Вы тут

Што рабіць з апалым лісцем?


Восенню ў садзе збіраецца шмат апалага лісця. Але не спяшайцеся спальваць яго, вядома, калі яно не заражанае небяспечнымі хваробамі (кокамікозам, паршой, мучністай расой). Здаровае сухое лісце можа быць вельмі карысным.

Некаторыя садаводы прытрымліваюцца думкі, што ў прыродзе ўсё прадумана правільна, таму апалае лісце лепш пакінуць у садзе. Гэтая арганіка паслужыць ежай для чарвякоў і палепшыць структуру глебы. Але калі лісце падае на газон або клумбу, яго трэба згрэбці, каб не перакрывала раслінам доступ да святла і паветра. Знішчаць сабраны прыродны матэрыял не варта, ён можа яшчэ спатрэбіцца.


1. Кампост

Апалае лісце здрабніце і дадайце ў кампосную кучу. Лісцяны «кампанент» кампосту акажацца найбольш эфектыўным, калі незадоўга да яго закладкі вы змесціце туды зялёныя расліны. Як грубы матэрыял лісце ўраўнаважыць у кампосце долю зялёных адходаў.

2. Грунт для расады і пакаёвых кветак

Апалае лісце пакладзіце ў вялікі поліэтыленавы пакет, дадайце да іх зялёныя адходы (напрыклад, аднагадовае пустазелле без каранёў і насення), рэгулярна падтрасайце і змешвайце ў пакунку. Пасля раскладання гэты арганічны матэрыял стане выдатным грунтам для вырошчвання расады і пакаёвых кветак.

3. Мульча

Восенню проста раскладзіце апалае лісце на градках і сцяжынках паміж імі. Такі мульчыруючы пласт стрымае рост пустазелля і будзе перашкаджаць вымыванню з глебы мінералаў. Вясной перапрэлае лісце збярыце граблямі альбо ўкапайце ў глебу.

4. Дэкор для садовых дарожак

У натуральных садах апалае восеньскае лісце гарманічна глядзіцца на дарожках. Проста не збірайце яго да той пары, пакуль яно не пачарнее, — і ваш участак будзе ззяць залаціста-аранжавымі фарбамі. У гэтага прыроднага матэрыялу для ўпрыгожвання дарожак ёсць адзін мінус: у мокрае надвор'е лісты становяцца слізкімі.

5. Укрыўны матэрыял для мнагалетнікаў

Сухім лісцем абгарніце на зіму ружы, гартэнзіі, хрызантэмы і іншыя цеплалюбівыя шматгадовыя расліны. Таксама апалай лістотай можна замульчыраваць глебу ў кантэйнерных культур. «Коўдра» з лісця спатрэбіцца і цыбульным кветкам: тады яны зацвітуць раней. Увесну не забудзьцеся своечасова прыбраць лісце з кветнікаў, каб расліны пад ім не згнілі.

6. Матэрыял для цёплых градак

Каб увесну атрымаць ураджай як мага раней, апалым лісцем запоўніце да краёў загадзя падрыхтаваныя траншэі, а выкапаную глебу пакіньце каля будучых цёплых градак да вясны. На лістоту пакладзіце здробленую траву і іншыя зялёныя рэшткі і паліце траншэі вадой (калі восень дажджлівая, будзе дастаткова натуральнага ўвільгатнення). Увесну на аселае лісце насыпце зямлю, пасля чаго накрыйце градкі нятканым матэрыялам. Калі яны «сагрэюцца», высадзіце туды расаду.

7. Грунт для высокіх градак

Па такой жа схеме выкарыстоўвайце апалае лісце для напаўнення высокіх градак. Вясной перапрэлая лістота будзе вылучаць у глебасумесь цяпло і створыць аптымальныя ўмовы для росту агародных культур. На такіх градках ураджай хутчэй спее.

8. Угнаенне для газона

Лісце прынясе карысць траўніку толькі ў тым выпадку, калі яго здрабніць. У сухое надвор'е прайдзіцеся па газоне газонакасілкай са знятым кошыкам. Здробненае лісце дазволіць траве «дыхаць» і неўзабаве пранікне ў грунт і палепшыць яго структуру.

9. Дом для вожыкаў

Частку апалага лісця пакіньце каля плота, у далёкіх кутках саду, дзе не растуць агародныя культуры, і ў прыствольных кругах дрэў. У сухім лісці любяць зімаваць вожыкі. Так вы можаце дапамагчы гэтым мілым жывёлкам здабыць зручнае месца для зімовай спячкі.

Вожык у садзе прыносіць вялікую карысць. Ён есць шкодных насякомых, такіх, як майскія жукі, валасатыя жужалі, гусеніцы манашанкі і няпарны шаўкапрад.

10. Упрыгожванне для дома

Выберыце самыя прыгожыя лісты арыгінальнай формы і афарбоўкі і складзіце з іх дэкаратыўныя кампазіцыі (напрыклад, восеньскія вянкі і букеты), якія выдатна ўпішуцца ў інтэр'ер дома. А яшчэ яркія лісты можна выкарыстоўваць падчас сумеснай творчасці з дзецьмі пры стварэнні цікавых вырабаў.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».