Вы тут

Чаму ж бацькі пакрыўджаных дзяцей не думаюць аб сваёй старасці?


Жыла-была сям'я ў Брэсце: маці, бацька і дачка. Пражывалі яны ў доме, які галава сям'і атрымаў, паводле дагавора дарэння, ад сваёй маці. Пазней ён перапіша жыллё на сваю непаўналетнюю дачку, назавём яе Таццянай. А вось маці гэтага сямейства Ірына, грамадзянка Украіны, яна нават не мела віду на жыхарства ў нашай краіне, так наязджала туды-сюды, зарэгістраваная да гэтай пары ў Валынскай вобласці. Жыццё апошнім часам, што называецца, не клеілася, і сужэнцы пасля 15 гадоў шлюбу развяліся.


Але ж прадпрымальная дамачка выступіла законным прадстаўніком сваёй дачкі ў выпадку з ажыццяўлення здзелкі па нерухомасці. І засталася пражываць у доме былога мужа. Праўда, клопатамі аб выхаванні дачкі Тані яна асабліва сябе не абцяжарвала. Прывяла ў дом сужыцеля, пастаяннымі сталі гулянкі з выпіўкай. А калі дачка-падлетак выказвала сваю незадаволенасць абстаноўкай у доме, то маці магла і пацягаць яе за валасы, не саромелася і ў славесных практыкаваннях у адносінах да ўласнага дзіцяці (пазней у дакументах суда гэта назавуць абразай). Такім чынам, бацьку з дачкой там стала жыць немагчыма, і яны перабраліся ў дом бабулі.

Праз нейкі час Васіль ад імя 16-гадовай дачкі падаў у суд іск аб высяленні былой жонкі з дому. У ходзе судовага разбору высветліў шэраг цікавых абставін. Так, напрыклад, Ірына пазычала вялікія сумы грошай у валюце ў сваіх знаёмых як бы на пакупку абсталявання для бізнесу. А вось у якасці залогу аднаму з крэдытораў дала арыгінальны экземпляр дагавора дарэння дома, што атрымаў былы муж ад сваёй маці ў верасні 2013 года, якім завалодала незаконна. Таксама адказчыца мела запазычанасць па аплаце аліментаў былому мужу на ўтрыманне дачкі больш як на 2500 рублёў. Пражываючы ў доме, яна не плаціла за ваду, электраэнергію, і даўгі за адпаведныя паслугі набліжаліся да тысячы рублёў. Далей — болей, нахабству яе, здавалася, не будзе межаў. Былая жонка і маці памяняла ўсе замкі ў доме, заключыла ад свайго імя дагавор на ахову дома і падала іск у суд Ленінскага раёна Брэста аб прызнанні Васіля страціўшым права валодання і карыстання жылым домам на падставе таго, што ён там не пражывае і не ўтрымлівае памяшканне.

Вядома, суд не задаволіў такі іск, бо прэтэнзіі былі беспадстаўнымі. А вось іск дачкі аб высяленні маці выглядаў пераканаўча. На баку 16-гадовай дзяўчынкі выступалі бацька, бабуля і прадстаўнікі дзяржаўных органаў апекі і папячыцельства. Сведкі расказвалі, як Ірына перыядычна ўчыняе скандалы, а потым сама піша заявы ў міліцыю. У дом яго гаспадароў не пускае, пры гэтым не лічыць патрэбным аплачваць камунальныя паслугі.

Як і варта было чакаць, суд вынес рашэнне выселіць адказчыцу з жылога дома без прадстаўлення іншага жылога памяшкання, а таксама спагнаць з яе судовыя выдаткі.

Цяжка сказаць, ці зробіць для сябе якія высновы 40-гадовая жанчына. Асоба без грамадзянства краіны і рэгістрацыі разгарнула цэлую сетку махлярскіх прыёмаў, каб завалодаць домам былога мужа: выкрадала дакументы, рабіла немагчымым пражыванне экс-мужа і дачкі, каб потым казыраць гэтым у судзе. Уважліва азнаёміўшыся з нашымі законамі, яна ўмела правакавала выклікі міліцыі, пісала заявы ў РАУС, каб было што прад'явіць быццам бы мужу-скандалісту, хоць і былому. Пры гэтым інтарэсы дачкі не тое што не ўлічвала, паводзіла сябе з ёй як з яшчэ адной перашкодай, якую трэба проста нейкім чынам нейтралізаваць на шляху да дасягнення сваіх мэт па захопе чужога дома. Варта сказаць, што некаторым жа падобныя аферы ўдаюцца, тут проста своечасова спахапіліся ці нехта падказаў, але схільнай да махлярства кабеце далі адпор.

Але аб чым думала яна, калі спрабавала адсудзіць дом, які юрыдычна з'яўляецца ўласнасцю яе дачкі? Ці яна меркавала ў гэтым доме нарадзіць новых дзяцей, якія стануць апорай на старасці? Хутчэй за ўсё не думала ні аб чым, бачыла перад сабой мэту, якую сабе і паставіла: завалодаць тым, што ёй ніколі не належала, напазычаць грошай у даверлівых знаёмых і жыць у сваё задавальненне. Такімі катэгорыямі, як старасць у наступныя 20—30 гадоў, яе наступствы ў выглядзе хвароб, іншыя старэчыя праблемы, асобы, падобныя нашай гераіні, мысліць не здольныя. Яны жывуць сёння і тут, пакуль суд ці іншыя праваахоўныя структуры іх не спыняць.

Дарэчы, апісаным судом справа не скончылася. Як паведаміла памочнік пракурора горада Брэста Наталля ШАСТАЧУК, у суд паступіла яшчэ адна заява ад Тані аб пазбаўленні Ірыны бацькоўскіх правоў. І гэта будзе, відаць, лагічным завяршэннем адной сумнай сямейнай гісторыі.

Не назавеш вясёлай і тую, аб якой расказала старшы памочнік пракурора Кобрынскага раёна Марына СВІСТУНОВІЧ. Трохгадовы хлопчык трапіў у раённую бальніцу з траўмамі, якія мовай пратакола называюцца лёгкімі цялеснымі пашкоджаннямі. Сінякі і драпіны дзіцяці нанёс 43-гадовы бацька. Усялякае бывае ў сям'і, але ж калі любячы бацька шлёпне сына ці дачку па тым месцы, адкуль ногі пачынаюцца, то ў бальніцу дзіця не трапляе. Тут быў зусім іншы выпадак. Таму за справу ўзяліся праваахоўныя органы. Адразу сям'ю наведалі супрацоўнікі РАУС, але жонка дэбашыра, маці пацярпелага хлопчыка і яшчэ дваіх старэйшых дзяцей, вельмі прасіла міліцыянераў мужа да адказнасці не прыцягваць. З чым катэгарычна не пагадзілася пракуратура. Справу разгледзелі ў судзе.

На пасяджэнні суда шматдзетны бацька апраўдваўся, што ён толькі пацягнуў сына за вуха, ад чаго дзіця нахілілася, упала, а экспертыза зафіксавала цялесныя пашкоджанні.

Суд прызначыў пакаранне нядбайнаму бацьку ў выглядзе трох сутак арышту. Але галоўнае, што сям'я пасля гэтага трапіла пад пастаянны кантроль спецыялістаў зацікаўленых службаў. Іх дом цяпер рэгулярна наведваюць прадстаўнікі органаў адукацыі, міліцыянеры, нават супрацоўнікі МНС надаюць павышаную ўвагу захаванню правілаў бяспекі ў кватэры названай шматдзетнай сям'і. Усё робіцца для таго, каб бацькі ўсвядомілі, што іх дзеці цяпер пад асаблівай увагай дзяржавы, і паўтарэнне падобнага ўчынку тоіць у сабе рэальную пагрозу застацца гэтым бацькам наогул без дзяцей.

Памочнік пракурора спадзяецца, што дакумент, які ўмоўна можна назваць комплексам мер па захаванні сям'і, будзе мець належны эфект. І недарэмна два разы на месяц у дом да шматдзетных бацькоў заходзяць самыя розныя службовыя асобы. Можа, адумаюцца бацькі, перагледзяць свае адносіны да выхавання дзяцей, вызначаць раз і назаўсёды, што ж з'яўляецца галоўным: мір і спакой у доме ці скандалы, якія суправаджаюцца злосцю, нястрыманасцю ў паводзінах і спараджаюць буйныя непрыемнасці. Можа, усвядомяць, альбо хто падкажа, што дзеці, якія выраслі ў атмасферы добразычлівасці, хутчэй стануць апорай бацькоў у будучым, чым тыя дзеці, якіх ад бацькоў абараняў суд.

Запрасіць бы гэтых ды многіх іншых бацькоў на пасяджэнне суда ў адным з райцэнтраў, якое адбылося крыху больш за год таму. Суд разглядаў заяву грамадзяніна аб прызначэнні яму аліментаў ад уласных дзяцей. Гэты грамадзянін цяпер стары і нямоглы, так ён ва ўсякім разе пра сябе гаварыў. А некалі ён быў малады і здаровы, але пра дзяцей асабліва не дбаў. Пакінуў жонку з малымі ды падаўся ў пошуках не то лепшай долі, не то прыгод далёка за межы цяперашняй нашай краіны. Жонка падняла дзяцей, яны выраслі, сталі годнымі людзьмі. Прайшоў час, і, на жаль, дзеці пахавалі маці. Дом, у якім яна іх гадавала, дастаўся ёй у сваю чаргу ад яе бацькоў. Потым дом рамантавалі, паднаўлялі, нешта дабудоўвалі. Цяпер там, вядома, ёсць каму жыць. І вось праз шмат гадоў на парозе таго дома з'явіўся бацька... Ён заявіў, што будзе жыць у доме былой жонкі, а дзеці павінны плаціць аліменты на яго ўтрыманне, бо прыстойную пенсію за гады бадзяння па расійскіх гарадах ці сёлах ён чамусьці не зарабіў. Няцяжка здагадацца, што суд адхіліў падобны іск.

Вядома, можна і паспачуваць старому, не надта здароваму чалавеку, а таксама нагадаць іншым, што за ўсе твае ўчынкі жыццё некалі прад'явіць рахунак.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Дачку ад маці, сына ад бацькі — даводзіцца абараняць судам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?