Вы тут

Што яднае князя Канстанціна Астрожскага і жыхароў вёскі Тарасава


Вёска Тарасава, што паблізу сталіцы, стаіць на ажыўленай трасе М6, якая вядзе ў Гродна, Вільнюс. Населены пункт часта называюць варотамі Міншчыны. На днях на ўездзе ў Тарасава з'явіўся памятны знак у гонар 500-годдзя з дня заснавання. З нагоды юбілею было зладжана свята вёскі, якое сабрала шмат гасцей з усіх куткоў Беларусі. Святкаванне пачалося з хрэснага хода, падчас якога святары, удзельнікі сустракалі абраз Божай Маці «Адзігітрыя». Рэліквія, да якой можа дакрануцца любы ахвотны, будзе знаходзіцца ў мясцовай царкве.


Упершыню Тарасава ўпамінаецца ў летапісе 1477 года як маёнтак Тарасаўскі Мінскага павета Віленскага ваяводства. На той час тут было ўсяго два-тры двары. У 1516 годзе маёнтак перайшоў ва ўладанне гетмана Вялікага Княства Літоўскага, князя Канстанціна Астрожскага, які шмат зрабіў для яго развіцця. У далейшым справу бацькі працягваў сын Васіль. Тут з'явілася першая драўляная царква Раства Прасвятой Багародзіцы, а гэта давала права перайменаваць маёнтак у сяло. Да нашага часу святыня не захавалася, згарэла. Але частку дакументаў удалося выратаваць. Яны захоўваюцца ў храме Раства Прасвятой Багародзіцы, які ўзведзены 15 гадоў таму, у настаяцеля протаіерэя Сергія Кузьмянкова.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы дзейнічала Тарасава-Ратамскае антыфашысцкае падполле. Да гэтага часу тут жыве партызанская сувязная Яўгенія Максімава. Жанчыне 93 гады. Нягледзячы на сталы ўзрост, яна трымаецца малайцом. На свяце павіншавала ўсіх мясцовых жыхароў і гасцей і прачытала вершы. У Яўгеніі Яфімаўны ўся сям'я змагалася супраць ворагаў. Малодшы брат, сястра, муж, бацька — у партызанскім атрадзе, старэйшы брат-лётчык ваяваў на фронце. У 1943 годзе дзяўчыну схапілі фашысты, пасадзілі ў карцар, па-зверску білі, катавалі. Пазней юную змагарку перавялі ў канцлагер.

— Пасля вайны ў Тарасаве была васьмігодка. Але мястэчка асабліва не развівалася, і школу закрылі. На сённяшні дзень у вёсцы няма ніякай сацыяльнай інфраструктуры: ні ўстановы адукацыі, ні дзяржаўнага дзіцячага сада, ні фельчарска-акушэрскага пункта, ні паліклінікі, — расказала старшыня Ждановіцкага сельскага Савета дэпутатаў Ала Дубко. — За ўсімі паслугамі тарасаўцы ездзяць у сталіцу. Але жыццё тут не заціхае. У сучаснай суверэннай Беларусі Тарасава развіваецца. Гэтаму спрыяе блізкасць Мінска, прырода: чыстыя паветра, вада, лес, а таксама інвестыцыі, што ўкладваюцца ў будаўніцтва жылля. На сённяшні дзень у вёсцы афіцыйна зарэгістравана 1992 чалавекі, але пражывае, мяркую, больш як 2 тысячы. Многія мінчане пастаянна жывуць у горадзе, але тут маюць сваё жыллё і прыязджаюць адпачыць.

Сёлета ў вёсцы нарадзілася чацвёра малых. Нованароджаных і іх бацькоў на свяце павіншавалі і ўручылі падарункі. У той час, як немаўляты моцна спалі на руках у дарослых, старэйшыя дзеці бавілі час на атракцыёнах, удзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах, з цікавасцю назіралі за рыцарскім турнірам, матчам паміж камандай футбольнага клуба «Іслач» і ветэранамі Тарасава. А ўсім ахвотным гульцы вышэйшай лігі далі майстар-класы і свае аўтографы. Гульні, канцэрты самадзейных калектываў, выстаўка-кірмаш народных умельцаў, фотавыстаўка «Маё любімае Тарасава», конкурсы «Восеньскі букет» і «Самы багаты ўраджай»... Словам, мерапрыемствы былі разлічаны на грамадзян розных узростаў і густаў. Людзі весяліліся, дзяліліся навінамі.

— Гэтыя святы аб'ядноўваюць жыхароў. Калі ёсць адна мэта, то для яе дасягнення трэба быць разам. Вяскоўцы разумеюць: гэта месца, дзе яны жывуць, гэта іх малая радзіма. Каб яна была, развівалася, квітнела, патрэбны ўклад кожнага чалавека. І, вядома, такія мерапрыемствы папулярызуюць населены пункт сярод людзей, якія тут пабывалі ўпершыню, — лічыць Ала Уладзіміраўна. — Ведаючы, што да нас прыедуць шматлікія госці, мы звязаліся з Фондам князя Астрожскага ў Польшчы. Збіралася да нас кіраўнік гэтай структуры Ганна Якаўчук, ды, на жаль, захварэла. Але прыехаў польскі творчы калектыў. Яго ўдзельнікі казалі: ім прыемна, што мы ўспамінаем Канстанціна Астрожскага, як родапачынальніка вёскі, помнім сваю гісторыю і падтрымліваем яе.

— Хацелася б, каб мерапрыемствы накшталт гэтага ладзіліся ў кожным населеным пункце. Але тут павінна быць сустрэчнае жаданне саміх жыхароў, — працягвае Ала Дубко. — Можна, канешне, навязваць іх зверху. Але, калі не знаходзіш водгукаў у тых, хто там пражывае, зрабіць гэта дастаткова складана. Напрыклад, падчас святкавання Івана Купалы ў Ратамцы адначасова арганізуецца свята вёскі. У яго падрыхтоўцы прымаюць удзел і дарослыя, і дзеці. Усяго ж на тэрыторыі сельсавета 15 населеных пунктаў. У самай маленькай вёсцы Яркова пражываюць 20 чалавек, у Ждановічах больш як 5 тысяч. Незалежна ад колькасці насельнікаў трэба спрабаваць укараняць традыцыю ў кожнай з іх. Людзі сустракаюцца, знаёмяцца паміж сабой, завязваюць сяброўства, паляпшаюцца суседскія адносіны, усе праблемы паміж сабой суседзі вырашаюць мірам. У выніку ў сельскі Савет дэпутатаў паступае менш скаргаў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Зямля бацькоў

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.