Вы тут

Немагчыма ігнараваць


Дастаткова значны для будучыні Еўрасаюза рэферэндум прайшоў у нядзелю ў Венгрыі.


Венгерскае кіраўніцтва рашуча выступала супраць планаў Еўракамісіі раўнамерна размяркоўваць бежанцаў па тэрыторыі ўсіх краін ЕС, каб пазбегнуць іх празмернай канцэнтрацыі ў некалькіх самых багатых дзяржавах. Прэм'ер-міністр краіны Віктар Орбан лічыць, што ўсіх нелегальных мігрантаў трэба дэпартаваць з тэрыторыі ЕС, а не рассяляць па ёй. Нягледзячы на пазіцыю Венгрыі, у выніку рашэнне прынялі. Правядзенне рэферэндуму, на якім грамадзяне павінны былі сказаць сваё важкае слова, стала чарговай спробай абысці непапулярнае рашэнне. Па ўсіх апытаннях большасць грамадзян рашуча падтрымала сваё палітычнае кіраўніцтва, не жадаючы прымаць бежанцаў на сваёй тэрыторыі. Вынікі рэферэндуму пацвердзілі папярэднія апытанні — адмоўна на магчымасць завозу мігрантаў у Венгрыю адказалі 98,21 працэнта грамадзян, якія наведалі рэферэндум. Так што пэўным сігналам для Бруселя ён стаў. Але пазіцыя Венгрыі была падарваная тым, што рэферэндум прыйшлося прызнаць несапраўдным — на яго прыйшло толькі каля 40 працэнтаў грамадзян пры неабходнасці ўбачыць на ім не менш за 50 працэнтаў. Гэта важна для захавання Еўрасаюза як дзеяздольнай арганізацыі, улічваючы, што прэстыж ЕС і так ужо моцна падарваны планаваным выхадам Вялікабрытаніі.

На мінулым тыдні і Вялікабрытанія вызначылася з датай выхаду з ЕС — неабходны для гэтага запыт будзе зроблены не пазней чым у сакавіку 2017 года, пасля чаго пачнецца доўгая двухгадовая працэдура афіцыйнага разводу. Прэм'ер-міністр прызнала, што працэс выхаду негатыўна адаб'ецца на эканоміцы Вялікабрытаніі, але, магчыма, не так цяжка, як чакалася раней. Адным з крокаў па выхадзе стане адмена «Закона аб еўрапейскіх супольнасцях
1972 года», які ўвёў у дзеянне вяршэнства заканадаўства Еўрапейскага саюза на тэрыторыі Вялікабрытаніі і вяртанне згубленых пазіцый нацыянальнаму праву.

Важная сімвалічная падзея адбылася ў суботу, 1 кастрычніка. У гэты дзень скончыўся кантракт карпарацыі па кіраванні даменнымі імёнамі і ІP-адрасамі (ІCANN) з міністэрствам гандлю ЗША і Нацыянальным кіраваннем інфармацыі і сувязі. Цяпер склад карпарацыі радыкальна зменіцца — замест ранейшай падпарадкаванасці ўладам ЗША, у яе ўвойдуць прадстаўнікі ўлад усіх краін — членаў урадавага камітэта ІCANN, работнікі інтэрнэт-галіны і нават карыстальнікі сеткі.

У саміх ЗША галоўнай падзеяй тыдня стала пераадоленне вета Прэзідэнта на закон, які дазваляе пацярпелым ад тэракту 11 верасня 2001 года падаваць іскі супраць урада Саудаўскай Аравіі. Амерыканскія ўладавыя колы апынуліся ў вельмі складанай сітуацыі. З аднаго боку, Саудаўская Аравія — найважнейшы саюзнік у рэгіёне, дзе знаходзіцца траціна ўсіх сусветных запасаў нафты, а таксама адзін з найбуйнейшых інвестараў у эканоміку ЗША. З другога, 15 з 19 тэрарыстаў, якія атакавалі ЗША пятнаццаць гадоў таму, мелі грамадзянства гэтай краіны, што грамадская думка ЗША разглядае як адназначнае дачыненне Саудаўскай Аравіі да тэракту. І ўсё гэта адбываецца на фоне прэзідэнцкіх выбараў у ЗША, якія выходзяць на фінішную прамую, калі грамадская думка мае асабліва вялікае значэнне. У выніку Барак Абама паспрабаваў прытрымацца дзяржаўных інтарэсаў, наклаўшы вета на законапраект. Кангрэс пайшоў на повадзе ў грамадскай думкі, пераадолеўшы вета Прэзідэнта. Першы іск быў пададзены амаль адразу, а ўрад Саудаўскай Аравіі асудзіў прыняты закон, паведаміўшы пра яго магчымыя цяжкія наступствы для саміх ЗША.

На Міжнародным энергетычным форуме, які праходзіў 26—28 верасня ў Алжыры, краіны — члены АПЕК змаглі дамовіцца аб абмежаванні здабычы нафты на ўзроўні 32,5—33 млн барэляў у суткі. Відавочна, гэта таксама стала адказам Саудаўскай Аравіі, якая звычайна блакіравала падобныя прапановы, на закон аб магчымасці падачы іскаў супраць краіны ў амерыканскіх судах.

Сірыя з 22 верасня працягвае паспяховы наступ на тэрыторыі стратэгічна важнага горада Алепа пры падтрымцы Расіі. Гэты наступ рашуча асудзілі ЗША, Францыя і Вялікабрытанія, якія лічаць, што ён парушае ўмовы перамір'я, якое пачалося 12 верасня. ЗША нават прыгразілі разрывам супрацоўніцтва па Сірыі, а таксама намякнулі на тое, што перастануць утрымліваць нейкія трэція сілы ад узбраення сучаснай зброяй паўстанцаў у Сірыі. У адказ намеснік кіраўніка МЗС Расіі Міхаіл Багданаў заклікаў падумаць аб тым, што новая зброя можа быць выкарыстана паўстанцамі і супраць саміх ЗША, улічваючы іх разнамасную палітычную арыентацыю.

Афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Кітай у канцы верасня стаў самым выніковым. Перш за ўсё Беларусь атрымала статус максімальна блізкага партнёра КНР, які дазволіць у будучыні ажыццяўляць максімальна эфектыўнае ўзаемадзеянне. Падпісаны дамоўленасці і пагадненні на суму ў 11 мільярдаў долараў, прытым гаворка ідзе не пра крэдыты, а пра патэнцыйныя інвестыцыі. Кітайскі бок пацвердзіў прынцыповую нацэленасць на поўнамаштабнае развіццё Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка, вылучыўшы грандыёзную суму больш за 230 мільёнаў долараў на стварэнне яго сацыяльнай інфраструктуры. Рэалізацыя гэтых і іншых пагадненняў можа зрабіць Кітай важным лакаматывам у садзейнічанні развіццю беларускай эканомікі ва ўмовах рэгіянальнага эканамічнага спаду.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.