Вы тут

Як карэспандэнт "Звязды" працавала прафесійнай прыбіральшчыцай


Жыць у чыстых пакоях і пры гэтым не дакранацца да мятлы або пыласоса — ці ж гэта не мара! Клінінгавыя кампаніі прапануюць зрабіць прыборку любой складанасці хутка, якасна, з экалагічна-бяспечнымі мыйнымі сродкамі. Як кажуць, любы капрыз за вашы грошы — гаспадар пакідае работнікам ключы, сам сыходзіць па справах, а вечарам вяртаецца і правярае якасць паслугі. Я вырашыла на дзень стаць прафесійнай прыбіральшчыцай і ўласнаручна адчуць, наколькі «пыльная» работа ў клінера.


Без сну і выхадных

На работу майстры чысціні ходзяць звычайна па двое — так і хутчэй, і весялей. Мне чамусьці (няйначай спрацаваў стэрэатып «прыборка — жаночая справа») будучыя калегі ўяўляліся дзяўчатамі ў хусцінках і гумавых пальчатках. Таму, калі дзверы ў кватэру адчынілі два хлопцы, кожны з якіх вышэйшы за мяне на галаву, я, мякка кажучы, здзівілася. Яўген Лукашэвіч амаль адразу знік у суседнім пакоі — пайшоў «ваяваць» з брудам на балконе, а мы з Максімам Стрыгалёвым адправіліся наводзіць бляск на кухні.

Пакуль ішла па калідоры, разглядала будучы аб'ём работ. Кватэра пасля рамонту, але будаўнічага смецця нямнога, яно ўжо складзена ў кардонкі і чакае вынасу каля дзвярэй. Побач стаіць яшчэ адна, якую так і хочацца абазваць «наборам алхіміка». Ёмістасці з рознакаляровымі вадкасцямі, анучкамі, губкамі — відавочна, што да кожнай паверхні ў хлопцаў свой падыход. На недасведчаны погляд усёй працы гадзіны на чатыры.

Паслугі клінінгу, як кажа мой напарнік, будуюцца па прынцыпе «не зробіш ты — зробяць за цябе». Кліент можа заказаць прыбіранне вечарам альбо на выхадныя і патрабуе выканаць усё найхутчэй. Калі табе тэлефануюць увечары, а ты адказваеш толькі ранкам, лічы, заказ упушчаны. Самы пік работы падае на вясну і лета, калі будаўнікі здаюць дамы. Зімой попыт слабейшы. Можна працаваць тыдзень запар, а потым некалькі дзён не мець заказаў. З ацэнкай часу, дарэчы, я памылілася: «лёгкую» кватэру клінеры прыбіраюць каля 8 гадзін. Бывае, работа цягнецца 10—12 гадзін, а самы працяглы па часе заказ на прыбіранне гасцінічна-спартыўнага комплексу ў Мінску выконвалі 26 гадзін запар. Праўда, такія аўральныя сітуацыі здараюцца нячаста, навядзенне парадку ў моцна забруджаных памяшканнях прыбіральшчыкі звычайна размяркоўваюць на некалькі дзён. Нестабільны графік, стрэсавыя сітуацыі, цяжкая фізічная праца — не дзіўна, што клінінг, на думку Максіма, работа, хутчэй, для мужчын. «Затое, — жартуе хлопец, — пастаянны «фітнес» трымае ў форме».

Няхай мяне навучаць

Чатыры гады таму Максім працаваў начальнікам вытворчасці на прадпрыемстве, дзе выраблялі ўпаковачную тару, потым завод перапрадалі, сярод работнікаў пачаліся скарачэнні, і хлопец апынуўся ў хісткай сітуацыі. Трэба было шукаць занятак, і малады чалавек выбраў прадпрымальніцтва — аказанне клінінгавых паслуг. Напачатку быў кіраўніком і выканаўцам у адной асобе — прымаў заказы, прыбіраў і пастаянна набіраўся вопыту: чытаў матэрыялы ў інтэрнэце, шукаў відэа, вывучаў хімічныя асаблівасці мыйных сродкаў, праглядаў форумы і ездзіў у Маскву на спецыялізаваныя выставы.

— Да ўсякай справы павінна прыкладацца ўменне, — разважае Максім. — Тут як з прасам працаваць: нібыта проста, а без досведу і кашулю спаліць можна. Часам заказчыкі, каб сэканоміць, наймаюць для прыбірання студэнтаў, а потым расстройваюцца, бо няправільна апрацаваныя рэчы сапсаваліся. Калі ўжо вырашана наняць памочнікаў, то няхай яны будуць прафесіяналамі. Для клінераў існуюць спецыяльныя курсы, але асноўныя веды навічкі атрымліваюць з практыкі ад старшага майстра.

Сярэдні заробак прафесійнага прыбіральшчыка за дзень складае каля 50 рублёў. Большая частка клінераў — моладзь, якая хоча пакуль падумаць, вызначыцца з далейшым шляхам і адначасова падзарабіць грошай. Прыбіраць чужыя кватэры ідуць як студэнты, так і больш дарослыя людзі, у многіх ёсць дыпломы настаўніка, медыка, тэхніка або юрыста, сустракаюцца ваенныя ў адстаўцы. Максім прыгадвае амаль анекдатычны выпадак, калі клінінгам два месяцы займаўся... дырэктар фірмы. Як той потым казаў, перапынак на фізічную працу даў час галаве згенерыраваць новыя ідэі для развіцця справы.

Калі прыходзіць гаспадар...

Пакуль размаўляем, старанна адціраю анучкай шафу ад будаўнічага пылу. Здавалася б, работы на пяць хвілін, а прыгледзішся — бачныя сляды абутку, грыфеля алоўка, плямы ад далоняў. І вось, калі я ўжо збіраюся з палёгкай зачыніць дзверцы, Максім знаходзіць «брак у рабоце» — праводзіць пальцамі па ніжняму баку шуфляды і паказвае шэры пылок. Аказалася, што заказчыкі так часта правяраюць якасць паслугі, праводзячы рукой па самых нечаканых паверхнях.

— Мы аднойчы цырульню прыбіралі, — расказвае Максім выпадак з практыкі, — патрацілі каля 20 гадзін, а выцерці пыл над дзвярыма забыліся. Гаспадар жа прыйшоў у дрэнным настроі і якраз над уваходам далонню правёў. Тады мы хуценька ўсё выправілі, але крыўдна і сорамна было. З часам прывучаеш сябе прыбіраць паверхні «ў трох вымярэннях».

Прыборку на дом людзі заказваюць з розных прычын: нехта хворы, нехта прападае на рабоце ледзь не суткамі, камусьці танней заплаціць клінеру, чым прапусціць важную сустрэчу. Кошт чысціні на адным метры вызначаецца на ўзроўні 4 рублёў і залежыць ад складанасці працы. Звычайна клінінгавыя кампаніі прапануюць уборкі генеральную, штодзённую і пасля рамонту. Першая, па словах Максіма, самая цяжкая:

— Жывуць людзі ў кватэры дзесяць гадоў, а потым нечакана вырашаюць прыбрацца. Зразумела, што за гэты час дом «аброс» рэчамі, а бруд уеўся ў паверхні. Нават калі чысціць увесь дзень, новым рукамыйнік ці пліта не стане, а гаспадары часам гэтага не разумеюць, таму здараюцца і непрыемныя сітуацыі. Лепей за ўсё, калі на час работы кватэра пустуе — так клінерам лягчэй псіхалагічна, і заказчыку пасля вяртання адразу бачны вынік. З іншага боку, адчуваеш сябе больш спакойна, калі кліент знаходзіцца побач і бачыць, за што ён плаціць грошы. Недапрацоўкі выпраўляюцца адразу на месцы цягам дзесяці хвілін. Прыбіральшчык таксама чалавек і можа забыцца працерці нейкі прадмет. З вопытам клінер ужо аўтаматычна заўважае патэнцыйныя забруджванні, вопытныя кантралююць маладых, і таму гаспадары рэдка наракаюць на якасць.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zviazda.by

Фо­та Сяр­гея Ні­ка­но­ві­ча

Загаловак у газеце: Восем гадзін фітнесу... з анучай, ці Як я была клінерам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.

Эканоміка

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Дзесяць пытанняў пра крэдыты, або Што трэба ведаць аб крэдыце, каб ён стаў сродкам рэалізацыі мэт, а не цяжарам на плячах

Пра што абавязкова трэба падумаць перад тым, як браць на сябе фінансавыя абавязацельствы перад банкам?

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.