Вы тут

Жанчына з Францыі прыехала ў Віцебск, каб лячыцца п'яўкамі


На спецыялізаванай выставе-кірмашы «Віцебшчына — за здаровы лад жыцця» можна было азнаёміцца з навінкамі медыцынскіх паслуг, атрымаць парады медыкаў і тых, хто пазбавіўся ад шкодных звычак. Можна было таксама пакаштаваць карысныя для здароўя прадукты. Дзявятая па ліку выстава працавала на працягу двух дзён у канцэртнай зале «Віцебск». Яе наведалі тысячы гараджан і гасцей горада. Сярод іх быў і карэспандэнт «Звязды», які шмат чаму навучыўся і пажадаў кінуць курыць.


Па­ка­заль­ныя  вы­ступ­лен­ні  юных га­ра­джан.

База для алімпійцаў

Ганаровая цырымонія адкрыцця «форума здароўя» адбылася з удзелам маладых спартсменаў і танцораў. Арганізатараў і наведвальнікаў выставы павітаў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір ЦЯРЭНЦЬЕЎ:

— Заняткі спортам і фізкультурай, правільнае харчаванне і адмова ад шкодных звычак — тры асноватворныя фактары здаровага ладу жыцця. У Беларусі робіцца шмат для таго, каб людзі маглі сачыць за сваім здароўем. Асабісты прыклад таго, як захоўваць добрую фізічную форму, паказваюць кіраўнікі краіны і вобласці...

У Прыдзвінскім краі, у тым ліку ў глыбінцы, расце колькасць сучасных спартыўных залаў. Выдатны фізкультурна-аздараўленчы цэнтр разам з басейнам цяпер ёсць у Шуміліне. Днямі ў Сянно будзе прэзентаваны комплекс для заняткаў фізкультурай і спортам. У Гарадку ёсць лыжаролерная траса і будуецца басейн.

Дзякуючы інфраструктуры і напружаным трэніроўкам прадстаўнікі Віцебшчыны дасягнулі выдатных поспехаў на мінулых Алімпійскіх і Параалімпійскіх гульнях.

Ву­ліч­ныя трэ­на­жо­ры — шлях да сэр­ца дзяў­чы­ны.

З Францыі па... беларускія п'яўкі

Наведвальнікі выставы змаглі атрымаць уяўленне аб шырокім спектры прадукцыі і паслуг, якія спрыяюць здароваму ладу жыцця. Супрацоўнікі медыцынскіх устаноў прадставілі новыя тэхналогіі і сучасныя падыходы ў прафілактыцы і лячэнні розных захворванняў.

— У нашым «арсенале» самае сучаснае абсталяванне для дыягностыкі. Вядзецца актыўнае ўкараненне высокатэхналагічных метадаў, — расказаў галоўны ўрач Віцебскага абласнога клінічнага цэнтра дэрматавенералогіі і касметалогіі Віктар СПІРЫДОНАЎ. — Цэнтр вядомы далёка за межамі вобласці і немедыкаментозным лячэннем. Дарэчы, за гэты кірунак дзейнасці Міжнародны Сакратаўскі Камітэт, штаб-кватэра якога знаходзіцца ў Оксфардзе, прысудзіў нам медаль.

Сярод пацыентаў цэнтра расце колькасць іншаземцаў. Напрыклад, з Францыі жанчына адмыслова прыехала ў Віцебск, каб лячыцца п'яўкамі. Падобныя метады лячэння могуць быць эфектыўнымі, напрыклад, пры лячэнні хранічнага дэрматозу... Медыкі выкарыстоўваюць таксама біяполе пчол, масаж гарачымі камянямі, «рыбную тэрапію», шакаладнае абгортванне, «жывую» і «мёртвую» ваду і падобнае.

— Але мы даём пацыенту права выбару: выкарыстоўваць пры лячэнні звыклыя метады або іншыя... Вядзём анлайн-кансультаванне. Актыўна карыстаемся тэлемедыцынай, што вельмі важна для вызначэння дыягназаў і лячэння жыхароў глыбінкі, — дадаў кіраўнік медыцынскага цэнтра.

Дарэчы, у цэнтры першымі ўкаранілі практыку ацэнкі якасці абслугоўвання пацыентаў. На электронным абсталяванні наведвальнік ставіць балы ўрачу. І апошні, калі хворы задаволены, атрымлівае грашовую прыбаўку.

Піце, людзі, ацыдафілін

Наведвальнікаў выставы вабіла і магчымасць дэгуставаць прадукты. Многія вытворцы прадавалі мясныя, малочныя вырабы па прывабных цэнах.

Былі і навінкі. Ацыдафілін аднаго з мясцовых прадпрыемстваў у крамах з'явіўся менш чым два тыдні таму. Разам з тым ужо наладжаны экспарт у Расію карыснага кісламалочнага прадукту. Ён вырабляецца шляхам сквашвання пастэрызаванага каровінага малака пры дапамозе адмысловых бактэрый (ацыдафільная палачка, кефірныя грыбкі, малочнакіслыя стрэптакокі). Між іншым, яго вытворчасць упершыню наладзілі ў СССР. Некаторыя краіны былога сацыялістычнага лагера таксама займаюцца яго вырабам. Як растлумачылі прадстаўнікі прадпрыемства, ацыдафілін засвойваецца арганізмам значна лепш, чым малако. Гэта адбываецца за кошт ферментацыі лактозы. Таму ацыдафілін выкарыстоўваюць у лячэбным і дыетычным харчаванні, у тым ліку для дзятвы.

На выставе смачнымі вегетарыянскімі стравамі і кактэйлямі частавалі актывісты грамадскай арганізацыі «Добрае сэрца». Штаб-кватэра яе знаходзіцца ў Віцебску.

— Я прытрымліваюся здаровага ладу жыцця. З людзьмі хачу падзяліцца асабістым вопытам, тым, што дасягнула. Я па адукацыі — інжынер і псіхолаг. Мы пастаянна ўдзельнічаем у гэтай выставе. Шчыра радуюся, калі людзі, напрыклад, кідаюць курыць з нашай дапамогай. Праводзім ананімныя заняткі для залежных ад тытуню, спіртнога, наркотыкаў, — расказала старшыня Тамара АСТРОЎСКАЯ.

Сім­ва­ліч­ная цы­га­рэ­та —  эк­ві­ва­лент коль­кас­ці вы­ку­ра­на­га за год ты­ту­ню.

За год выкурваю... бервяно

Кожны ахвотны змог аформіць на форуме пашпарт здароўя, прайшоўшы абследаванне на месцы: ЭКГ, артэрыяльны ціск і іншае. Свае паслугі рэкламавалі санаторна-аздараўленчыя і турыстычныя арганізацыі.

Прыхільнік здаровага ладу жыцця, кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра Віталь ШАБЛОЎСКІ з першага погляду вызначаў у натоўпе заядлых курцоў:

— Гэта відаць па колеры скуры і стане зубоў. Нават магу прыкладна сказаць, колькі гадоў чалавек залежны ад тытуню. Я сам калісьці курыў: пачак штодня і больш. Вы пад два?...

«Дабіў», калі паказаў вялікую надзіманую цыгарэту вышынёй з пяцікласніка. Яна сваімі памерамі вельмі нагадвала бервяно. Столькі выкурвае чалавек за год — калі яму хапае пачка на дзень.

Каб пазбавіцца ад такой залежнасці, не абавязкова спатрэбіцца гіпноз або пілюлі. Можна і іголкаўколванне паспрабаваць для пачатку. Было б толькі шчырае жаданне адмовіцца ад цыгарэт. Калі падсумаваць кошт двух пачкаў і памножыць на 365 дзён, то атрымаецца сума, якой хопіць на добры ноўтбук, напрыклад. За пяць гадоў і на патрыманае аўто збярэцца. Калі яшчэ і не піць, то на Канарах адпачываць — як да бабулі ў вёску ездзіць...

Сярод іншагародніх удзельнікаў выставы былі прадстаўнікі інфармацыйнай медыцынскай службы 131.

— Мы добра зарэкамендавалі сабе ў Мінску і цяпер наладжваем сувязі ў рэгіёнах. Людзі актыўна нам тэлефануюць. Набраўшы нумар 131 у будныя дні (з 7 гадзін раніцы да 21.00), можна запісацца бясплатна на кансультацыю да ўрача, на ультрагукавое і іншае абследаванне. Мы параім стаматалагічныя паслугі. У нашай базе — інфармацыя пра аптэкі і наяўнасць лекаў. Можна нават медыцынскае таксі заказаць, — патлумачыла намеснік дырэктара па медыцынскай часці ААТ «Медыцынская ініцыятыва» Кацярына ЗУБКО.

Па згаданым тэлефоне можна звярнуцца на «прамую лінію» камітэта аховы здароўя Мінскага гарвыканкама. У планах аналагічны сэрвіс у абласцях краіны.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Да лекараў без талонаў

Выбар рэдакцыі

Культура

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Брэсцкі музей выратаваных каштоўнасцяў можна назваць мясцовым Луўрам — калі ўвогуле дарэчы параўноўваць адну культуру з іншай.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

— Хлопцы, не біце, я — ва-а-аш!..

Грамадства

Як дэпутаты вырашаюць праблемы жыхароў Брэсцкай вобласці

Як дэпутаты вырашаюць праблемы жыхароў Брэсцкай вобласці

У мясцовых Саветах Брэсцкай вобласці ажыццяўляюць дэпутацкую дзейнасць 2962 дэпутаты. 

Грамадства

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Абодва яны спяваюць, пішуць вершы пра сваю сям'ю і іграюць на музычных інструментах.