Вы тут

Звяртацца да Бога па-беларуску


Настаяцель прыхода сабора Усіх беларускіх святых вёскі Любань Вілейскага раёна протаіерэй Ігар Дражын хоць бы раз на месяц адпраўляе службу на беларускай мове.


Про­та­і­е­рэй Ігар Дра­жын.

«Усё ўва мне перавярнулася»

З дзяцінства любіў чытаць. Асабліва кнігі па сусветнай гісторыі, па гісторыі рускай праваслаўнай царквы, — расказвае айцец Ігар. — А потым я неяк задумаўся: шмат пра што ўжо маю ўяўленне, але зусім нічога не ведаю пра гісторыю Беларусі. Пайшоў у кнігарню, набраў там усё, што было. Для мяне гэта было ашаламляльна, усё перавярнулася, адкрылася ў іншым святле. Я нічога не ведаў пра сваю краіну, пра яе культуру, традыцыі, пра веру сваіх продкаў. Пасля гэтых кніг я зразумеў, што не ведаючы гісторыю свайго краю, мы губляем саміх сябе. Захацелася нешта памяняць. Зразумела, што я не магу зрабіць штосьці глабальнае, адно толькі занесці ідэю ў той асяродак, у якім знаходжуся. Пачаў спрабаваць размаўляць на нашай мове. Спачатку не атрымлівалася, бо вучыўся ў рускай школе, цураўся беларускай мовы ў дзяцінстве. Запісаў на флэшку беларускія песні, каб слухаць у машыне, чытаю беларускіх класікаў, купляю беларускамоўныя газеты...

Пішыце прашэнне на імя настаяцеля

Ніякіх дакументаў, якія забараняюць служэнне на беларускай мове ў праваслаўных храмах не існуе. Больш за тое, яшчэ на саборы 1918 года, калі выбіраўся патрыярх Ціхан, было прынята такое рашэнне, што па жаданні прыхода служба можа здзяйсняцца на любой мове. Мітрапаліт Філарэт неаднаразова выказваўся, што пажадана, каб хоць бы Евангелле ці Апостал на літургіі прачытваліся на беларускай альбо рускай мове.

Зусім нядаўна Мітрапаліт Павел казаў, што калі прыход жадае, то няхай служаць на беларускай мове, але каб не было раздзялення сярод прыхаджан.

Ведаю, што многія прыхаджане хацелі б, каб літургія адбывалася па-беларуску. Ёсць такая магчымасць для вернікаў, што можна напісаць прашэнне на імя настаяцеля, на імя благачыннага і на імя епіскапа і адправіць іх з сабранымі подпісамі. 10—20 подпісаў — і ўсё будзе вырашана на карысць прыхаджан.

Хоць перакладаў Бібліі на беларускую мову існуе шмат, праваслаўнага варыянта, які б адпавядаў усім канонам нашай царквы, няма да гэтага часу. Ёсць пераклады чатырох Евангелляў, вось зараз заканчваюць перакладаць Апостала, і толькі пасля гэтага з'явіцца цалкам перакладзены на беларускую мову Новы Запавет.

Я ведаў, што перакладамі літургіі займаецца брацтва Віленскіх мучанікаў пры Петрапаўлаўскім саборы пад кіраўніцтвам айца Сергія Гардуна. Звярнуўся да іх, кажу, што мне трэба перакладзенае Святое Пісанне, літургію, трэба ноты для хору. Мне адказалі, што будуць дасылаць электроннай поштай, і што зборніка не існуе ў фізічным выглядзе.

Свой пераклад і спрэчныя словы

Тады я вырашыў сам перакласці тое, чаго мне не хапае, хоць бы тыя ж праскамідыйныя малітвы. Бо святар павінен быць засяроджаным і не рассейваць сваю ўвагу, каб малітва ўзносілася да неба. А калі ты здзяйсняеш праскамідыю на царкоўнаславянскай мове, служыш для людзей на беларускай, а таемныя малітвы зноў чытаеш на царкоўнаславянскай, засяроджанасці гэта не спрыяе.

Даўно літургію ўжо перакладаў уладыка Мікалай з аўтакефальнай канадскай царквы, але ў яго шмат палескіх дыялектызмаў, якія не адпавядаюць нормам сучаснай беларускай мовы. У перакладах айца Сергія Гардуна шмат русізмаў, славянізмаў.

Перакласці праскамідыю мне дапамаглі два філолагі з маіх прыхаджан. Потым ужо пераклалі і таемныя малітвы, і ўказанні для святара. Атрымаўся цэлы службоўнік, якога так не хапае іншым бацюшкам, якія моляцца на нашай мове.

Шмат розных поглядаў на тое, як перакладаць. Наконт імёнаў, напрыклад, якая павінна быць іх транскрыпцыя. У кожнага ж народа існуе сваё прачытанне імёнаў. Чаму ў нас ужываецца Іаан Златавуст, а не Ян Златавуст, чаму Грыгорый Багаслоў, а не Рыгор Багаслоў і г.д. Але больш за ўсё мяне бянтэжыць ужыванне слоў благаславі і благадаць. Усе ж беларусы ведаюць, што слова блага азначае дрэнна. Я не першы, хто прапануе варыянты дабраславі і дабрадаць. Мне казалі, што іх няма ў слоўніках. Нават калі гэта і праўда, мова — гэта жывы арганізм, будзем ужываць словы, слоўнікі зафіксуюць праз колькі гадоў. Але асабіста я сустракаў у слоўніку і дабравешчанне, і дабравесце, гэта значыць, словаўтварэнне такое магчымае.

Малебен на нашай мове

Цяпер раз на месяц ці часцей, калі выпадае памяць беларускіх святых, я служу цэлую літургію на беларускай мове. У іншыя дні па-беларуску чытаю Евангелле, пропаведзь хутчэй на трасянцы. Ёсць цяжкасці з багаслоўскай лексікай, якая ў мяне не напрацавана яшчэ. Хоць увогуле яна распрацаваная, ёсць пропаведзі Арцемія Кішчанкі, гродзенскага епіскапа, але такой літаратуры, безумоўна, мала.

Пакуль мару, каб хоць бы раз на год, у Дзень беларускіх святых, па ўсіх храмах Беларусі прагучаў бы малебен на нашай мове гэтым самым беларускім святым, якія паклалі сваё жыццё дзеля нас з вамі.

Алена Хурс

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.