Вы тут

Ці будзе бяспечным ураджай каля БелАЭС?


У БЕЛТА прайшла анлайн-канферэнцыя, прысвечаная асаблівасцям маніторынгу радыяцыйнай абстаноўкі ў раёне Беларускай атамнай электрастанцыі, якая будуецца. На шматлікія пытанні грамадзян і карэспандэнтаў агенцтва адказвала начальнік Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Марыя Гермянчук. Прапануем увазе чытачоў найбольш актуальныя, на наш погляд, моманты гутаркі.


— Якія дадатковыя рэсурсы патрэбны для стварэння і эксплуатацыі сістэмы кантролю радыяцыйнай абстаноўкі ў зоне БелАЭС?

— Мы ў Гідрамеце выкарыстоўваем увесь патэнцыял, які напрацаваны падчас чарнобыльскага і постчарнобыльскага перыяду. З дадатковых мерапрыемстваў неабходныя пастаяннае абнаўленне прыборнай базы (напрыклад, стварэнне рэзерву датчыкаў для замены тых, якія выходзяць са строю), падтрыманне сістэмы кантролю якасці, што патрабуе значных фінансавых рэсурсаў, але гэтыя выдаткі сябе апраўдваюць. Таксама неабходна пастаяннае навучанне персаналу. Мы праводзім трэнінгі, актыўна ўзаемадзейнічаем з БДУ ў галіне падрыхтоўкі спецыялістаў па радыяцыйнай бяспецы. Мы вельмі ўважліва ставімся да іх навучання, да стажыровак, заўсёды гатовы іх прыняць у Гідрамеце, каб яны прайшлі практыку, пісалі курсавыя, дыпломныя работы.

Пастаянна трэба мадэрнізаваць вылічальнае абсталяванне, таму што тэрмін яго жыцця тры — максімум пяць гадоў, потым яго трэба мяняць, устанаўліваць новае праграмнае забеспячэнне і г. д. Таму вельмі запатрабаваныя спецыялісты ў галіне ІТ-тэхналогій.

Што тычыцца лабараторый, то дадатковых вялікіх мы будаваць дакладна не будзем, а перасоўныя лабараторыі патрэбны. У нас у Гідрамеце ёсць дзве перасоўныя лабараторыі, але мы павінны абнаўляць абсталяванне, мадэрнізаваць іх. У прынцыпе, у краіне дастаткова лабараторый, каб забяспечыць тыя патрэбы, якія ўзнікаюць пры будаўніцтве АЭС. Калі спатрэбяцца дадатковыя лабараторыі, то мы іх пабудуем, але пакуль спраўляемся тымі сіламі, якія ў нас ёсць.

— Многіх цікавіць, наколькі бяспечнымі будуць прадукты харчавання, якія вырошчваюцца паблізу БелАЭС. Ці будуць іх спецыяльна правяраць пасля запуску станцыі?

— Цяпер прадукты харчавання, іх так званы фонавы стан, правераны. Праверку прайшлі бульба, ліставая гародніна, малако, мяса — усе гэтыя звесткі ёсць. Калі пачне працаваць БелАЭС, то Мінсельгасхарч будзе кантраляваць (у іх для гэтага ёсць спецыяльныя лабараторыі) якасць прадуктаў харчавання ў месцы размяшчэння АЭС. Да гэтага, хутчэй за ўсё, яшчэ далучыцца Інстытут радыялогіі НАН Беларусі. У тым, што такі кантроль будзе абавязкова, можна не сумнявацца. Гэта адзін з элементаў забеспячэння сістэмы радыяцыйнай бяспекі. Пры штатнай рабоце АЭС прадукты харчавання будуць бяспечныя, гэта без сумневу. Таму што адмыслова праводзіліся разлікі і даследаванні, каб разумець, як работа станцыі можа паўплываць на забруджванне прадуктаў харчавання і ці паўплывае наогул. Я думаю, што сістэма радыяцыйнага кантролю харчавання будзе цалкам закрываць гэтыя пытанні.

— Як плануецца інфармаваць насельніцтва аб стане навакольнага асяроддзя ў раёне назірання АЭС?

— Калі правільна інфармаваць грамадскасць аб стане навакольнага асяроддзя, даваць поўную інфармацыю, то здаровы сэнс дазволіць грамадскасці рабіць правільныя высновы. Інфармаваць плануецца любым спосабам: праз СМІ, інфармацыйныя табло, праз работу са школьнікамі і студэнтамі, урачамі і педагогамі. Таму што ўрач і педагог, асабліва ў сельскай мясцовасці, яго слова, аўтарытэт маюць вельмі вялікае значэнне. Школьнікі, студэнты — людзі, якія маюць доступ да тых электронных СМІ, якія цяпер найбольш актыўна выкарыстоўваюцца ў распаўсюджванні інфармацыі. Нядаўнія даследаванні сведчаць пра тое, што ў Беларусі практычна 98 працэнтаў жыхароў маюць доступ да электронных сродкаў інфармацыі. Таму, калі мы вылучаем такія інфармацыйныя групы і працуем з імі, мы разумеем, што даём інфармацыю не толькі студэнту, школьніку, але ён яшчэ давядзе гэта і да ведама бацькоў, бабуль, дзядуляў.

— Ці могуць умовы надвор'я якім-небудзь чынам паўплываць на работу Беларускай АЭС?

— Умовы надвор'я — не. Кліматычныя ўмовы — таксама не (на саму работу станцыі). Але я разумею, адкуль, што называецца, гэтае пытанне ўзнікае. Калі падбіралі месца для будаўніцтва АЭС, прааналізавалі вялікую колькасць пляцовак, у тым ліку на наяўнасць так званых забараняльных фактараў. Забараняльныя фактары — гэта катастрафічныя паводкі, моцныя ўраганныя вятры, вялікія снегапады, высокія і нізкія тэмпературы. Што тычыцца Астравецкага раёна, то ўсе гэтыя фактары былі прааналізаваны, і я хачу сказаць, што ні адзін з іх не быў лімітуючым пры выбары пляцоўкі. Шматгадовыя назіранні за гідралагічным рэжымам, тэмпературай, хуткасцю ветру, вышынёй снежнага покрыва — усё гэта было прааналізавана. Мы нават пралічвалі так званы фактар метэаралагічнай уразлівасці, калі не проста сярэднія шматгадовыя звесткі ацэньваліся, а браліся максімальныя, самыя неспрыяльныя сітуацыі, якія толькі могуць быць. І сапраўды ў гэтым рэгіёне з такога пункту гледжання абмежаванняў для будаўніцтва АЭС не існуе. Але тым не менш мы арганізавалі і праводзім як метэаралагічны, так і гідралагічны маніторынг у раёне будаўніцтва БелАЭС. Што тычыцца гідралагічнага маніторынгу, то мы ўстанавілі ў Міхалішках аўтаматызаваны гідраметэаралагічны пост. Там мы ўвесь час праводзім у аўтаматызаваным рэжыме вымярэнні ўзроўню вады і тэмпературы, гэта дасць нам магчымасць ацэньваць уздзеянне АЭС на Вілію з пункту гледжання тэмпературнага рэжыму — тое, пра што непакоіцца літоўскі бок. Факты такія, што на аснове вынікаў аўтаматызаванага вымярэння ў нас ужо цяпер ёсць магчымасць казаць мовай лічбаў у гэтай сітуацыі. У будучыні з літоўскімі калегамі мы будзем мець магчымасць абменьвацца інфармацыяй, вынікамі вымярэнняў.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што паглядзець у Хоцімску?

Што паглядзець у Хоцімску?

У Хоцімску нават ёсць кола агляду.

Грамадства

«За больш чым сем год былі ўсяго адны суткі без баявога выезду»

«За больш чым сем год былі ўсяго адны суткі без баявога выезду»

Гісторыя кар'еры падпалкоўніка ў адстаўцы Генадзя Цімахоўцава.

Палітыка

Беларусь і ЕС падпішуць візавае пагадненне не пазней за 2 лютага 2020 года

Беларусь і ЕС падпішуць візавае пагадненне не пазней за 2 лютага 2020 года

Верагодна, гэта адбудзецца ўжо ў гэтым лістападзе. 

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад.