Вы тут

Аляксандр Жук: «Не кожны выдатнік па прадмеце можа стаць педагогам»


На педагагічныя спецыяльнасці — з партфоліа.

Пра новыя кампетэнцыі, якія знойдуць адлюстраванне ў прафесійным стандарце педагога, і падрыхтоўку будучых настаўнікаў расказаў падчас анлайн-відэабрыфінгу на партале Саюзнай дзяржавы рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, прафесар Аляксандр ЖУК.


— Мы ўсе цудоўна ведаем, што сёння не толькі студэнты, але і школьнікі дасканала валодаюць сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі. Таму кожны выкладчык павінен быць падрыхтаваны ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, — падкрэсліў Аляксандр Жук. — Яшчэ адна новая кампетэнцыя, якую дыктуе час, — гэта гатоўнасць працаваць ва ўмовах інклюзіі. Сумеснае навучанне дзяцей з рознымі адукацыйнымі магчымасцямі, у тым ліку з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, — гэта міжнародная тэндэнцыя. Але педагог, які працуе ў такім класе, павінен ведаць, як працаваць з асаблівымі дзецьмі. Не менш важная кампетэнцыя — гэта ўменне працаваць з сям'ёй. У пытаннях выхавання і сацыялізацыі дзяцей сям'я ў апошні час, на жаль, адышла на другі план, таму асноўны клопат лёг на школу. Сёння любы педагог, не толькі класны кіраўнік, але і настаўнікі-прадметнікі, павінны ўмець працаваць з бацькамі, ведаць асаблівасці сучасных сем'яў (няпоўных, неўладкаваных). Да гэтага мы таксама спецыяльна рыхтуем нашых студэнтаў...

На аснове прафесійнага стандарту педагога будуць распрацоўвацца новыя адукацыйныя стандарты і навучальныя праграмы, стварацца новае пакаленне вучэбна-метадычнага забеспячэння, навучальныя дапаможнікі, у тым ліку і электронныя вучэбна-метадычныя комплексы.

Аляксандр Жук канстатаваў праблему існавання разрыву паміж тэорыяй і практыкай.

— Гэта значыць, што ёсць студэнты, якія шмат ведаюць, але не могуць прымяніць свае тэарэтычныя веды ў педагагічнай практыцы, — патлумачыў ён. — Вось чаму зараз не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце рэалізуецца так званы кампетэнтнасны падыход да падрыхтоўкі сучасных спецыялістаў. Ён прадугледжвае інтэграцыю ведаў і ўменняў. Ад педагога патрабуецца ўменне прымяніць свае веды ў любой сітуацыі, а не толькі ў стандартнай. Ён павінен быць гатовы да таго, што ў аўдыторыі прысутнічаюць студэнты ці навучэнцы з рознымі інтарэсамі, адукацыйнымі магчымасцямі і патрэбамі.

Рэктар расказаў, што на сённяшні дзень БДПУ супрацоўнічае з больш чым 90 універсітэтамі з 22 краін свету. За апошнія пяць гадоў колькасць замежных студэнтаў ва ўніверсітэце павялічылася ўдвая. Геаграфія экспарту адукацыйных паслуг ахоплівае 20 краін свету. «Колькасць магістрантаў у нас павялічваецца нават хутчэй, чым студэнтаў на першай ступені вышэйшай школы. Я лічу, гэта сведчыць пра якасць нашай адукацыі. Апошнім часам мы прапануем замежным студэнтам курсы на англійскай мове, што таксама вельмі запатрабавана. Ёсць інтарэс і да адукацыйных праграм павышэння кваліфікацыі па сучасных інтэрактыўных методыках», — дадаў Аляксандр Жук.

За апошнія два гады ў БДПУ якасна змяніўся склад абітурыентаў. Рэктар прывёў некалькі лічбаў: калі ў 2013 годзе ва ўніверсітэт паступілі ўсяго 32 медалісты, у 2014 годзе — 100, летась — 132, то ў гэтым годзе — ужо 170 медалістаў і ўладальнікаў дыпломаў з адзнакай.

Павялічваецца сярод студэнтаў і колькасць выпускнікоў гімназій і ліцэяў. У 2014 годзе на першы курс педагагічнага ўніверсітэта было залічана 190 выпускнікоў устаноў адукацыі новага тыпу, у мінулым годзе — 270, а сёлета — 315. Гэта значыць, што 60% першакурснікаў — добра падрыхтаваныя хлопцы і дзяўчаты...

Па словах Аляксандра Жука, у мінулым навучальным годзе было створана больш як сто педагагічных класаў па ўсёй краіне. Там займаюцца амаль паўтары тысячы адзінаццацікласнікаў.

— Чым гэтыя класы адрозніваюцца ад звычайных? Па-першае, гэта профільныя класы, дзе ўсе вучні паглыблена вывучаюць два ці тры прадметы па іх выбары. Акрамя таго, абавязковым для іх з'яўляецца вывучэнне факультатыву «Уводзіны ў педагагічную прафесію» — цягам двух гадоў па дзве гадзіны на тыдзень (усяго 140 гадзін). Праграму факультатыву распрацаваў наш універсітэт, — расказаў Аляксандр Жук. — Немалаважна, што выпускнікі педагагічных класаў будуць мець сур'ёзныя льготы пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці — залічвацца без уступных экзаменаў. Але пры гэтым у атэстаце яны павінны мець адзнакі па ўсіх прадметах вучэбнага плана не ніжэй як 7 балаў, а па прадметах профільных іспытаў у ВНУ — не ніжэй як 8 балаў.

Яшчэ адна абавязковая ўмова — разгорнутая характарыстыка-рэкамендацыя на кожнага абітурыента. Гэта ўжо зона адказнасці школы. На працягу двух гадоў на кожнага школьніка ствараецца партфоліа, у якім назапашваюцца яго карысныя справы, звязаныя з будучай прафесійнай дзейнасцю: дапамога класнаму кіраўніку, правядзенне мерапрыемстваў адукацыйнага характару. На падставе педагагічных спроб вучня будзе стварацца і падпісвацца яго характарыстыка.

Аляксандр Жук падкрэсліў: «Мы добра разумеем, што далёка не кожны выдатнік па прадмеце можа стаць педагогам, таму без экзаменаў выпускнікі будуць залічвацца толькі на такіх умовах. Мы мяркуем, што гэта дапаможа нам вырашыць задачу якаснага набору на педагагічныя спецыяльнасці».

Нядаўна ў БДПУ правялі рэспубліканскую канферэнцыю з навучэнцамі педагагічных класаў, настаўнікамі, якія там працуюць, і меркаванне было аднадушным — гэта правільны шлях. Добра распрацаваны факультатыў дапамагае дзецям усвядоміць патрабаванні да педагагічнай прафесіі і праверыць сябе, свае здольнасці, схільнасці да прафесіі, жаданне ёю займацца. «Таму на выхадзе мы будзем мець якраз тых абітурыентаў, якія патрэбныя педагагічнай прафесіі — матываваных і добра падрыхтаваных па прадметах. І тады пытанне аб нездавальняючай якасці абітурыентаў будзе цалкам вырашана», — падсумаваў Аляксандр Жук.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Работа над іміджам

Каментары

А чаму зможа навучыць невуч?

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.