Вы тут

За мяжой разумення


Нацыянальны дух у маладым айчынным кінематографе


Беларускі кінематограф «нарадзіўся» яшчэ ў сярэдзіне 20-х гг. XX ст. Тады была створана кінастудыя «Беларусьфільм», зняты першыя фільмы. Айчыннае кіно літаральна выпеставалася Тарычам, Корш-Сабліным, Гардзіным, Фігуроўскім. Мы памятаем стужкі Турава, Дабралюбава і Пташука, якія ўжо сталі народнымі. Асобнае месца займае і анімацыя Волчака, Тумекі, Кадзюковай, Кубліцкай, Пяткевіч. Тыя, хто развівае айчынны кінематограф цяпер, магчыма, гавораць на іншай кінамове і пра іншыя праблемы, але гісторыю беларускіх фільмаў працягваюць.

ДУХ НА ЭКРАНЕ

Не так даўно фільм беларускі Вольгі Дземкі пра фальклор перамог на адным з амерыканскіх фестываляў, а кароткаметражку Мітрыя Сямёнава-Алейнікава «Адной крыві» паказалі ў Канах. Сучасны беларускі кінематограф разбурае межы. Нацыянальнае кіно перастае быць справай адной краіны — усё ж рэжысёры ствараюць для шырокага кола гледачоў. Але галоўнае (ці не?) тут — паказаць замежжу беларускі дух. У гэтым дапамагае і ўдзел у фестывалях кшталту таго ж Bulbamovie — беларускага конкурсу, які пачынаўся ў Польшчы, а працягваецца і ў Беларусі.

Але Арцём Лобач, які атрымаў «срэбную бульбу» ў 2012 годзе за дакументальны фільм «Простыя рэчы», распавядае, што кіно не павінна трансліраваць ці выяўляць нацыянальныя асаблівасці: «Нацыянальныя рысы, безумоўна, будуць праяўляцца самі сабой, але наўрад ці гэта можа стаць фокусам для дыскусій у іншай краіне. Глядач ідзе ў кіно за эмоцыямі, ён хоча ўбачыць новыя ідэі ці іншыя формы эмацыянальнага паглыблення. Беларусь па-ранейшаму краіна-загадка для многіх еўрапейцаў, і для палякаў у тым ліку».

Нягледзячы на тое, што пераносіць народны дух у стужкі зусім не абавязкова, як лічаць самі рэжысёры, але нацыянальнае «залазіць» у стужку само, нават калі яго ніхто не запрашае. Таму беларускае кіно і такое адрознае ад іншых — у фільмаў ёсць і свая нацыянальнасць.

«Каб кіно перадавала нешта гледачу, для пачатку трэба, каб глядач захацеў яго паглядзець. Калі мы імкнёмся распавесці суседзям пра Беларусь, то ставіць для кіно задачу «перадаць нацыянальны дух» — самая неканструктыўная задума. Кіно проста павінна быць цікавым і казаць пра важныя для гледача тэмы. Любы фільм, створаны сёння беларусамі ў Беларусі, прама ці ўскосна кажа пра нас. Зрэшты, нястворанае кіно кажа пра нас яшчэ больш», — адзначае рэжысёр Роберт Сенека.

Фестываляў з нацыянальным кіно з’яўляецца ўсё больш, гэтага нельга не заўважыць. Ёсць нацыянальны конкурс на «Лістападзе», Cinema Perpetum Mobile, на новым фестывалі Kinosmena. Ёсць Bulbamovie — праект, які працуе выключна з беларускім кіно. Разнастайнасць фестываляў з айчынным кіно — гэта выдатна. Усё ж добра, калі канкурэнцыя ёсць, а вось калі яе няма — ненармальна. Пра гэта кажуць і арганізатары Bulbamovie: «Вельмі шмат фестываляў» ці «замала фестываляў» — не той разлік. Ёсць іншы: фестываль працуе ці не? Хай будзе ўсё! Непатрэбнае, неэфектыўнае памрэ само. Кожны фестываль — не проста збор, але і школа гледача, выхаванне аўтараў. Чым больш фестываляў адбудзецца — тым больш дасведчаную, нагледжаную, адэкватную публіку мы атрымаем».

Якасныя, глыбокія стужкі, калі яны пра беларусаў, нават калі пра нашу рэчаіснасць, будуць цікавыя і за мяжой. Рэжысёр Алесь Лапо кажа, што «кіно, якое мела б нацыянальны адбітак — кшталту стужак Віктара Аслюка, Галіны Адамовіч, Андрэя Кудзіненкі, — будзе цікавае і за мяжой, і ў Беларусі, але трэба парупіцца аб яго прасоўванні. Нацыянальнае кіно мусіць абапірацца на беларускую мастацкую культуру і казаць пра вечныя ўніверсальныя каштоўнасці».

ПАГЛЫБЛЯЕМСЯ Ў НЕТРЫ

Айчыннае кіно часам нагадвае падводную лодку: яно, як тая падлодка, то занырне на самае дно кінематаграфічнага акіяна, шукае там тэмы і герояў, то выплыве, каб паказаць, што ў глыбіні акіянскіх вод знайшло. Маладыя рэжысёры кажуць, што кіно — гэта жывая энергія тых, хто стужкі здымае.

«Нацыянальнае кіно, на мой погляд, пакуль яшчэ нясмела, але выходзіць з падполля. З’яўляюцца цікавыя энтузіясты, якія літаральна на каленцы робяць кіно. Нам яшчэ шмат чаму давядзецца вучыцца, але галоўнае — мы ёсць і хочам здымаць! Але, на жаль, у галаве гледача не без падстаў «засеў» стэрэатып, што калі фільм беларускі, то гэта нейкая нецікавая пасрэднасць, няўдалая камедыя або недадрама», — лічыць аўтар стужкі «Рэканструкцыя бяссонніцы» Нэла Васілеўская.

Што датычыцца стэрэатыпаў, так і ёсць. Беларускае кіно ў многіх зараз асацыіруецца з вобразамі палёў, сялянскіх хат, магчыма, буслоў. Роберт Сенека мяркуе, што гэта звязана з тым, што ў 50-х толькі чвэрць беларусаў жылі ў гарадах, а тры чвэрці былі сельскім насельніцтвам, цяпер жа прапорцыі памяняліся месцамі: «Мабыць, яшчэ паўстагоддзя спатрэбіцца, каб звыкнуцца з гэтай думкай і перастаць лічыць палі ці сёлы неяк моцна звязанымі з кожным з нас. Здаецца, я каласы ў полі ўпершыню ўбачыў у мультфільме «Ну, пачакай», а сельскія хаты — праз акно электрычкі. І ў мяне не ўзнікла вострага жадання паглядзець кіно пра гэта».

Сам Роберт кіно пра гэта не здымае, ды і іншыя рэжысёры — таксама. Калі сёння рэжысёр хоча паказаць у стужцы вёску, ён абавязкова знойдзе нейкі арыгінальны ход, абыграе гэтую тэму так, што ў фільме пра вёску не будзе ніякай вёскі. Ды і нацыянальны кінематограф можа з зусім іншым асацыявацца, кажа Арцём Лобач: «Беларуская нацыя яшчэ на шляху свайго фарміравання, прыгадвання сябе, таму рана весці размову аб нацыянальным кіно. Ёсць праявы характару беларуса ў творах кінематографа, але цэласнасць характару можна ўбачыць не заўсёды. Таму я лічу, што гучная назва «нацыянальнае кіно» яшчэ на стадыі афамлення, але сэнс паняцця я магу сабраць з сімвалаў кшталту містыкі, мяжы, балота як энергетычнага адчування кансервацыі».

Беларускае кіно хоча паглыбляцца ў нетры. Рэжысёры капаюць глыбока ў гісторыю, шукаюць там тэмы, цікавяцца фальклорам, міфалогіяй, продкамі. «Не трэба баяцца сваіх традыцый і сучасных, і гістарычных. Тэмы могуць быць рознымі, але наша кіно павінны адрозніваць, мне здаецца, героі — тая прызма, якая і дае праламленне на нацыянальныя матывы ў фільме. А калі мы пачынаем хлусіць гледачу, прыпісваць рэчаіснасць беларускіх рэалій, якая не існуе, аўтаматычна губляем яго давер. Дакладнасць сучаснага героя і часу — вось, на мой погляд, незапоўненая ніша ў нацыянальным кіно. Але хочацца верыць, што гэта ненадоўга», — адзначае Нэла Васілеўская.

Сучаснасць уплывае на маладога рэжысёра яшчэ мацней — бачым гэта па стужках Роберта Сенекі, Мітрыя Сямёнава-Алейнікава, Мікіты Лаўрэцкага, Аляксея Свірскага. Роздумы пра гісторыю перамяжоўваюцца са смелымі, вострымі фільмамі пра тое, што зараз адбываецца з намі.

Менавіта такія фільмы і перамагаюць на фестывалях так званага «кіно на заўтра»: «А што такое моцны беларускі фільм? За 5 гадоў, калі я гляджу практычна ўсё, што выходзіць у айчынным кіно, бачу пазітыўную тэндэнцыю: з’явіліся новыя аўтары са сваімі спрэчнымі меркаваннямі, — кажа кінакрытык Максім Жбанкоў, — адчуваецца, што з’яўляюцца новыя інтанацыі, пасылы, погляды. Мне падаецца, што надыходзіць новая стадыя, новы беларускі стыль — і мы толькі ідзём на ўзлёт. «Кіно на заўтра» — значыць, што на сёння яно не бездакорнае. Мы ўзнагароджваем не ідэальнае кіно, не ўзорнае кіно, не каліграфію, не бюджэт, а аўтарскую энергію. Асабісты драйв, памножаны на рэальны боль чалавека».

Экран як люстэрка мы выкарыстоўваем і каб убачыць сябе з іншага боку, і каб пазнаёміцца з тымі, з кім побач жывём, і каб зразумець сваю прыроду. Канечне ж, беларускаму гледачу наша кіно цікавае, мяркуе Роберт Сенека: «Не ўзгадаю, каб хтосьці тут абмяркоўваў аўстралійскае кіно толькі таму, што яно знята ў Аўстраліі. А беларускае кіно не толькі абмяркоўваюць, але лічаць важным паглядзець. Кожны культурны чалавек павінен асабіста схадзіць, убачыць, мабыць, расчаравацца».

Слова «нацыянальнае» стала да такой ступені звыклым, што сэнс яго згубіўся. За нацыянальнае мы сёння можам прыняць абсалютна ўсё, што ствараецца ў краіне. Арцём Лобач лічыць, што «нацыянальны кінематограф патрэбен тым, хто імкнецца маніпуліраваць. Самасвядомасць абуджаецца, але большасць хочуць быць тымі, кім кіруюць. Таму мы хочам сябе адчуць нацыяй, хочам убачыць гэта на экране, як у люстэрку, каб адчуць моц цэласнасці. Але я на свае фільмы не хачу вешаць гэты здалёк сімпатычны, такі модны сёння, ярлык».

ЗА ГАРЫЗОНТАМ

Маладыя рэжысёры кажуць, што і ім самім, і іх калегам трэба набрацца цярпення і ўменняў. А калі выбіраеш тэму для фільма, то не трэба цурацца рэальных людзей і надзённых праблем, упэўнена Нэла Васілеўская: «Многія пра гэта забываюць, пачынаюць здымаць «пад галівуд», перакладаючы на беларускіх герояў замежную псіхалогію, якую яны падгледзелі. Рэжысёру трэба ісці ў народ, шукаць сваіх герояў сярод сяброў, на вуліцах, у цягніках — паўсюль. Побач ёсць цудоўныя персанажы, якія так і просяцца на экран — нашы, жывыя, нацыянальныя, калі хочаце, а не бездапаможная калька “заходніх супергерояў”».

Наогул пра тое, што зараз адбываецца ў айчынным кінематографе, па галівудскіх, берлінскіх ці канскіх мерках меркаваць нельга. Важнае значэнне маюць і культурная сітуацыя, і кантэкст. Падтрымліваць кіно, якое падабаецца сваёй узорнасцю, — наўрад ці добрае рашэнне, бо кожная стужка ў нейкім сэнсе — гэта бачанне гарызонту.

Маладыя гэты гарызонт бачаць — іх кіно здзіўляе. Кіно, якому, бывае, далёка да дасканаласці тэхнічнай, распавядае пра нас надзвычай шчыра і цёпла, паказвае менавіта той бок гісторыі, культуры, жыцця, які так хацелася ўбачыць, але не было магчымасці. Маладое кіно Беларусі сёння — гэта не проста абяцанне на будучыню, а хутчэй за ўсё абяцанне, якое будзе выканана. У рэшце рэшт такім аптымістычным яно выглядае на сёння.

Антаніна Карпілава, загадчык аддзела экранных мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі:

— Дэфініцыя «нацыянальнае кіно», як і «нацыянальнае мастацтва», патрабуе пастаяннага ўдакладнення, карэкціроўкі, бо эвалюцыянуе і развіваецца. Калі звярнуцца да заканадаўства, то нацыянальны — фільм, які фінансуецца дзяржавай, калі амаль уся здымачная група — беларусы. Зразумела, што гэта толькі павярхоўны знешні фактар, але насамрэч у першую чаргу маюцца на ўвазе культурныя і маральна-этычныя каштоўнасці этнасу, дакладней — нацыі. У кінематографе важная нематэрыяльная культура, дух нацыі, народа. Як ён перадаецца? Якраз гэтымі духоўнымі каштоўнасцямі. Гэта культурныя архетыпы, міфалагемы, устойлівыя маральна-этычныя ідэалы. Працавітасць, пастаянства, адказнасць — вядомыя прыкметы беларускага этнасу. Калі мы будзем разумець нацыянальны кінематограф як адлюстраванне духу нацыі, то ён павінен базіравацца на гэтых нацыянальных архетыпах і культурных каштоўнасцях. Для мяне ўзор нацыянальнага — не толькі стужкі этнічных беларусаў кшталту Віктара Турава, але і работы Валерыя Рубінчыка, які паказаў не толькі беларускую гісторыю, але і сучаснасць. Вельмі пазітыўная з’ява для мяне — кінематограф Андрэя Кудзіненкі, які трапіў у балявую кропку светаадчування беларуса ў сваёй стужцы «Масакра»: не меладраматычнае, а містычнае адчуванне таямніцы, якой жыццё ахутана з дзяцінства. Сяргей Сільянаў, калі яго пыталіся, што такое нацыянальны фільм, адказваў, што «любы таленавіты фільм з’яўляецца нацыянальным здабыткам, а любы бяздарны — нацыянальнай ганьбай». Лепш і не скажаш. Стужка можа быць і не вельмі ўмелая па некаторых кампанентах, але, калі яна нясе важныя рэчы для разумення нашага свету, гэта каштоўна.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Фота: Кадр з фільма «Беларускія песні: традыцыя адлегласці» (рэж. А. Лобач).

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.