Вы тут

Пасол Эквадора лічыць наша горадабудаўніцтва ўзорным


Вельмі важна, каб горад або вёска, дзе ты жывеш, былі ўтульнымі, зручнымі для штодзённага жыцця. Як правіла, пытанні горадабудаўніцтва вельмі актуальныя для жыхароў мегаполісаў — нездарма ж план развіцця сталіцы выносіўся на грамадскае абмеркаванне. Але і ў невялікіх населеных пунктах гэтаму ўдзяляецца ўвага. Так ці інакш, крытыкі заўсёды шмат. Але ёсць, чым і пахваліцца.


З'едзецца ўвесь свет

У гэтым месяцы ў Кіта, сталіцы Эквадора, пройдзе Канферэнцыя Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па жыллі і ўстойлівым гарадскім развіцці «Хабітад ІІІ». З гэтай нагоды Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Эквадора ў Беларусі Карлас Ларэа ДАВІЛА сустрэўся з беларускімі журналістамі.

Ён паведаміў, што 10 верасня быў прадстаўлены тэкст новай павесткі дня гарадскога развіцця, які павінен быць прыняты падчас канферэнцыі.

— Павестка мае асаблівыя характарыстыкі, адрозныя ад тых, якія былі прыняты на канферэнцыях «Хабітад І» і «Хабітад ІІ», — адзначыў пасол.

Калі коратка расказаць пра асноўныя прынцыпы, якія знайшлі адлюстраванне ў гэтым дакуменце, то адзін з першых прысвечаны выкараненню беднасці ва ўсіх яе праявах, у тым ліку крайняй галечы. Другі прынцып новай павесткі дня — гэта ўстойлівая гарадская эканоміка, заснаваная на высокай прадукцыйнасці, канкурэнтаздольнасці і інавацыях. Трэці прынцып — забеспячэнне экалагічнай бяспекі.

2,8 кіламетра над узроўнем мора

Карлас Ларэа Давіла, расказваючы пра сталіцу Эквадора, адзначыў, што горад мае шмат спецыфічных рысаў.

— Кіта размешчаны на вышыні дзве тысячы восемсот метраў над узроўнем мора, — звярнуў увагу ён. — Адпаведна, горад мае свае адмысловыя характарыстыкі. Кіта доўгі час развіваўся, разрастаўся перш за ўсё ў даўжыню, займаючы падножжа гары. Адсюль узніклі праблемы з незаконным захопам і выкарыстаннем зямлі, з гарадскім тэрытарыяльным дзяленнем, з упарадкаваннем, з арганізацыяй руху гарадскога транспарту. Так, адна з галоўных задач, якая стаіць перад горадам сёння, — заканчэнне будаўніцтва метро ў горадзе Кіта. У свой час у нас таксама праводзілася вялікая работа па гарадскім устойлівым развіцці. Быў прыняты шэраг нарматыўных актаў, над якімі працаваў і цэнтральны ўрад, і мясцовыя органы ўлады. Гэтыя законы робяць вельмі вялікі ўнёсак у развіццё горада, адкрываюць новыя магчымасці для яго жыхароў.

Экспарт тэхналогій

Плануецца, што ўдзел у канферэнцыі ў Кіта прымуць прадстаўнікі больш чым 190 краін. Нашу дэлегацыю ўзначаліць Дзмітрый Семянкевіч, намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва.

Кажучы пра ўражанні ад наведвання беларускіх гарадоў і вёсак, пасол Эквадора не хавае свайго захаплення.

— Беларускі падыход да планавання гарадоў, да іх арганізацыі можа стаць вялікім унёскам у работу канферэнцыі ААН, — упэўнены ён. — Мяне ўражвае, як размеркаваны вёскі па тэрыторыі краіны, як будуюцца аграгарадкі. Думаю, што гэта цудоўны прыклад, які павінен быць прааналізаваны падчас пасяджэння канферэнцыі «Хабітад ІІІ». Мінск — адзін з найлепшых гарадоў, якія я бачыў, з пункту гледжання ўрбаністычнай арганізацыі. Тут вельмі важны таксама экалагічны аспект, напрыклад, якасць паветра — яна ў вас вельмі высокая. Вельмі добра, згодна з нормамі, выкарыстоўваецца зямля. Лічу, што Беларусь, яе дэлегацыя падчас працы канферэнцыі можа зрабіць значны ўнёсак у работу канферэнцыі.

Карлас Ларэа Давіла таксама нагадаў, што ў красавіку бягучага года ў Эквадоры адбылася землетрасенне.

— Беларусь у маі накіравала нам вялікую, шчодрую гуманітарную дапамогу, — паведаміў ён. — Цяпер гаворка ідзе аб магчымым удзеле Беларусі ў аднаўленні разбураных падчас землетрасення раёнаў. Нам бы хацелася, каб у нас таксама ўлічваліся крытэрыі і прынцыпы, па якіх будуюцца беларускія дамы. Магчымасці, варыянты, праекты аднаўлення зон, што пацярпелі ад землетрасення, абмяркоўваліся з некалькімі беларускімі прадпрыемствамі, і мы ўскладаем на вынікі перамоў вялікія спадзяванні.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Адзін з найлепшых гарадоў — Мінск

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.