Вы тут

Ці можна перастаць трывожыцца?


Трывога час ад часу ўзнікае ў кожнага з нас, праўда, пры гэтым яна бывае «нармальнай», звязанай з канкрэтнай стрэсавай сітуацыяй. Знікае сітуацыя — знікае і трывога. У такім выпадку яна нават мабілізуе актыўную асобу. Нармальная трывога мае станоўчае значэнне для дасягнення мэты, яна прыводзіць у дзеянне і запускае маторны феномен, у выніку чаго трывога падае. Сітуацыйная трывога мае прафілактычнае значэнне, бо сігналізуе чалавеку аб небяспецы і пабуджае да дзеянняў.


Аднак бывае і паталагічная трывога — гэта пачуццё, якое з чалавекам пастаянна, незалежна ад абставін. Гэтае пачуццё нібыта жыве сваім уласным жыццём, становіцца пастаянным эмацыянальным фонам з рэзкімі ўсплёскамі актыўнасці ў любых нявызначаных і неспрыяльных сітуацыях. Коратка такое пачуццё можна апісаць як нейкае перажыванне «а раптам», і тут няма дэталяў, а ёсць толькі адчуванне катастрофы.

Што вы можаце адчуваць? Сэрцабіцце, боль у сэрцы, сухасць у роце, слабасць, стан страты прытомнасці. Пульс пачашчаецца, паветра не хапае, галава кружыцца, становіцца то горача, то холадна. Магчымы ўнутраныя дрыжыкі, цяжкасці з глытаннем, млосць, дыярэя...

Можа быць пачуццё прыгнечанасці, бездапаможнасці, няўпэўненасці, небяспекі, цяжкасці з канцэнтрацыяй увагі...

У паводзінах гэта праяўляецца дэзарганізаванасцю, заціснутасцю, напружаннем, павышанай стамляльнасцю, чалавек становіцца неспакойным, мітуслівым, раздражняльным.

Такія людзі могуць скардзіцца тэрапеўту на пад'ёмы ціску, галаўны боль, задышку і боль за грудзінай, аняменне пальцаў, пачуццё гарачыні. Чым вышэйшы ўзровень трывогі, тым цяжэй чалавеку вярнуцца ў стан унутранай раўнавагі.

«Галоўнае — памятаць, што трывога часта звязана з думкамі, — кажа ўрач-псіхатэрапеўт Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Інга СВЯТОШЧЫК. — Часта крыніца пачуцця трывогі знаходзіцца ў самім чалавеку, а не ў наваколлі. Існуюць пэўныя паводзінскія рэакцыі, якія сам ён не ўсведамляе. І такія рэакцыі актывізуюць і падтрымліваюць пачуццё трывогі. Пазбавіцца ж яго можна толькі калі выявіць гэтыя рэакцыі і замяніць іх на іншыя, карысныя для пацыента. Змяніць лад думак і характар дзеянняў вельмі няпроста, але магчыма. Асабліва калі пачаць узаемадзейнічаць з псіхатэрапеўтам».

Святлана БАРЫСЕНКА

Загаловак у газеце: А раптам...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.