22 Верасень, субота

Вы тут

Год культуры ў Мастах адзначаюць цікавымі выставамі


Год культуры ў Мастах адзначаюць цікавымі выставамі з удзелам не толькі мясцовых майстроў, але і гасцей з іншых рэгіёнаў Беларусі і замежжа. Напрыклад, літоўская майстрыха Алдона ЛЕБУВЕНЕ са сваімі калегамі па рамесніцтву, гродзенцамі Таццянай і Ігарам ПЯРВУХІНЫМІ, пазнаёмілася летась на «Славянскім базары» ў Віцебску, а сёлета з сумеснай выставай «Творчасць без межаў» яны прыехалі ў Масты. На ёй былі прадстаўлены жаночыя ўпрыгажэнні з натуральнай скуры і камянёў, сукенкі і кардыганы, звязаныя пруткамі і шыдэлкам, і іншыя вырабы.


Мас­тоў­скі цэнтр ра­мёст­ваў па­ста­ян­на ўдзель­ні­чае ў ра­ён­ных, аб­лас­ных, рэс­пуб­лі­кан­скіх вы­ста­вах, кір­ма­шах і свя­тах.

Цікава: а чаму менавіта ў Масты завітала беларуска-літоўская выстава? Чым прывабіў невялікі горад?

— Выдатных рамеснікаў шмат, але раней у нас не было належных умоў, каб паказаць іх работы. Вось і ўзнікла ідэя выкарыстаць памяшканне, якое вызвалілася ў горадзе, пад выставачную залу. Мясцовая ўлада пайшла нам насустрач, — расказвае дырэктар Мастоўскага раённага цэнтра рамёстваў Жанна НОВІК.

Скурка, як кажуць, аказалася вартай вычынкі, і цяпер ужо многія майстры скарысталіся паслугамі выставачнай залы ў Мастах. Тыя ж Таццяна і Ігар Пярвухіны, якія ўжо больш за 30 гадоў займаюцца мастацкай апрацоўкай скуры і яе спалучэннем з іншымі матэрыяламі, у мінулым годзе паказалі мясцовым жыхарам выставу «Скураны блюз», а сёлета прапанавалі беларуска-літоўскую «Творчасць без межаў». Дарэчы, для мастаўчан, якія прыйшлі на адкрыццё гэтай выставы, аўтары падрыхтавалі сюрпрыз — розыгрыш падарункавых сертыфікатаў на набыццё сваіх работ. Шчасліўчыкі атрымалі арыгінальныя ўпрыгажэнні.

Тэматыка выстаў, якія ладзіць раённы цэнтр рамёстваў, таксама межаў не ведае. Тут, напрыклад, і «Плецены свет» (вырабы з лазы) гродзенцаў Наталлі і Андрэя Піваварчыкаў, і вышытыя карціны мясцовых майстрых Марыі САЎКО і Галіны Пракопчык, і «Тайны дрэва» (драўляныя шкатулкі) мінчаніна Дзяніса Галузы... У найбліжэйшых планах выставы ўпрыгажэнняў з медзі ручной работы са сталіцы, вязаных вырабаў з Гомельшчыны, валеных цацак з Гродна.

— Дзякуючы выставачнай дзейнасці мы зарабляем грошы і адначасова папулярызуем майстроў, якія потым атрымліваюць індывідуальныя заказы ад нашых жыхароў альбо гасцей горада, — кажа Жанна Новік.

Дарэчы, многія мастаўчане не толькі ахвотна наведваюць выставы, але і самі вучацца тым ці іншым відам рамёстваў. З 1 верасня працуюць курсы, дзе майстры цэнтра рамёстваў дапамогуць усім ахвотным авалодаць тэхналогіямі керамікі і ганчарнай справы, саломапляцення, лазапляцення, разьбы па дрэве, вязання, вышыўкі, ткацтва, вырабу інтэр'ерных лялек і лялек-абярэгаў, сувеніраў са скуры і многімі іншымі. У мінулым сезоне навучанне на гэтых курсах прайшло каля 60 чалавек.

— Мы рады бачыць і дзяцей, і дарослых. Кошт навучання на сённяшні дзень складае 100 рублёў. Падстройваемся пад кожнага ахвотнага, каб яму было зручна па часе, — зазначае Жанна Новік. — Хтосьці жадае навучыцца лазапляценню для афармлення сваёй аграсядзібы, хтосьці хоча вырабляць нейкія кашолкі... Прычым, вельмі актыўнымі сталі людзі пенсійнага ўзросту. Пасля ўходу на заслужаны адпачынак у іх больш вольнага часу і чаму не навучыцца нейкаму рамяству, каб упрыгожыць свой дом?

— Які від рамёстваў больш за ўсё прываблівае мастаўчан?

— Апошнім часам — лазапляценне. У нас зараз працуе майстрыха, якая вырабляе выдатныя рэчы для дамашняга ўжытку. Навучыць кожнага зацікаўленага.

Што ж тычыцца рамеснікаў-прафесіяналаў, то іх прыцягваюць не толькі на выставы, але і на кірмашы, святы. Супрацоўнічаюць з этнакрамамі ў Мінску і Гродне, куды майстры на пастаяннай аснове пастаўляюць свае вырабы. Купіць іх можна і ў выставачнай зале цэнтра рамёстваў. Там жа прымуць і заказ, напрыклад, на нейкі эксклюзіўны сувенір. Майстар абмяркуе з заказчыкам, што ён хоча, і адразу ж возьмецца за работу.

Мастоўскі цэнтр рамёстваў папулярызуе і яго актыўная работа ў інтэрнэце.

— Зарэгістравалі свае групы ў сацыяльных сетках, дзе пастаянна паказваем нашы работы, паведамляем аб выставах, кірмашах, у якіх удзельнічаем, — кажа Жанна Новік. — Людзі цікавяцца, прапануюць нейкія творчыя ідэі, варыянты супрацоўніцтва. Здараецца, такім чынам і заказы для майстроў атрымліваем.

Вось так на практыцы пацвярджаецца народная мудрасць, што вада не цячэ пад ляжачы камень.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchіk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Скураны блюз» і «Тайны дрэва»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.