23 верасня, серада

Вы тут

Фільмы беларускіх аўтараў можна будзе паглядзець у любой кропцы краіны


Усё вельмі проста — каб прычыніцца да новага фестывалю беларускага дакументальнага кіно BELARUSDOCS, трэба толькі ў адпаведны тэрмін, лепш не выходзячы з дому, адкрыць інтэрнэт-старонку і атрымаць доступ да адной з найвыдатнейшых айчынных дакументалак апошняга часу. Такім чынам падчас анлайн-фестывалю можна паглядзець ці перагледзець сем карцін, ужо адзначаных замежнымі гледачамі і міжнароднымі фестывалямі. Гэта праграма — фільмы пра нас, пра краіну, пра тое, што мае да нашага жыцця дачыненне, — дэманструе дасягненні беларускіх аўтараў, з лепшага боку адкрывае айчынны кінематограф і, канешне ж, зацікаўлівае блізкасцю інтарэсаў.


«Скры­жа­ван­не» На­стас­сі Мі­ра­шні­чэн­кі.

Да большасці беларускіх дакументальных фільмаў, створаных у апошнія гады, няма вольнага доступу, нешта можна знайсці ў тэлеверсіі, што само па сабе азначае пэўнае скажэнне аўтарскага варыянту, некаторыя зрэдку дэманструюцца ў невялікіх залах. Анлайн-фестываль — зручны фармат. Ён не прадугледжвае спецыяльнай пляцоўкі (дзе глядзець кіно — воля ваша), пэўнага рытуалу дачынення да мастацтва, выхаду ў свет. Толькі адкрыццё, прызначанае на 3 кастрычніка ў Галерэі TUT.BY, адбудзецца ў афлайн-фармаце. Кожная з сямі стужак праграмы BELARUSDOCS будзе даступна на працягу сутак.

«Ідэя анлайн-фестывалю напрошвалася сама сабой: добрыя аўтарскія фільмы з нацыянальным каларытам (на многія з якіх былі выдаткаваны дзяржаўныя сродкі) аказаліся нікому не патрэбнымі. Хоць за мяжой карціны з праграмы паказваліся на дзясятках фестываляў, дзе збіралі поўныя залы, у Беларусі ж добра, калі дэманстраваліся аднойчы — у Нацыянальным конкурсе кінафестывалю «Лістапад». У рэгіёнах гэтыя фільмы не бачылі зусім, — каментуе каардынатар фестывалю Алесь Лапо. — Праграма фарміравалася найперш з тых фільмаў, якія былі заўважаны на кінафорумах. Хацелася таксама паказаць разнастайнасць, розныя генерацыі аўтараў. Апошняе атрымалася напалову. Фільмы маладых рэжысёраў, якія хацелася бачыць у праграме, — «Шэпты і крыкі Тані Б.» Сяргея Каласоўскага, «Пра каханне» Любы Зямцовай, «Паміж небам і зямлёй» Дзімы Дзядка — у яе не трапілі, бо адмаўляліся героі ці самі аўтары. Яны б узбагацілі фестываль, бо стылёва і тэматычна з яго выбіваюцца».

Праграма складаецца з работ Нацыянальнай кінастудыі і незалежных аўтараў. Напрыклад, «Мяжа Нарвілішак» Дзмітрыя Махамета знятая на «Беларусьфільме». Гэта паэтычны сузіральны аповед пра беларускую вёску Нарвілішкі, што пасля тэрытарыяльнага перадзелу 1939 года аказалася ў складзе Літвы. Сёння паселішча адносіцца да прадстаўнічага слова «Еўрасаюз», але на вуліцах гучыць беларуская мова, жыхары ўключаюць беларускія тэлеканалы, мараць пра пункт пропуску, каб скараціць шлях да сваякоў у беларускую вёску Пецкуны. Пакуль да хаты, што знаходзіцца за 400 метраў, трэба ехаць трыста кіламетраў.

Тытулаванае «Скрыжаванне» Настассі Мірашнічэнкі — не проста мастацкі твор, але і сацыяльны праект. Карціна пра бяздомнага сінявокага мастака Валерыя Ляшкевіча, што зафіксавала яго работу, сціплы быт, успаміны і разважанні, у выніку паўплывала на адкрыццё выставы героя ў Нацыянальным мастацкім музеі. На адмысловым банкаўскім рахунку быў адкрыты збор сродкаў на ўласны дом. У гэты момант Валерый Ляшкевіч разам з валанцёрамі шукаюць прыдатнае жыллё. «Скрыжаванне» паказала дні мастака ў кожную пару года — ад зімы да зімы, даследчая цікаўнасць дакументаліста намякнула на цыклічнасць, нязменнасць часоў (за кошт паралельных эпізодаў) і ўсё ж такі імклівасць жыцця.

Фільм «Госці» Андрэя Куцілы расказвае пра недзяржаўны прытулак для тых, каму няма куды ісці, і пра яго стваральніка Аляксея Шчадрова, альбо, як ён сябе называе, брата Луіджы. Некалі Аляксей Шчадроў, фельчар хуткай дапамогі, трапіў за краты за продаж наркатычных рэчываў, а пасля вызвалення і некалькіх гадоў блукання вырашыў дапамагаць тым, хто аказаўся ў сітуацыі, у якой ён сам апынуўся пасля турмы — у стане закінутасці і сацыяльнай абыякавасці.

Праграма дакументальнага кіно, канешне, не магла абысціся без Віктара Аслюка — яго карціна «Алмаз», знятая на «Беларусьфільме», адкрые BELARUSDOCS. Алмаз — гэта конь, адзіны сябар Аляксея Клюні, што ў адзіноце жыве на Ладажскім возеры і марыць памерці першым, каб вазок з яго труной вёз Алмаз.

Яшчэ адна карціна пра мастака — работа Вольгі Дашук «Не адзін», героем яе стаў Віктар Залацілін. У свае сорак гадоў яе вырашыў пераехаць з горада ў вясковы бацькоўскі дом. Адзінота на беразе Нёмана — жыццесцвярджальны фільм пра самадастатковага творцу, які пераадолеў фізічную асаблівасць свайго цела.

Нарэшце, сімвалічны «Дудар» Юрыя Цімафеева, незалежная чорна-белая карціна «Пасха Хрыстова» Дар'і Юркевіч — і праграма BELARUSDOCS у поўным складзе. Фільмы, пачынаючы з 4 кастрычніка, можна паглядзець на старонцы afіsha.tut.by/belarusdocs, якая будзе аднаўляцца кожны дзень.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Фестываль на канапе

Выбар рэдакцыі

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.

Грамадства

Марына Мулявiна: Пасля разводу бацькi заставалiся блiзкiмi людзьмi

Марына Мулявiна: Пасля разводу бацькi заставалiся блiзкiмi людзьмi

Дачка галоўнага «песняра» распавяла пра сямейныя традыцыi.