Вы тут

Агляд фантастычных кінапрэм’ер


«У пагоні за гледачом» — так можна было б назваць дакументальны фільм пра работу любой кінакампаніі. Мабыць, назва і не самая ўдалая, але выразна паказвае асноўную мэту ўсіх стваральнікаў кіно. А яна ў тым, каб глядач зацікавіўся канкрэтным прадуктам, лянотна выбіраючы фільм для спаткання, сустрэчы з сябрамі, баўлення часу.Лягчэй за ўсё прадаецца фантастыка — відовішчныя, прыгожыя фільмы, якія падыходзяць для ўсіх узростаў, сацыяльных груп і нацыянальнасцяў. Гісторыі, якія можа зразумець кожны. Фантастыкі цяпер здымаюць нашмат больш, чым дэтэктываў ці меладрам, бо яна лепш за ўсё падыходзіць длялёгкага адпачынку.


Як мы выбіраем фільм? Глядзім на сінопсіс, на каст, на каманду, якая стварыла карціну. Аднак тым гледачам, якія дрэнна разбіраюцца ў кіно, падобная інфармацыя мала што скажа. Калі чалавек не адрознівае РаянаГослінга ад РаянаРэйнальдса, то разлічваць, што ён адразу ж успомніць, як здымае Джэймс Кэмеран, прынамсі, дзіўна. Таму адмыслова навучаныя людзі складаюць спісы чакання, каб чалавек мог выбраць нешта тэарэтычна якаснае. Часам падобныя спісы стварае сам спажывец. На КінаПошуку, напрыклад, дзе рэйтынг чакання карціны павялічваецца дзякуючы карыстальнікам, якія не паленаваліся націснуць на спецыяльную кнопку. І гэты рэйтынг часта супадае з топам чаканых карцін, які робяць прафесіяналы. Аднак на практыцы высокі статус у рэйтынгу не гарантуе, што карціна будзе сапраўды добрай. Наколькі часта нас ашукваюць? Мы вырашылі разабрацца, ці апраўдалі нашы чаканні самыя гучныя фантастычныя фільмы першай паловы 2016 года.

Каб увайсці ў «спіс чакання», фільму трэба быць вядомым, мець нешта, што зачэпіць гледача і прымусіць яго заплаціць грошы. Прасцей за ўсё —апеляваць да фанатаў. Яны проста не змогуць прапусціць экранізацыю любімага твора. Гэта пры тым, што ўсе ведаюць: экранізацыі ды фільмы па матывах губляюць добрую частку арыгінальнай гісторыі (ці могуць увогуле не звяртаць на яе ўвагу, як гэта часта адбываецца з коміксамі). Сапраўдны фанат абавязкова скажа, што кніга лепш, але гэта адбудзецца ўжо пасля прагляду фільма. Значыць, мэта дасягнута ў любым выпадку.

Яшчэ адзін спосаб: прыцягнуць тых, хто быў прыцягнуты раней. Калі чалавек аднойчы схадзіў на фільм, то вялікая верагоднасць, што на працяг ён таксама прыйдзе. І зноў жа: усе ведаюць, што разнастайныя сіквелы і прыквелы значна саступаюць арыгіналу па якасці, большасць гледачоў ўсё роўна не можа ўтрымацца ад сустрэчы з любімымі персанажамі. Падагульняючы, можна зразумець, якія карціны маюць поспех у гледача. Поспех (а значыць —і цёплае мястэчка ў рэйтынгу чаканых) забяспечаны фільмам з пэўнай папулярнай франшызы, экранізацыям, працягам, фільмам у папулярным жанры і са знакамітасцю на постары.

Супергероіка

Наколькі зручна ўладкаваліся людзі. Маючы ў наяўнасці адзін прапісаны свет, некалькі дзясяткаў супергерояў і тону фанатаў франшызы, можна кляпаць фільмы адзін па адным, часам збіраючы іх разам для стварэння больш эпічных батлаў. Па сутнасці, гэтым Marvel, DC, 20th CenturyFox і займаюцца, пры гэтым яны канкурыруюць за частку гледачоў.

Не сакрэт, дата выхаду фільма мае сапраўды вялікае значэнне. Удала абраны час — і нават не самы якасны фільм можа сабраць касу. Гэтым разам DC вырашылі не сапернічаць за гледачоў, таму выпусцілі свой фільм нашмат раней за канкурэнтаў. «Бэтман супраць Супермена: На світанку справядлівасці» (94% — рэйтынг чакання на КінаПошуку) выйшаў у сакавіку і тут жа бязлітасна праваліўся. Доўгачаканае ўз’яднанне двух такіх моцных герояў не падалося гледачу паспяховым. Фільму не хапіла логікі ў апавяданні, матывацыі персанажаў (асабліва ЛексуЛютару), тут і там віселі шматкі сюжэтных ліній. Але самая вялікая праблема карціны — мантаж. У кінатэатральным мантажы фільм скакаў паміж сцэнамі, рэзка тузаўся і быў адкрыта крыва злеплены. Асабліва кантрасна гэта адчуваецца ў параўнанні з нядаўна выпушчанай пашыранай версіяй фільма, якая хоць і даўжэйшая на паўгадзіны, але дазваляе атрымаць асалоду ад візуальнага складніка і тлумачыць (хоць і вельмі нудна) мноства дробных дэталяў. І нельга забываць: гэта толькі падрыхтоўка да кінадылогіі «Ліга справядлівасці».Аднак відавочна: не на гэты фільм DC ставіла. Яго галоўная надзея на поспех сёлета— «Атрад самагубцаў» (97%), які выйшаў на пачатку жніўня.

Marvel стартавалі фільмам «Першы Мсціўца: Супрацьстаянне» (94%), які быў на слыху ў асноўным дзякуючы двум момантам. Першы: куча супергерояў біліся сценка на сценку. Другі: у фільме з’явіўся Чалавек-Павук, якога нарэшце іграе падлетак. Правы на героя ўсё яшчэ належаць кампаніі Sony, аднак яны ласкава пазычылі іх Marvel на адзін фільм, такім чынам прарэкламаваўшы будучы, ужо трэці па ліку, перазапуск. «Першы Мсціўца: Супрацьстаянне» не расчараваў, але і са стандартнай лінейкі Marvel нічым не выбіўся. Карціна, як і раней, ігнаруе сцэнарныя дэталі, і хоць і прапісвае матывацыю і логіку паводзін, але робіць гэта вельмі нязграбна. Увесь вольны час аддадзены экшну, праз што пакутуе сюжэт (хоць многія аматары экшну, можа, тут са мной не пагодзяцца).Гэта выглядае так: «нам трэба было прыдумаць падставу, каб сутыкнуць супергерояў, і нейкая там падстава ёсць, а большае нам не патрэбна». Але, увогуле, падобнае сярод фільмаў пра каманду Мсціўцаў не рэдкасць. Візуальны складнік, як, дарэчы, і гумар, на высокім узроўні. Эксперыменты ж студыя запланавала на лістапад гэтага года: выходзіць «Доктар Стрэндж» (96%). Некалі комікс пра гэтага персанажа змяніў успрыманне работ Marvel, і студыя спадзяецца, што фільм таксама зможа стаць паваротным.

А кампанія 20th CenturyFox, галоўным козырам якіх з’яўляецца франшыза«Людзі Х» (з якой яны твораць, што хочуць), ужо адстралялася сёлета, выпусціўшы два фільмы. Першым на экранах у лютым з’явіўся доўгачаканы «Дэдпул» (95%). Што ж, у іроніі і самаіроніі гэтаму хлопцу не адмовіш. Гледачы чакалі чорнага грубага гумару — яны яго атрымалі. І гэта адзінае, дзякуючы чаму фільм не праваліўся і нават змог атрымаць сіквел.Сцэнарый а-ля выратаванне прынцэсы: супергерой становіцца супергероем, у яго крадуць даму сэрца, ён яе ратуе. Злыдзень, шчыра, ні аб чым, ужо нават і імя яго не ўспомніш, а парушэнне 4-й сцяны, якое выклікала такі ажыятаж, на справе не ўразіла, месцамі нават недарэчнае.

Яшчэ адзін фільм студыі «Людзі Х: Апакаліпсіс» (95%). Самая вялікая праблема ўчастцы пра мутантаў— мноства новых персанажаў і знікненне асноўных на даволі вялікі прамежак часу. Так фільм губляе складнасць і разбіваецца на часткі. Аднак яго выцягвае добры экшн і жарты. «Людзі Х: Апакаліпсіс» змог канкурыраваць з «Першым Мсціўцам: Супрацьстаянне», з якім выйшаў у адзін час, але відавочна, не дацягнуў да яго. А вось прыхільнікі коміксаў, дарэчы, упершыню загаварылі аб кананічнасці франшызы мутантаў.

Сіквелы

Калі зусім лянота прыдумаць нешта новае, а грошы тэрмінова патрэбныя на нейкі больш якасны праект, у ход ідзе штампоўка сіквелаў. Прычым, здаецца,сёлета падобная штампоўка дасягнула апагея сваёй нахабнасці, калі быў зняты сіквел фільма 20-гадовай даўніны.

Гаворка пра карціну «Дзень Незалежнасці: Адраджэнне» (89%), якая знятаРоландамЭмерыхам. Гэта працяг фільма, які ў канцы 1990-х літаральна перавярнуў усю індустрыю кінафантастыкі. Тады настолькі маштабныя разбурэнні ў кіно былі ў навіну, аднак у 2016 годзе падобным ужо нікога не здзівіш. Усе ведаюць, на што здольны AdobeAfterEffects, і хочуць ад навуковай фантастыкі перш за ўсё лагічнасці і абгрунтаванасці. З гэтым Эмерых і яго каманда, на жаль, не справіліся. Логікі ў фільме няма, забываюць нават пра існаванне звычайных законаў фізікі. Прышэльцы прабурылі ў акіяне вялізную дзірку практычна да ядра планеты (а гэта, на хвілінку, амаль тры тысячы кіламетраў), а Зямлі — нічога. І толькі акіян самкнуўся над свідравінай з драматычным «бульк». Сцэнарый фільма цалкам злізалі з першай часткі, у яго толькі дадалі новых герояў, нават не паспрабаваўшы раскрыць іх характары. Фільм страціў атмасферу і драму. Няма напалу страсцей, няма безвыходнасці. О, у нас герой памірае, самы час для жартаў! Сіквел выйшаў відавочна ніжэй сярэдняга, аднак выхад трэцяй часткі пакуль ніхто не аспрэчыў.

Першая палова 2016 года прадставіла на суд яшчэ 2 сіквелы, толькі ўжо ў жанры фэнтэзі. Выйшаў працяг фільма «Беласнежка і Паляўнічы» з лічбай 2 у назве (85%). Першая частка была змрочнай і крывавай казкай з Крыстэн Сцюард, другая ж —фэнтэзійная меладрама ў яркіх колерах, дзе Беласнежка нават не фігуравала. Галоўная вартасць сіквела— выдатныя акцёрскія работы жаночай часткі асноўнага касту (ШарлізТэран, ДжэсікаЧэстэйн, Эмілі Блант) і, зноў жа, выдатны візуальны шэраг. Як заведзена, сцэнарый, логіка і матывацыя падвялі. І калі «Беласнежка і Паляўнічы 2» можна парэкамендаваць да прагляду пэўнай групе рамантычных дзяўчатак, то фільм «Аліса ў Залюстроўі» (91%) можна парэкамендаваць толькі спаліць. Гэта працяг бёртанаўскай «Алісы ў краіне цудаў», быццам бы зняты па кнізе. Аднак ад яе ў сіквелене засталося нічога. Галоўная праблема ў сюжэце, які адкрыта… дурны. Ён шалёна развіваецца з самага пачатку фільма, прычым у ім столькі нестыковак, умоўнасцяў і дапушчэнняў, што ён не можа захапіць і ўцягнуць. Больш за тое, замест чаканай вар’яцкай кіслотнай казкі нам выдалі сямейную драму з павучальным канцом пра любоў да сваякоў. Тое, што рабіла фільм Бёртана такім вар’яцкім: цяжкі характар Чырвонай каралевы або дзіўнавата-мілыя паводзіны Шляпніка,— проста ўзялі і патлумачылі. Зразумела, увесь каларыт быў страчаны: не варта абгрунтоўваць магію казкі. Акцёрскія работы пры гэтым зусім не на вышыні, асабліва горка бачыць Джоні Дэпа, які дрэнна адыгрывае сваю ролю.

Экранізацыі

Ніхто не імкнецца рабіць нешта кардынальна новае ў фантастыцы. Гэта вельмі аб’ёмная і доўгая праца: мала таго, што трэба прапісаць персанажаў і асноўны сюжэт, дык трэба яшчэ, вы ўявіце, прыдумаць і старанна прапрацаваць свет, у якім адбываюцца падзеі! Таму свет часцей за ўсё альбо бяруць гатовы (кніга, іншы фільм, франшыза), альбо нейкі«стандартны», штосьці з таго, што мы ўжо бачылі.

У першым паўгоддзі галоўнай экранізацыяй стаў фільм «Варкрафт» (93%), зняты па аднайменнай камп’ютарнай гульні. Успомніць добрыя фільмы па гульнях — задача не з лёгкіх нават для тых, хто цікавіцца. Аднак некаторыя крытыкі ўжо выказалі думку, што «Варкрафт» мог бы ўзначаліць гэты топ. Фільм зроблены фанатам для фанатаў, пры гэтым стаў цяжкім для пераварвання звычайным смяротным. Ёсць адчуванне, што кампанія-праваўладальнікBlizzard проста падмяла пад сябе стваральнікаў кіно: «Варкрафт» выдатна прымыкае да гульняў і, верагодна, зняты, каб падштурхнуць новую хвалю цікавасці. Тыя ж, хто не ведае кантэксту, намагаюцца запомніць імёны дзясятка персанажаў і задаюцца пытаннямі, адказы на якія фільм не дасць. З’яўляецца адчуванне, што з сусвету выхапілі кавалак, а на спробу даведацца як героі дайшлі да жыцця такога, адказваюць: «Пагуляй, то даведаешся».

Падлеткавая антыўтопія

На сёння гэта другі па папулярнасці пасля супергероікі жанр фантастычнага кіно. Відавочна, вялікі ўклад у яго раскрутку ўнесла культавая экранізацыя «Галодных гульняў». На іх хвалі выехалі і іншыя франшызы: «Той, хто бяжыць ў лабірынце» або ўсім знаёмы «Дзівергент».

Трэцяя, перадапошняя частка франшызы «Дзівергент, глава 3: За сцяной» (77%) выйшла ў сакавіку. Сама франшыза ставіць галачку насупраць многіх прычын стаць папулярнай і практычна збірае кіношнае бінга. Гэта частка франшызы ў папулярным жанры, якая, акрамя таго, з’яўляецца экранізацыяй. Але, як ні дзіўна, трэцяя частка не расчароўвае. Мяркуйце самі. Усе, хто вырашыў паглядзець гэты фільм, выдатна ведаюць узровень першых дзвюх частак. Ведаюць, што логіка зусім не канёк фільмаў пра ТрысПраер, што героі пляваць хацелі на матывацыю, што нешта адбываецца, таму што так трэба, а не таму што гэта заканамерна. Тым не менш трэці фільм нядрэнны — вядома, у параўнанні з астатнімі часткамі франшызы. Нарэшце нам больш-менш зразумела абгрунтоўваюць мясцовую будову грамадства. Да таго ж, з’яўляючыся экранізацыяй першай паловы кнігі «Алігент», «Глава 3: За сцяной» застаецца самастойнай завершанай гісторыяй з разлікам на будучыню (што не шмат у каго атрымліваецца). Відавочна лепшым стаў візуальны складнік. Аматараў футурыстыкі пацешаць прывабныя гарады будучыні, ды і вайсковая тэхніка стала значнацікавейшай. Гэта, вядома, не адмяняе таго факта, што яна цалкам непраўдападобная, але ж... гэта ўжо трэцяя частка, вы саміведалі, на што ішлі.

Для фанатаў антыўтопіі прэзентавалі яшчэ адзін фільм у першым паўгоддзі — «Пятая хваля» (91%). Гэта экранізацыя (ну, хто б сумняваўся) з ХлояйГрэйсМорац у галоўнай ролі. І што б вы думалі? Чакана дрэнны фільм з поўнай адсутнасцю логікі і абгрунтавання нейкіх дзеянняў персанажаў. Галоўныя героі стужкі — дзеці, адвезеныя на ваенную базу пад выглядам абароны, якім даручылі ваяваць з іншапланецянамі. Чаму гэтага не могуць зрабіць дарослыя? Невядома. Чаму дзеці не задаюць пытанняў, напрыклад, дзе іх бацькі? Невядома. Чаму іншапланецяне распрацоўваюць складаныя планы з удзелам дзяцей, хоць іх сілы практычна бязмежныя? Невядома. Увогуле, усё лёгка падладжваецца пад патрэбы герояў. Даволі маркотнае відовішча.

Знакаміты рэжысёр

Стывен Спілберг. Рэжысёр класікі кінематографа, стваральнік такіх фільмаў, як «Спіс Шындлера», «Назад у будучыню», «Шпіёнскі мост». І тут у канцы паўгоддзя ён выпускае свой другі дзіцячы фільм пасля «Іншапланецяніна» — экранізацыю казкі РаальдаДаля «Вялікі і добры велікан» (92%). Для даведкі, па кнізе гэтага ж пісьменніка ЦімБёртан зняў «Чарлі і шакаладная фабрыка». І хоць самому Далю фільм не спадабаўся, ён быў значна бліжэйшы да арыгінала па атмасферы, чым казка Спілберга.

Даль і Бёртан— вялікія аматары макабру ў сваіх работах, фанаты ўсяго змрочнага, жахлівага, наіўна жорсткага. Фільм жа Спілберга не ўспрымаецца гратэскавым, гэта самае звычайнае дзіцячае фэнтэзі: калі на экране пачынае адбывацца нешта неадэкватнае, гэта не здаецца заканамерным, а ўспрымаецца як вар’яцкасць сцэнарыя. Калі Сафі прадставіла Вялікага і добрага велікана англійскай каралеве і папрасіла яе пайсці вайной на краіну веліканаў — гэта бязглуздзіца, а не макабр. Дадайце да гэтага даволі прымітыўныя жарты з каверканнем слоў, напэўна, адну з самых маштабных газапускальных сцэн у гісторыі кінематографа і сумнеўны пасыл пра тое, што трэба рабіць добрыя справы, каб хоць якімсьці чынамзгладзіць дрэнныя ўчынкі атачэння. Магчыма, ва ўсім гэтым ёсць другое дно, але ўгледзець яго, верагодна, могуць толькі самыя адданыя прыхільнікі рэжысёра.

Відавочна, першая палова 2016 года стала не самай паспяховай для фантастыкі. Верагодна, другая яго частка будзе крыху больш удалай хоць бы дзякуючы выхаду такіх нашумелых фільмаў як «Інферна» па кнізе ДэнаБраўна, «Фантастычныя жывёліны і дзе яны жывуць» (экранізацыя Роўлінг), «Крэда забойцы» па знакамітай камп’ютарнай гульні «Assassin’sCreed» і спін-оф «Выгнаннік адзін. Зорныя Войны: гісторыі». Вядома, ніхто не гарантуе, што гэтыя фільмы па факце апынуцца вартымі выдаткаваных на іх часу і грошай. Больш за тое, гатова паставіць на тое, што «Выгнаннік адзін» расчаруе ўсіх, акрамя адданых фанатаў, якія дагэтуль у экстазе ад самога факта працягу гэтай франшызы. Аднак расчараванне ўсё ж не падстава пазбягаць кінатэатраў з іх непаўторнай атмасферай, велізарным экранам і тэхналогіямі, якімі могуць пахваліцца пакуль не ўсе тэлевізары.

Варта толькі пакідаць галаву халоднай і не чакаць ад фільма занадта многа, бо праз завышаныя чаканні карціна можа здацца вам значна горшай, чым яна ёсць на самай справе.

Давайце глядзець на кінафантастыку вачыма рэалістаў.

Кацярына Святластражава

Надрукавана ў часопісе "Маладосць".

Загаловак у газеце: Чаканне vs Рэальнасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.