Вы тут

У пісьменнікаў Беларусі і Дагестана склаліся таварыскія стасункі


Нядаўна пабачыла свет кніга вершаў старшыні пісьменніцкага аб'яднання М. Ахмадава ў перакладзе Міхася Пазнякова на беларускую мову. Трывалы мост літаратурнага пабрацімства выбудоўвае з Дагестанам Выдавецкі дом «Звязда». Не аднойчы пісьменнікі гэтага рэгіёна Расіі друкаваліся ў беларускіх літаратурна-мастацкіх выданнях: часопісах «Нёман», «Полымя», газеце «Літаратура і мастацтва». Вядомы арганізатар выдавецкага, літаратурнага працэсу ў Дагестане Марат Гаджыеў аказаў вялікае садзейнічанне ў падрыхтоўцы кнігі «Францыск Скарына на мовах народаў свету»: менавіта ён пазнаёміў з тэкстам беларускага першадрукара сваіх калег, якія і пераклалі верш на аварскую, даргінскую, кумыкскую і іншыя мовы. Не выпадковым падаецца ўдзел беларускага боку і ў традыцыйным кніжным кірмашы ў Махачкале «Таркі-Тау». У гэтым годзе Беларусь на галоўным кніжным свяце ў Дагестане прадстаўляў намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» — галоўны рэдактар часопіса «Нёман» Аляксей Чарота. Яму мы і задалі некалькі пытанняў.


— Аляксей Іванавіч, кніжная выстаўка ў Махачкале праводзіцца не першы раз. Наколькі прадстаўнічай яна была ў гэтым годзе?

— Мне складана параўноўваць маштаб «Таркі-Тау — 2016» з папярэднімі выстаўкамі, паколькі я прымаў удзел у ёй упершыню. Але, трэба заўважыць, мерапрыемства, якое задумвалася і пачыналася раней як рэспубліканскае, якое павінна прадстаўляць рэгіянальную кніжную прадукцыю, сёлета далёка сягнула за межы Дагестана. У кірмашы прымалі ўдзел больш за восемдзесят выдавецтваў з розных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі і нават замежжа. Поруч з дагестанскімі выдавецтвамі «Дагкнигоиздат», «Дагестан», «МавраевЪ», «Эпоха», «Лотос», «Абусупьян», «Наука — Дагестан» свае кнігі прадстаўлялі і іншыя рэгіёны. Асацыяцыя кнігавыдаўцоў Расіі (АСКВ) арганізавала калектыўны стэнд, які прадставіў прадукцыю маскоўскіх выдавецтваў «Вече», «Наука», «Молодая гвардия», «Белый город», «Даръ», «Пешком в историю», а таксама выдавецтва «Медиарост» з Рыбінска, Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Інгушэція. На асобных стэндах была прадстаўлена прадукцыя выдавецтваў «Умная бумага» (Санкт-Пецярбург), Кніжнага выдавецтва Чачэнскай Рэспублікі (Грозны), «Издательства М. и В. Котляровых» (Нальчык), выдавецтва «Ир» (Уладзікаўказ), а таксама кнігі Азербайджана, Беларусі і Казахстана.

— Дагестан літаратурны — гэта проза, паэзія, публіцыстыка на аварскай, лакскай, кумыкскай, даргінскай, цхатабульскай, карацінскай і іншых мовах. Ці адчувалася гэта шматмоўе на выстаўцы?

— Сапраўды, Дагестан з'яўляецца самай шматнацыянальнай рэспублікай Расіі. Толькі пісьмовых моў там ажно чатырнаццаць. Але адчування, што знаходзішся ў чужым моўным асяродку, зусім не было. Як сказаў у гутарцы часопісу «Нёман» адзін з арганізатараў кірмашу, пісьменнік і выдавец Марат Гаджыеў: «Адзіны лідар сярод літаратур Дагестана — руская мова». У рэспубліцы выдаецца вельмі шмат кніг на рускай мове. Аднак сказаць, што нацыянальныя мовы прыніжаны таксама будзе няправільна. Яны, нягледзячы на такі мультылінгвізм, як высвятляецца, могуць мірна суіснаваць. Людзі розных нацыянальнасцяў умеюць паважаць адзін аднаго, чужую мову. У мяне склалася менавіта такое ўражанне. І ў гэтым плане многія маглі б павучыцца ў дагестанцаў.

— Чым адрознівалася махачкалінская выстаўка ад падобнага прадстаўлення кніг у Маскве, Мінску, Бялградзе?

— Відаць, цікавасцю да кнігі, літаратуры. Там людзі не так забяспечаны кніжным шматабліччам і разнастайнасцю прадукцыі, як у згаданых вамі сталіцах. На адным з мерапрыемстваў у межах кірмашу віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі кнігавыдаўцоў Расіі Алег Філімонаў агучыў статыстыку: на ўвесь Дагестан з яго трохмільённым насельніцтвам працуе ўсяго дзевяць кнігарняў. Таму зразумела, што выстаўка — рэдкая магчымасць дакрануцца да кніжнай культуры, пазнаёміцца з усім спектрам кніжных навінак у розных рэгіёнах Расіі. Дарэчы, пазнаёміцца не толькі з навінкамі ў галіне мастацкай літаратуры. Што цікава, людзі, якія падыходзілі да нашага стэнда, цікавіліся і нават хацелі набыць кнігі на незнаёмай ім беларускай мове.

— Ужо даўно пайшоў з жыцця вялікі Расул Гамзатаў. Няма Фазу Аліевай. Ці адчувалася на кніжнай выстаўцы прысутнасць дагестанскіх класікаў?

— Яна не проста адчувалася, складвалася ўражанне, што гэтыя людзі на самай справе там — на стэндах, прэзентацыях, абмеркаваннях, «круглых сталах».

Імя Расула Гамзатава не сыходзіла з вуснаў удзельнікаў кірмашу. Відаць, не выпадкова месцам правядзення «Таркі-Тау» выбралі Нацыянальную бібліятэку Рэспублікі Дагестан, якая носіць імя класіка. Акрамя гэтага, арганізатары выстаўкі вазілі гасцей у Гуніб, месца, якое Расул Гамзатаў лічыў сваёй духоўнай радзімай і якому прысвяціў не адзін твор. Уражанне незабыўнае! Сама атмасфера гэтых гор прасякнута паэзіяй.

— Што, якія ідэі і ініцыятывы вы прывезлі з Махачкалы ў Мінск, Беларусь?

— Мне ўдалося пакантактаваць з дагестанскімі, і не толькі дагестанскімі, выдаўцамі, пісьменнікамі, бібліятэкарамі. Як ні банальна гэта гучыць, але вельмі адчуваецца недахоп стасункаў паміж нашымі народамі. Відавочная цікавасць да беларускай культуры, літаратуры. І цікавасць гэтая ў Дагестане вельмі і вельмі вялікая. Ды і нам было карысна даведацца, што ўсё ж там зараз адбываецца. Супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі хацелі б мець у сваіх фондах хоць бы тую беларускую літаратурна-мастацкую перыёдыку, якая выдаецца на рускай мове. Пра што мы і вялі перамовы. Думаю, што мы да гэтага не павінны быць абыякавымі. Размова ідзе пра папулярызацыю нашай нацыянальнай культуры. Ёсць шмат задумак пра супрацоўніцтва ў выдавецкай, інфармацыйнай сферах. Спадзяюся, што хоць бы частку з іх удасца рэалізаваць. Мо наспеў ужо час зрабіць адмысловы выпуск часопіса «Нёман», прысвечаны літаратурам народаў Дагестана ці ўвогуле народаў Паўночнага Каўказа. Мы ж ужо друкавалі ў «Нёмане» вершы Міясат Муслімавай, Лулы Куні... У «ЛіМе», «Маладосці» былі змешчаны пераклады вершаў Саліха Гуртуева, Адама Ахматукаева, Мусы Ахмедава, ды шмат яшчэ каго з цікавых каўказскіх паэтаў. У «Звяздзе» распачаты выпуск серыі «Сябрына: паэзія народаў Расіі». Выйшаў першы зборнік — «Ранішні вецер у акне». Аўтар — народны пісьменнік Удмурціі Вячаслаў Ар-Сяргі. Такі кнігавыдавецкі праект трэба прадоўжыць выпускам кніг вядомых літаратараў Дагестана, Кабардзіна-Балкарыі, Чачні, ды іншых рэгіёнаў.

— Вы лічыце, што трывалы мост літаратурных сувязяў паміж Махачкалой і Мінскам усё ж можна выбудаваць?

— Несумненна. І можна, і гэта ўжо фактычна робіцца. Для гэтага ёсць усе перадумовы. Я пазнаёміўся на кніжнай выстаўцы з многімі зацікаўленымі асобамі, якія гатовы працаваць у гэтым кірунку. У нашых літаратур багаты мастацкі вопыт. Нам ёсць што перадаваць адзін аднаму. Такі мост некалі існаваў. Яго патрэбна толькі аднавіць, умацаваць. Мяркую, што не толькі да дагестанцаў звяртаўся ў свой час Расул Гамзатаў у вершы «Беражыце сяброў»:

На земле друзей не так уж много:

Опасайтесь потерять друзей.

Гутарыў Кірыл ЛАДУЦЬКА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Бойцеся згубіць сяброў!..

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.