стэнд на месцы, дзе раней была вёска.

Дзякуючы ініцыятыўным жыхарам раёна ўдалося выратаваць і тапонім Брылевічы. У 1964 годзе краіну захліснула хваля масавых перайменаванняў населеных пунктаў. Так у абсалютна безаблічную Дружбу была перайменаваная вёска Рылоўшчына, якую мы бачым яшчэ на карце 1874 года. Недалёка ад яе, на другім баку ракі Лошыца (супрацьлеглая мікрараёну з такой назвай частка горада) знаходзілася сядзіба буйных князёў Брылеўскіх. Пасля таго, як на гэтай тэрыторыі пачалося ўзвядзенне новага мікрараёна, ён атрымаў ужо замацаваную назву Дружба. Тыя, хто добра знаёмы з гісторыяй гэтага месца, былі абураныя. Бо такую назву можна сустрэць у любым горадзе на постсавецкай прасторы, яна практычна безынфармацыйная, бо нельга ж усур'ёз сцвярджаць, што жыхары гэтага мікрараёна вылучаюцца асаблівымі душэўнымі якасцямі. І гараджане настаялі на тым, каб хоць бы канчатковы прыпынак транспарту перайменавалі ў Брылевічы. Улады паставіліся з разуменнем, а далей спрацаваў усё ж такі прыдатны тут «прынцып дружбы»: перадаючы ад аднаго да другога праўдзівую назву раёна, удалося дасягнуць мэты і замацаваць за ім тапонім Брылевічы.

Захаваць нельга забыць. Дык дзе ўсё ж такі ставім коску?

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Urbem іnsatіabіles — Горад ненасытны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?