Вы тут

Кароткі агляд «выбранага з выбранага» Леаніда Галубовіча


Леанід Галубовіч — паэт нясвоечасовы. У тым сэнсе, што ў сваім часе (і са сваім часам) яму, здаецца, усё менш хочацца гаварыць. Затое маўчаць— ахвотна.


Нясвоечасовасць Галубовіча-паэта кампенсуецца своечасовасцю Галубовіча-кнігара: яго «Поўня» [1] так патрапіла ў фармат сённяшняга літаратурнага жыцця, што закрадваецца сумненне: а ці не патраціў паэт гады маўчання на скрупулёзнае даследаванне прыхамацяў сучаснай чытацкай публікі?..

Аўтар «Поўні» прапануе сучаснаму чытачу найноўшую канцэпцыю поўнага Збору твораў. Менш чым на ста пяцідзесяці старонках змясціліся «…лепшыя вершы аўтара (па яго версіі), напісаныя за трыццаць пяць гадоў, што ўваходзілі ў шэсць яго папярэдніх кніжак, а таксама “Зацемкі з левай кішэні” з аднайменнага выдання, якія тычацца літаратурнай творчасці» [1, с. 2].«Поўня», разлічаная «на вузкае кола абазнаных прыхільнікаў краснага пісьменства» [1, с. 2], як своеасаблівае выбранае атрымалася (насуперак айчыннай традыцыі) тонкай, але важкай, не ў апошнюю чаргу дзякуючы таму, што маўчанне ў ёй як бы пераважвае маўленне.

[Заўважу ў дужках: паколькі вершы ў гэтым «выбраным» асабіста мне бачацца як бы «больш абранымі», чым літаратурнацэнтраваныя«зацемкі», маё (пра)чытанне «Поўні»—паэзіяцэнтрычнае як бы па вызначэнні.]

Абраная творцам паэзія сабрана ў два раздзелы: «Выбраныя вершы з ранейшых кніг» і «Вершы без кніг і новыя вершы»; першы ўтрымлівае творы з 1979 да 2011 года, другі — творы 2012—2014 гадоў. Розныяпаэтычныя зборнікі ў поўневым«зборы паэзіі»Леаніда Галубовіча прадстаўлены ў колькасным плане няроўна: з аднаго туды трапілі чатыры, з іншага — больш за дзясятак.

Адкрываецца «Поўня» творамі са зборніка«Таемнасць агню» (1979—1983). Ужо на першых старонках «выбранага» выбар вершаў такі, быццам самы першы зборнік пісаў «равеснік поўні»— настолькі сталым адзінотнікам выглядае лірычны герой («***Сатканы восеньскі матыў…», «***Хмурная восень злізала пагоркі…»).«Так мала чытачоў, / І тыя ўсе — паэты» («***Шукаю чытача…»[1, с. 5]). Ранняя (магчыма нават заўчасная) сталасць лірычнага героя Леаніда Галубовіча засведчана амаль у кожным вершы, што мае гонар прадстаўляць першую паэтычную кнігу ў «поўневым выбраным». Так, у трох строфах твора «***Мы многа гаворым, а болей маўчым…»[1, с. 11] змясцілася амаль вычарпальнае вытлумачэнне маўчання як сутнасці,усе праявы якой важныя для ўсяго Галубовіча. Тут ёсць каротка-празрыстае тлумачэнне прычын маўчання:«Мы многа гаворым, а болей маўчым. / Не выказаць час, што скрозь нас працякае». І абгрунтаванне ашчаднасці ў словах як натуральнага спосабу існавання — таксама тут:«Праўдзівае слова гадую гады, // Не ў сілах яго адарваць ад істоты». І нават прадчуванне, што сутнасць словатворчасці як жыцця стане зразумелай хутчэй, чым варта было б:

Пазнаўшы пачатак — не знаем канца…

І свет гэты белы сцвярджаем нанова.

І плача ў калысцы сасновай дзіця.

Не знае сябе і пакутуе словам…

Шматкроп’е, якім твор нібыта заканчваецца, затрымлівае на сабе ўвагу як указанне на сутнасную адкрытасць, незавершанасць; пры гэтым «разамкнутасць» выказвання на ўзроўні паэтычнай формы падтрымліваецца і паглыбляецца рытміка-інтанацыйнай недасказанасцю.

Недасказанасць у паэзіі Леаніда Галубовіча можа быць брамай не толькі ў медытатыўнасць, але і ў… (сама)іранічнасць, якую найменш чакаў бы сустрэць, напрыклад, у зборніку пад назвай «Споведзь бяссоннай ночы» (1984—1988).

Аднак стасункі паэта з іроніяй зусім не падобныя дагульні ў шкляныя перліны: іронія ў вершах Леаніда Галубовіча выконвае ролю своеасаблівых «цягліц», у скруце якіх побач утрымліваюцца лёгка-паблажлівыя назіранні — і змрочна-палкія высновы паводле гэтых назіранняў:

Пра коней столькі напісалі,

Як коням вывезці самім.

Якія пугі прасвісталі

Са словам зычным і благім

Над іх спіною разагнутай?!

І ці каню таго не знаць:

Калі з яго здымаюць путы,

То, пэўна, будуць запрагаць…

<…>

Табун папасам пагрукоча —

І лейцы рвуцца на шматы…

І гнеў і боль палоняць вочы…

Свабода, дзе твае сляды?

«Яшчэ раз пра коней» [1, с. 15]

З чатырох вершаў, рэкрутаваных у «выбранае» са зборніка «Споведзь бяссоннай душы», толькі адзін —«Вольная ода паэзіі»—зусім пазбаўлены гэтых «цягліц» іроніі. Іх функцыю выконваюць рытарычныя звароты-загады: «Любіце паэзію / Ціха, наўзрыд…»; «У наш высакосны час / Яе паўсюль беражыце. / Хай плача ў душы ў вас, / Як перапёлка ў жыце…» [1, с. 17]. Чамусьці якраз гэты твор падаецца амаль выпадкова абраным у «выбранае»...

З шасці вершаў, што прадстаўляюць у «Поўні»зборнік«Заложнік цемры» (1989—1993), тры маюць прысвячэнні. Хіба што паводле дзіўнага супадзення менавіта гэтыя «ахвяр(ава)ныя» вершы ўтрымліваюць найбольш нагод паразважаць пра няўлоўнасць моманту, у які проза жыцця становіцца паэзіяй. Няўлоўнасць гэтая пакутлівая для чытача-дэканструктывіста: ад яго не хаваюць ні «рэчываў», ні «інструментаў» творчасці, усе кампаненты вершавання навідавоку. Але вынік… не тое што пераўзыходзіць чаканні, але шчыра ігнаруе логіку чаканняў. Зрэшты, сам момант пераходу рэчыўнага свету ў тонкі, слова — у непрамоўленасць у выпадку з вершамі, падобнымі да «Недасланага ліста»[1, с. 21—22] (прысвечаны памяці Яўгеніі Янішчыц), пры кожным новым у яго ўглядванні-ўчытванні аказваецца ў іншым — нечаканым — месцы:

…Перачытваў твае лісты.

У мяне — ад цябе — іх тры.

Ад Яўгеніі два — казённыя.

І ад Жэні адзін — будзённы.

(Два — з рэдакцыі, так адпіскі.

Ад рукі адзін, асабісты.)

<…>

Жэня, страшна бывае ноччу,

Быццам я за табою крочу,

Адарвуся і — палячу…

Ды баюся і ў сне крычу…

Бог не даў мне з пялюхаў крылаў.

Груба скажам: не выйшаў рылам.

Духам — выйшаў, а целам — тут.

Што ж, затое няшмат пакут.

<…>

Ёсць, вядома, ў мяне сябры.

Іх таксама чамусьці тры…

 

Два казённыя — для труны,

Трэці верны, ды ўсё п’яны…

Ёсць дачка.

Я чакаю смерці —

Трэба цела з душою звесці…

Гэты верш, праўда, бессэнсоўна цытаваць па частках: тут кожны радок — галоўны (і для сэнсу, і для формы). Гэтаксама складана рэйтынгаваць вершы ў «Поўні» паводле іх мастацкай вартасці. Па вялікім рахунку, асноватворнай субстанцыяй паэтычнасці для айчыннага вершавання і ў сярэдзіне 2010-х застаецца вобразна-выяўленчая рафінаванасць —як антонім бязвобразнасці, канстататыўнасці, апісальнасці; пры гэтым фарматворчыя штукарствы ўважаюцца за рэчы як бы дадатковыя. Для вершаў, што складаюць «выбранае» Л. Галубовіча, уласціва канцэнтраваная тропавасць, якая пры ўсёй насычанасці малюнканіколі не выплёскваецца ў стылявую збыткоўнасць:

У храме Восені — ні служкі, ні ратая.

Прыпаўшы да зямлі, малітву шэпча ліст…

Гарласты клін гусей пад купалам рыдае,

Гартанна п’е тугу задыханы гарніст…

«Душ» [1, с. 25]

Магчыма, у сваіх «родных» зборніках падобныя вершы ўспрымаліся інакш, але ў«выбраным»яны як бы аўтаматычна набываюць дадатковыя вымярэнні. Так, любоўны верш «***…Я з губ тваіх любові п’ю атруту…»[1, с. 24] (з прысвячэннем «Веры») у шчыльна-метафарычнай прасторы «Поўні» пачынае пульсаваць як прастора інтымнага —высокага і адначасова ўцялесненага—метафарызму:

Душа перакладае шэпт шалёны

Душы —

і намагаюцца наноў

Высокіх рук заплеценыя кроны

Высмоктваць сок з глыбокіх каранёў…

Наогул, пасля высілкаў цэласнага аналізу вершаў Леаніда Галубовіча застаецца аскомінапрыкрай марнасці (дакладна такое ж адчуванне мела пасля захадаў прааналізавацьверш Ніны Мацяш«На Дзяды»[1]): шанц трапіць у нетры невымоўнага быў,алеты змарнаваў яго на безвыніковыя блуканні па ваколіцах.

Гэтак жа бессэнсоўна сёння марнаваць час на дыскусію пра рэзоны, якімі кіраваўся паэт, даючы адной са сваіх кніг назву «Апошнія вершы Леаніда Галубовіча». З’яўленне ў 2000 годзе зборніка, куды ўвайшлі творы 1994—1999 гадоў, паўтара дзесяцігоддзя таму многім бачылася нейкім піяр-ходам з запланаваным «выхадам з-за печкі»,то бок з’яўленнем чарговага «апошняга»гадоў праз пяць. Ішоў час, паэт Леанід Галубовіч адступіў у цень —саступіў месца ЛеГАЛу (знанаму крытыку ды вольнаму эсэісту). Здавалася, Галубовіч-паэт назаўсёды сышоў на тую «ўнутраную выспу», куды крытык Павал Абрамовіч заклікаў перабрацца беларускіх пісьменнікаў усім кагалам год гэтак на сто[2], — і замаўчаў.

Варта заўважыць, што для сябе я адмяжоўваюмоўкнасць ад маўчання. Найперш, паводле сферы ўплывовасці: першая ёсць пагрозай жыццёваму тэксту; другое, як ні дзіўна, —адзін з самых дзейсных сродкаў ператварэння літаратуры ў жыццятворчы Тэкст. Інакш кажучы, тое, што для быцця ёсць канчатковай адмовай ад маўлення, для мастацтва можа быць метапрамаўленнем.

Некалі Сяргей Даўлатаў сцвярджаў, што маўчанне — агромністая сіла — і прапаноўваў яго забараніць як бактэрыялагічную зброю. Леанід Галубовіч — творца пераважна міралюбны і неамбітны. Так, на няслушнасць падазрэнняў у піяршчынеўказвае якраз выбар твораў з «Апошніх вершаў…» для ўключэнне ў «Поўню»:кожны з іх падаецца фрагментам своеасаблівай паэтычнай стэнаграмы таго, як і навошта было прынятае рашэнне замаўчаць.

Для некаторых творцаў маўчанне аказваецца адзіна магчымым паратункам ад канчатковай (рэальнай) моўкнасці, (у) якой захлынуўся не адзін паэт.

Назіранні за лірычным героем «Апошніх вершаў Леаніда Галубовіча» даюць падставы меркаваць, што адной з важкіх прычын дляяго маўчання магло б стацца назапашванне крытычнай масы непаразумення з навакольным жыццём. Цікава, што раздражнёны, нават злосны лірычны герой, ненатуральны для паэзіі Леаніда Галубовіча, з’яўляецца менавіта ў «Апошніх вершах…». Твор «Нянавісць»[1, с. 30] можна прачытаць як рэдкі для гэтага паэта ўзор верша-крыку (ненатуральна рытарычнага —асабліва для гэтага паэта). Але нас згаданы тэкст цікавіць найперш як амаль дакументальнае сведчанне таго, наколькі рэальнай была пагроза разрыву камунікацыі са сваім часам і нават з сабой у гэтым часе («Ненавіджу гэты час, / Што размежыў наша ў нас. / Ненавіджу»). Якраз паводле гэтага і падобных «наружана-напятых»вершакрыкаў можна амаль з храналагічнай дакладнасцю вызначыць моманты, калі і наколькі блізка моўкнасць падбіралася да творцы.

Універсальным сродкам барацьбы з анталагічнай моўкнасцю становяцца для паэта вандроўкі па розных рэальнасцях. Дакладней, гэта не столькі працяглыя вандроўкі, колькі кароткія «вымыканні»— напрыклад, з фізічнай прасторы бацькоўскай хаты ў зорную метафізіку, якая не мае нічога агульнага з бязмежна-беспрытульным космасам:

…У хаце, дзе выдыхся ў коміне дым,

Дзе пахне рыззё, нібы клунак жабрацкі,

І цягне з падрубы халодным, пустым —

Кладуся я ў ложак нябожчыка-бацькі…

<…>

На ім я і лётаю ў зорную выш

І ў хату вяртаюся толькі наранку,

Дзе ў хаце старой завіхаецца мыш

І марна грызе сцверазелую шклянку…

«Ноч у бацькоўскім ложку» [1, с. 32—33]

Адна з ключавых адзнак індывідуальнага стылю Леаніда Галубовіча звязана з эфектам своеасаблівай запаралеленасці ў прасторы метафарычнага маўлення згаданых «фізікі» і «метафізікі», «сцверазелай шклянкі»—і «зорнай вышыні». Яны не сутыкаюцца, не супрацьпастаўляюцца, не ранжыруюцца па ступені важнасці/сапраўднасці; яны прадстаўляюцца як роўна важныя ўмовы для таго, каб здолець, захацець быць чалавекам,нават калі пранізліва ўсведамляецца неадменнасцьнябыту:

А там, дзе я не буду жыць,

над той травою —

чарвяк лічынаю ляжыць,

галодны мною…

<…>

Нібы мастак, я свет лаўлю

ў пусты падрамнік…

А неба ўцягвае зямлю

ў свой зорны страўнік…

«***Адтуль, дзе я цяпер жыву…»[1, с. 49

Зборнік, што некалі прадстаўляўся як апошні паэтычны, мог бы стацца «гаражным распродажам»— сукупнасцю рознавартасных твораў (а раптам каму калі-небудзь спатрэбяцца?..) Аднак «Апошнія вершы…» Леаніда Галубовіча нават у межах «Поўні» як бліц-выбранага дзіўным чынам захавалі сваю мастацка-эстэтычную цэльнасць. Гэты эфект не ў апошнюю чаргу ўтвараецца дзякуючынатуральнай, як бы безварыянтнайкарэляцыі сэнсу (канцэптуальна-змястоўнага складніка) і формы (вобразна-выяўленчага ўвасаблення зместу). Так, у вершы «На бацькаўшчыне»[1, с. 34] складаны свет прамаўляецца ў простых словах: «Дрэвы стаяць узрушана. / Стрэхі сушаць бакі. / Лагчына мыецца ў лужыне. / На ферме равуць быкі». Але эканомнасць, нават падкрэсленая намінатыўнасць маўлення не мае вынікам бязвобразнасць, бясколернасць. У нейкі няўлоўны момант ў простых словах «На бацькаўшчыне»пачынае пульсаваць сэнсавая глыбіня, аточаная вобразнай карункавасцю:

Збірае мама ў падворку

Трэсак сонечны лёд.

Ветрыцца на падворку

Дзіцё — не пазнаць здалёк

Чыё…

Ці не я — з хрушчоўскім

Пачаткам хлеба наўзруч—

Увільваю вершаў Броўкі,

Бразготных, нібы абруч…

 

Іду да мамы пахіла —

Мой цень на яе шчацэ…

І кроў ледзяная ў жылах

Адтайвае… і цячэ…

У «поўневага» Леаніда Галубовіча дзівосным чынам выніковым становіцца не толькі вобразна-выяўленчая эканомнасць, але і само маўчанне. Менавіта яго дванаццацігадовым плёнам сталіся ў 2012 годзе «вершы пасля вершаў», што склаліся ў зборнік «Згэтага свету» (2010—2011). Кніга гэтая сама па сабе падавалася чымсьці адметным, бо выспеленым ў працэсе красамоўнага паэтавага маўчання. А ў «Поўні» два дзясяткі вершаў наогул выглядаюць як «выбранае з выбранага».

Пачынаецца ўсё, як і мае быць… са смерці (дакладней—з яе планавання):

Усе мае лепшыя вершы

са мною павінны памерці,

калі ж я сканаю першы,

то вы ім паверце

і без маёй прысутнасці,

проста на слова,

бо, калі браць па сутнасці,

я — іх палова.

«***Усе мае лепшыя вершы…» [1, с. 52]

Дух Поўні, не хаваючыся, лунае ўжо ў творах «З гэтага свету»: поўневасць як вобраз-матыў, вобраз-настрой каранямі трымаецца ў «жніўным узросце» лірычнага героя, што стаіць «перад труной, як мім / на пакуль нейтральнай тэрыторыі…» («***Рускі чалавек Барыс Бур’ян…»[1, с. 69]). Чым паслядоўна прырастае лірычны герой Леаніда Галубовіча ад кнігі да кнігі — дык гэта майстэрствам самотнай іроніі і асаблівасамаіроніі, якая дасягае піку ў вершах «З гэтага свету»(«На ранішні выгул сабакі», «Мазыр-1982», «***О не, не галавой мастацтва творым…» і інш.).

Бадай, менавіта самаіронія засцерагала лірычнага героя ад таго нешырокага кроку, які аддзяляе самотнага маўчальніка ад раздражнёнага, са зрывамі ў злосны сарказм трыбуна. Яна ж, відаць, утрымлівала аўтара ад уключэння ў да-поўневыя зборнікі вершаў кшталту «***Да самай смерці бацька быў рабом…» (1997), «Эпілог» (1998) (у«Поўні» прадстаўлены ў раздзеле «Вершы без кніг і новыя вершы 2012 —2014»).

Ёсць падставы меркаваць, што згаданы пік майстэрства самаіроніі (і не толькі) — прамежкавы для аўтара «Поўні».

Здавалася б, новыя вершы красамоўна гавораць пра тое, наколькі песімістычна паэт настроены ў дачыненні да жыццясмерцевых перспектыў лірычнага я-героя: «Я ў кніжцы той, нібы ў труне, / і стылы дух жыцця з мяне// да вас імкнецца, / але — не…» («***Я кніжку вершаў напісаў…»[1, с. 102]). Але ў новых вершах з-пад экзістэнцыйнай коўдры флегматычнай тугі, на тлепрысудаў у духу аўтадафэ («Я — хлюпік, паўінтэлігент, / пакутнік паскудны»[1, с. 84), нібы насміхаючыся над прызнаннямі аўтара «Зацемак з левай кішэні» ў«духоўнай немачы»[3],жыццё ўпарта расце —прырастаесутнасным:

Сеў на бяскроўны пень

і слухаю, як ува мне

шуміць, шапоча, хвалюецца

кронай разгалістай дрэва…

 

Душа

ўсё

яшчэ расце…

«***У лесе робяць прарэджванне…» [1, с. 99]

На думку Сяргея Дубаўца, «уздым паэзіі сапраўды не сведчыць пра культурны росквіт, але — пра роспач. Гэта вечная роспач немаўляці, што прыходзіць на свет, роспач першае закаханасці, роспач парадзіхі і роспач таго, хто гэты свет пакідае. Паэзія — гэта й ёсць роспач жыцця» [4, с. 12]. У пэўным сэнсе, гэта галоўная ўмова і асноўны закон быцця беларускай паэзіі: нашы паэты, «нават у самых светлых і радасных сваіх вершах — гэта плачкі, што ў словах радасці хаваюць свае галашэнні»; у любым вершы тоіцца «бяздонне роспачы — незразумелай і неўтаймоўнай» [4, с. 8].

Я з лёгкім сэрцам, штораз вяртаючыся ў «Поўню» Леаніда Галубовіча, назіраю за ўшчыльненнем роспачы бліжэй да фіналу гэтага «выбранага з выбранага». Бо калі поўняёсць сапраўднымсонцам для беларускай паэзіі, то пакуль яна ў сіле, вершы ўпарта растуць нават унутры самых зацятых ахвотнікаў развітацца з Паэзіяй.

Надрукавана ў часопісе "Маладосць".

 

[1]«Поначнае ваколле. / Гразкае, слізкае поле. За гэтым няветлым гародам — / усе з найбліжэйшага роду. / Мусова i мне туды. / Грузну ў калкай разоры. / Не страх апякае, а сорам. / Страху няма й на волас. / Дотык рукі, мамiн голас: / — Ступай у мае сляды» [цыт. па: 2].

[2]«На нашых вачах знікае, ператвараецца ў попел маральны аўтарытэт нацыянальнай літаратуры, і самі пісьменнікі ўжо не здольныя абараніць свае ідэалы, абгрунтаваць ўласнае эстэтычнае крэда, пераканаць чытачоў у жыццёвай неабходнасці сваіх твораў ці хаця б проста стаць на непрацяглы час нашымі цікавымі суразмоўцамі. <…> І паўсюль— няўпэўненасць. Перадусім ва ўласных сілах і здольнасцях. Трэба, каб у Беларусі нарэшце запанавалі сто гадоў літаратурнай адзіноты, каб пісьменнікі сышлі на свае ўнутраныя выспы, больш не пілі “горкую” з журналістамі і крытыкамі, не ляцелі на зманлівае святло хуткаплынных літаратурных прэміяў і тусовак, не прагнулі як мага хутчэй аддаваць у друк свае творы, а напісалі штосьці і схавалі ў стол. Толькі так можа адбыцца трыумф беларускай літаратуры, яе павяртанне да чытача» [3].

[3]«Колькі часу я загубіў на бяздарныя вершы?! Колькі душы я страціў у незваротным часе, каб зарыфмаваць гэтае “ночы-вочы”, так і не ўбачыўшы святла ў цемрычы?! Цяпер я пераважна пішу верлібрам, наіўна спадзеючыся, што чытачы не адчуюць маёй духоўнай немачы» [«Поўня», с. 111].

Загаловак у газеце: ПОЎНЯ ЯК СОНЦА БЕЛАРУСКАЙ ПАЭЗІІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».