Вы тут

Дарослы гарэза Андрусь Такінданг


Вядомы мастак і музыка, удзельнік гуртоў «Recha» і «Harotnica» расказаў «Бярозцы», якіх ганаровых людзей хапаў за нос у дзяцінстве, што такое «Парнат» і як можна зарабляць на хлеб мастацтвам.


— Я нарадзіўся ў Мінску. Быў непаслухмяным гарэзам, усё ламаў, раскручваў, разбіраў. Мама распавядала, што каб я заснуў, тата выклікаў таксоўку, катаўся са мной па горадзе. Яшчэ аднойчы ў Мінск прыехаў нейкі ганаровы госць з пасольства Рэспублікі Чад, сказаў: «Ой, які прыгожы хлопчык», а я схапіў яго за нос і не адпускаў, не маглі аддзерці. Праз некаторы час я зрабіўся больш задуменным, спакойным. У пачатковую школу пайшоў у вёсцы Чэрцы (Лепельскі раён, Віцебская вобласць), у мяне там бабуля жыве. Ранняе дзяцінства ў мяне было вясковае: хадзіў, як кажуць там, «пад карову» — сустракаць з поля, вучыўся калоць дровы, касіць. І марыў, калі ж я патраплю ў Мінск, дзе не будзе гэтай цяжкой працы. Але гэты час спрыяў таму, што я сфарміраваўся такі, які ёсць. Калі пасвіш кароў, ідзеш на далёкі агарод, у цябе ў галаве нараджаюцца думкі, песні, мары, карцінкі, вершы, не сціснутыя горадам і яго рытмам. Гэта было як адхланне пасля цяжкой фізічнай працы. Дарэчы, 22 гады таму я меў публікацыю ў «Бярозцы» — малюнкі і вершыкі — дзесьці дагэтуль захоўваецца той нумар. Гэта таксама яркая частка майго дзяцінства.

— А як вы ставіліся да школы?

— Я думаў, як жа доўга гэтая вучоба цягнецца! Кожны год напрыканцы лета мне рабілася сумна: паспяваюць яблыкі, а ты будзеш сядзець на занятках і глядзець у акно. З урокаў мне падабаліся літаратура і фізкультура. Хоць дзядуля ў мяне — выкладчык фізікі, а бацька — матэматыкі, з гэтымі прадметамі заўсёды былі пытанні. Бабуля — настаўніца рускай мовы і літаратуры, але і з пісьменнасцю ў мяне праблема — няма прыроднага пачуцця. Калі ў нейкага слова ёсць хоць які варыянт няправільнага напісання, я напішу няправільна, хоць усе правілы заўсёды вучыў.

У пяты клас я паступіў на мастацкае аддзяленне ў «Парнат» — так у народзе называюць гімназію-каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка. Гэта — культавае месца, выспа свабоды. Уяві сабе: вялікая майстэрня, у якой працуюць 6—7 чалавек, стаіць магнітафон, людзі спрачаюцца, чыю касету слухаць, разважаюць, малююць. Па агульнаадукацыйных прадметах мне трапляліся настаўнікі, якія вучылі крытычнаму мысленню: на ўроках гісторыі ці літаратуры мы разважалі, спрачаліся, з нас фарміравалі не проста спажыўцоў, а сапраўдных мастакоў — людзей, якія маюць сваю думку і могуць яе адстойваць. Гэта быў час, калі я адчуваў сапраўдную мастацкую свабоду: можна было схавацца ў майстэрні, штосьці маляваць перад праглядам дапазна. Гэта такі мікрасвет — з аднаго боку вельмі карысны, бо стварае казку для чалавека, а з другога — выходзіш з гэтага мікрасвету крыху прыгаломшаны рэальным жыццём, разумееш, што не ўсюды дзейнічаюць законы Парната.

— Наколькі патрэбная ўвогуле творчая адукацыя?

— Ёсць шмат прыкладаў самародкаў, якія ўсё ўмеюць. Але адукацыя аблягчае творчае жыццё: ты ведаеш законы і прыёмы. Чалавек, які не мае адукацыі, таксама вучыцца. Зразумела, што Леанарда да Вінчы акадэмію не заканчваў. Але наведваўся да майстра, чысціў яму пэндзлі. Адукацыя патрэбная для таго, каб ты потым мог супраць яе ісці. Ты малады мастак, цябе заганяюць у пэўнае рэчышча, а ты супраціўляешся. І вось у вашым двубоі гартуецца твой творчы меч. Ты робішся больш жыццяздольным.

— А з чаго ўвогуле пачалося захапленне мастацтвамі?

— Калі я быў малы, жыў яшчэ ў вёсцы, на ўроках літаратуры нам распавядалі пра пісьменнікаў і паэтаў, я любіў сябе ўяўляць пісьменнікам ці паэтам: калі вяртаўся са школы, апранаў чыстую белую кашулю, сядаў за стол, браў нататнік і думаў, што я магу напісаць. Як Караткевіч J. Яшчэ ў часы майго дзяцінства было модным абстрактнае мастацтва. Маці дала мне кардон, гуаш, я пачаў маляваць нейкія плямы, а ўсе мяне заахвочвалі, што гэта крута. І мне было добра, што я малюю, а ўсім падабаецца. Я працягваў, а потым даведаўся, што ёсць каледж мастацтваў, куды можна паступіць. Тады я пачаў трэніравацца, дзядуля рабіў для мяне пастаноўкі, нацюрморты. Потым паступіў у каледж. З музыкай было ўсё пазней — у класе 10—11. Усім хочацца падабацца дзяўчатам, таму мы з сябрам Мікітам Кішовым, таксама мастаком, зрабілі рок-гурт.

— Вельмі часта чую гісторыі, што бацькі супраць творчых прафесій…

— Мне пашчасціла, што ў мяне заўсёды верылі. Калі б у мяне не было падтрымкі сваякоў, не варта было б і брацца за ўсе гэтыя эфемерныя прафесіі. Вельмі важна, калі блізкія цікавяцца тваімі канцэртамі, не саромеюцца іх, а ганарацца, бо тут можа быць дзве пазіцыі. Першая: «У мяне ўнук музыкант, хай Бог крые і ратуе», а другая: «А вось мой унук выступаў там і там, ездзіў на гастролі туды і туды». У маёй бабулі — другі варыянт. Творчая прафесія вельмі хісткая, ты заўсёды ў сумневах, ці тое і ці правільна ты робіш. Без падтрымкі блізкіх будзе вельмі складана.

— Ці была альтэрнатыва творчым прафесіям?

— У Парнаце аднойчы адбылася такая гісторыя: бяжыць маленькі хлопчык, музыкант-першакласнік, за ім дырэктар, такі мажны трубач, завучы па выхаваўчай, па навучальнай частках, загадчык гаспадарчай часткі — такой дэлегацыяй гоняцца за гэтым першакласнікам, ён выбягае на дарогу, дырэктар хапае яго, нясе ў Парнат, хлопчык кусае дырэктара за палец і крычыць: «Не хачу быць піяністам, хачу быць шафёрам».

Натуральна, было такое і ў мяне. Падчас творчых ці асабістых крызісаў хацелася пайсці працаваць шафёрам ці рознарабочым — куды заўгодна, абы не звязвацца з гэтымі хісткімі матэрыямі. Думаў: «Рабочы на будоўлі прыносіць карысць, доктар лечыць людзей, а што робіць мастак ці музыкант?» Але жыццё даводзіла, што ў кожнага чалавека ёсць свой крыж. Часам ты разумееш, што не толькі ты кіруеш сваім жыццём, што ў цябе ёсць нейкі абавязак, паколькі табе Богам, лёсам, тваімі настаўнікамі, сям’ёй дадзена гэтае слова, гэты пэндзаль, то ты мусіш не хаваць яго, а выкарыстоўваць. Народу патрэбны мастакі і музыканты. Што будзе, калі не будзе ні карцін, ні музыкі, ні песень? Чалавек са сваёй штодзённай працай проста кладзецца ў труну, не маючы ніякага мастацкага перадыху.

— Агучу стэрэатып, што музыкай і мастацтвам вельмі цяжка зарабляць...

— Вядома, цяжка, але ж мы неяк жывём. Можна сказаць, што зарабляць цяжка, і пры гэтым сядзець, нічога не робячы, а можна шукаць нейкія хады, бо запатрабаванасць ёсць. Мы аб’ездзілі шмат беларускіх вёсачак і мястэчак. Мастака і музыку таксама ногі кормяць, толькі паспявай казаць пра сябе, каб заўважалі і запрашалі. Зразумела, ёсць такая хвароба, што можам здрадзіць сваёй творчасці, перайсці да эстраднасці, але трэба шукаць сярэдзіну, калі музыка запатрабаваная ў патэнцыйнага пакупніка і адначасова адпавядае тваім мастацкім густам. Мы стараемся балансаваць на гэтай мяжы. Я нічога ганебнага не бачу ў тым, што мы выступаем не толькі на канцэртах і музычных фестывалях, але і выконваем ужытковую функцыю — аздабляем вяселле ці юбілей, бяромся за гэта з задавальненнем. Галоўнае, каб быў імпэт, бо акалічнасці заўсёды будуць супраць. Трэба сябе прымушаць працаваць, рабіць больш і лепш.

— Ці ёсць у вас у творчасці звышзадача?

— Што датычыцца гурта «Harotnica» (Гаротніца), то ў мяне было жаданне ствараць музыку для музыкаў, каб слухач прыходзіў і яму было цяжка слухаць, каб узнікалі супярэчлівыя эмоцыі, каб ён перажываў. А гурт «Recha» (Рэха) — гэта суразмернасць і дэмакратычнасць: каб на канцэрце было кайфова і дзеду, і ўнуку. Імкнёмся ствараць наўмысна простыя музычныя кампазіцыі, каб у гэтай простасці была шчырасць, каб была магчымасць размаўляць з гледачом вочы ў вочы, рабіць песні пра сябе і пра яго адначасова. Не станавіцца ў позу рок-зорак, не быць месіямі, а ствараць песні, якія чалавек мог бы напісаць сам, якія ён піша штодзень сваім жыццём, але не можа іх вербалізаваць і аформіць музычна. Я ведаю дакладна, што нашы слухачы куды лепшыя за нас. Глядзіш са сцэны ў залю, бачыш крутых, рэальна прыгожых людзей, абцяжараных пэўным багажом інтэлекту, адчуванне трапяткое: ты тут стаіш перад імі такі, які ёсць, пацёрты, са сваімі тараканамі.

— Ці ёсць у вас якасці і здольнасці, якія здзіўляюць вас самога?

— Мяне здзіўляе, што я са сваімі сумнеўнымі якасцямі і здольнасцямі маю шчасце ўдзельнічаць у гурце «Recha», што мы маем песні і канцэрты. Я сябе ведаю, але мае негатыўныя якасці перакрываюцца якасцямі сяброў, з якімі мне пашчасціла мець зносіны — таленавітых, прыгожых і крутых музыкаў. Паасобку мы, так бы мовіць, «кульгавыя», у аднаго праблема з рытмам, у другога — з матывацыяй, у трэцяга — з матывацыяй і рытмам… Але збіраемся разам і ствараем насуперак якасцям і здольнасцям. Усё, дзякаваць Богу, атрымліваецца. Мне прыемна называць сваіх калег-музыкаў сябрамі, бо мы імкнёмся да гэтага. Мы працуем разам шмат гадоў, вядома, што ёсць сваркі і непаразуменні, таму што людзі мы недасканалыя. Але калі мы разам на рэпетыцыі ці на выступленні, адбываецца нейкае чараўніцтва, бо з усіх недасканаласцяў утвараецца не толькі музыка, але і свята.

— Як у вас такая самакрытычнасць спалучаецца з аптымізмам?

— Гэта ўсё жыццёвы досвед. Калі табе, шаноўны чытач «Бярозкі», менш чым 18 гадоў, то ты думаеш, што пройдзе няшмат часу — і ў цябе будуць крылы, ты зможаш лётаць, здолееш усё на свеце. І правільна. Так яно і будзе. Але ты сталееш, і пачынаеш заўважаць, што ў цябе не ўсё атрымалася, што ты не ўсё можаш, не ўсё умееш. Жыццё вучыць, што сапраўды можна набіць гузакі, але адчайвацца, апускаць рукі — нельга. Я гэта і сабе зараз кажу. У жыцці, вядома, шмат розных выпадкаў, нечаканасцяў, але ў шэрагу непрыемных нечаканасцяў сустракаюцца і радасныя, сярод пахмурных дзён здараюцца добрыя сонечныя дзянькі. Дзеля гэтага і варта працаваць, насуперак усяму. Галоўнае — заўважаць гэта, не збочыць са свайго шляху, трымацца сяброў, з якімі робіш адну справу. У гэтым — крыніца маёй надзеі. Я ведаю, што я недасканалы, але маё жыццё складаецца так, што ёсць за што дзякаваць Богу.

Кацярына Захарэвіч

Надрукавана ў часопісе "Бярозка".

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».