Вы тут

Скаргі кандыдатаў у дэпутаты на вынікі выбараў не задаволены


Учора Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў разгледзела скаргі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на вынікі выбараў. Парадак аспрэчвання вынікаў дастаткова строгі: тры дні даецца пасля выбараў на падачу скаргі ў акружную камісію; калі вынікі разгляду кандыдата не задаволілі, ён можа падаць скаргу ў тэрытарыяльную камісію; калі і там разгляд яго не задаволіў, то ў трохдзённы тэрмін пасля яго скаргу можна падаць у апошнюю інстанцыю — у Цэнтральную камісію. Сёлета туды «дабраліся» дзве скаргі, і абедзве Цэнтрвыбаркам не задаволіў.


Лідзія ЯРМОШЫНА, старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, паведаміла: галоўнай памылкай у абодвух заяўнікаў стала меркаванне пра тое, што можна па асобным участку прызнаць, што выбары не адбыліся. Гэта немагчыма ў прынцыпе, бо падвядзенне вынікаў ажыццяўляецца па ўсёй выбарчай акрузе — паколькі дэпутат абіраецца ад акругі ў цэлым, а не па адным участку.

Традыцыйна пасля пасяджэння Лідзія Міхайлаўна адказала на пытанні журналістаў.

...пра змены ў Выбарчы кодэкс

Пра гэта, па словах старшыні ЦВК, казаць яшчэ рана.

— Па-першае, у нас няма канчатковай справаздачы АБСЕ — гэта самае галоўнае, — патлумачыла яна. — Па-другое, пакуль Цэнтральнай камісіі проста няма калі: прайшло толькі два тыдні з дня выбараў. Плюс да ўсяго — Цэнтральная камісія ўжо пачала разгляд пытання аб ратацыі — змене складу. Ужо падбіраюцца кадры, і тое, каго мы падбяром, таксама мае вельмі вялікае значэнне. Па-трэцяе, у нас павінен запрацаваць парламент. Зараз мы разам з сакратарыятамі палат заняты падрыхтоўкай арганізацыйных сесій, якія адбудуцца 11 і 12 кастрычніка. Пакуль яшчэ ў нас не было магчымасці прыступіць да работы па змяненні заканадаўства.

...пра адказнасць членаў камісіі

Нядаўна з'явілася навіна, што ў Рэспубліцы Марый-Эл (Расійская Федэрацыя) адзін з членаў выбаркама пабіўся проста падчас работы камісіі з судовым прыставам. Журналісты пацікавіліся ў старшыні ЦВК, што трэба зрабіць, каб не ператвараць работу камісіі ў балаган.

— Грамадскія інстытуты не павінны вельмі моцна заарганізоўвацца, — лічыць Лідзія Ярмошына. — Чым больш нормаў, якія рэгулююць працэс або абмяжоўваюць яго, тым больш складаны для разумення выбарчы закон. Таму я лічу, што тых мер, якія дзейнічаюць у нас у краіне, дастаткова. Чаму ў нас не бывае боек? А ўсё вельмі проста: у нас выбарчыя камісіі фарміруюцца з салідных грамадзян. Калі ж мы пойдзем на повадзе ў нашых палітычных партый і станем уключаць у склад камісіі палітычных хуліганаў, у нас таксама пачнуцца бойкі. А зараз у нас людзі, якія адказваюць перад сваімі працоўнымі калектывамі, перад той грамадскасцю, якая іх вылучыла, і нясуць пэўную маральную адказнасць. Менавіта гэта і вызначае спакойную атмасферу на пасяджэннях камісіі.

...пра гендарны складнік новага склікання

— Жанчыны не ідуць на выбары, калі не маюць выразных цвёрдых гарантый, што ім на гэтых выбарах будуць дапамагаць і ў іх таму ёсць шанцы, — адзначыла старшыня Цэнтрвыбаркама. — Яны менш авантурныя, чым мужчыны. Таму траціна жанчын-дэпутатаў у любым выбарчым органе забяспечвае стабільнасць гэтага органа. Стабільнасць у добрым сэнсе — кансерватызм, аглядку на выбаршчыкаў, на грамадскую думку...

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Скаргі не задаволілі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?