Вы тут

У вясковай моладзі да танцаў у клубе асаблівае стаўленне


Пра вясковыя дыскатэкі існуе шмат міфаў, прыдумана нямала жартаў, і, як правіла, зроблена гэта тымі, хто быў там аднойчы або ўвогуле ніколі. Раз-пораз у сродках масавай інфармацыі з'яўляюцца рэпартажы з дамоў культуры, у якіх журналісты расказваюць пра «некультурны» адпачынак мясцовай моладзі. Такі аднабаковы погляд фарміруе няправільнае ўяўленне пра хлопцаў і дзяўчат, што жывуць у вёсцы.


Сёння вясковая дыскатэка — з'ява даволі рэдкая. Яшчэ гадоў дзесяць таму моладзь у глыбінцы хадзіла на танцы ў ДК, бо проста не мела іншага спосабу правесці суботні вечар, а цяпер, калі хуткасны інтэрнэт ёсць у кожнага, можна нікуды не выбірацца. Тым не менш засталіся яшчэ тыя, хто выбірае дыскатэку замест амаль нерухомага сядзення перад маніторам камп'ютара. Я і сама зусім нядаўна належала да такіх: любіла завітаць у ДК, будучы старшакласніцай, а пазней студэнткай малодшых курсаў, калі прыязджала дадому ледзь не кожныя выхадныя.

Паколькі ў нашай вёсцы ў Лунінецкім раёне дыскатэка не праводзілася, мы з сяброўкамі хадзілі ў суседнюю. Дарога праз лес нас не палохала: заўсёды збіраліся кампаніяй і смела пераадольвалі некалькі кіламетраў уздоўж шашы. Ужо на падыходзе да дома культуры пераабуваліся ў туфлі на абцасах — вялікую адлегласць ды яшчэ і па пяску ў іх не пройдзеш, а быць прыгожай хочацца! Гэта, дарэчы, і ёсць прычына, па якой дзяўчаты бяруць з сабой сумкі.

Афіцыйна дыскатэка пачынаецца а дзявятай вечара, але фактычна народ падцягваецца да ДК толькі аб адзінаццатай (гэта прытым, што заканчваецца ўсё ў гадзіну ночы). Адразу ў танцавальную залу ніхто не спяшаецца. Хлопцы і дзяўчаты з трох вёсак звычайна стаяць каля ўвахода, абмяркоўваюць апошнія навіны, хтосьці курыць. Спіртныя напоі на саму дыскатэку прыносяць рэдка: да ДК час ад часу пад'язджае міліцыя, а праблемы з ёй, вядома, нікому не патрэбны.

Павітаўшыся з усімі знаёмымі і набыўшы білет перад уваходам, можна ісці далей — у танцавальную залу. Для кагосьці яна падасца пуставатай: некалькі рознакаляровых ліхтарыкаў пад столлю і дыджэй крыху ўзвышаецца над пляцоўкай. Але, па сутнасці, больш нічога і не патрэбна, гэта дыскатэка, а не мастацкая галерэя. Сюды прыходзяць не сцены разглядваць, якія і так «падпіраюць» хлопцы і дзяўчаты, што не любяць ці, хутчэй, папросту саромеюцца танцаваць.

Большасць народу ўсё ж «тусуецца» пасярэдзіне залы. Моладзь кожнай вёскі звычайна танцуе асобным колам. Не тое, каб існавала дзяленне на сваіх і чужых, але падчас танцаў лепш нікога не штурхаць, нават выпадкова, паколькі асноўныя наведвальнікі дыскатэкі — гэта падлеткі, якія ўсё ўспрымаюць на эмоцыях і гатовыя лезці «ў разборкі» без прычын. У нас сур'ёзныя бойкі здараюцца нячаста (дзякуй за гэта супрацоўнікам ДК, бо яны адразу ж спыняюць дыскатэку і разганяюць усіх па дамах). Таму калі самому нікога не чапаць, то можна правесці вечар без нечаканых прыгод.

Для многіх, хто ходзіць на вясковую дыскатэку, у тым ліку для мяне і маіх сябровак, самым прыемным з'яўляецца магчымасць патанцаваць пад любімую музыку. Дыджэі тут не кіруюцца асабістымі густамі ці апошнімі музычнымі тэндэнцыямі, а ў першую чаргу ўлічваюць пажаданні моладзі. І насуперак стэрэатыпам на нашай дыскатэцы рэтра гучыць толькі на Новы год, у астатні час моладзь замаўляе сучасныя трэкі розных жанраў.

Дзвюх гадзін танцаў звычайна хапае ўсім, каб стаміцца. Але канец дыскатэкі не азначае, што вечар скончаны. Асабліва для хлопцаў і дзяўчат, што жывуць у іншых вёсках. Летам, бывала, ідзеш дадому і не спяшаешся, бо ноч цёплая, а над галавой ззяюць тысячы зорак, у траве каля дарогі — зялёныя светлячкі. А калі яшчэ які хлопец праводзіць, дык зусім павольным крокам рухаешся.

Дарэчы, пра хлопцаў: для іх правесці дзяўчыну ў іншую вёску — гэта сапраўды сур'ёзны ўчынак, усё адно што прылюдна пракрычаць аб сваёй сімпатыі да яе, тым больш што на наступны дзень усе навокал яшчэ і гаварыць пра гэта пачнуць.

Аднак плёткі — гэта не самае страшнае, страшна праводзіць дзяўчыну зімой. Яна ж прыйшла дадому і ў цяпло, а хлопцу яшчэ пасля пляціся назад па снезе ў дваццаціпяціградусны мароз. Маладосць. Рамантыка.

Ганна Курак, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі


Праз гады-пакаленні

Зазірнуўшы на «Дзявочнік», так і хочацца сказаць: за без малога трыццаць гадоў нічога не змянілася! Вядома, там, дзе вясковыя дыскатэкі яшчэ захаваліся. Хіба толькі музыку цяпер круцяць ужо не на бабінных ці касетных магнітафонах.


...Гэтак жа пэўны мікрараён ці вёска ўтваралі ў танцавальнай зале клуба сваё асобнае кола. Можна было схадзіць у «госці» ці прыняць іх у «сябе». Вядома, калі стасункі паміж вуліцамі ці вёскамі на гэты момант былі добразычлівымі. Інакш была рызыка нарвацца на «пайшлі выйдзем». Гэтак жа сапраўдныя «казырныя пацаны» ніколі не прыходзілі да пачатку дыскатэкі. Добрым густам лічылася з'явіцца на танцах недзе ў сярэдзіне, падчас вялікага перапынку. Маўляў, праходзіў міма, вырашыў заскочыць па сваю «малую»... Дыджэяў, якія ўлічвалі густы наведнікаў, паважалі, а тых, хто ўпарта круціў песні на свой капыл, — не вельмі. У апошнім выпадку многія нават прапускалі танцы. Мець знаёмства з добрым дыджэем каштавала дарагога: і з днём нараджэння некага можна было павіншаваць, і «персанальную» песню для дзяўчыны замовіць. А пасля танцаў абранай кампаніяй застацца ў каморцы з апаратурай... Нешта забароненае ў залу сапраўды праносілі рэдка: на ўваходзе стаяла мажная цётка Тома, якая не толькі правярала білеты, але нярэдка выконвала і ролю «рамкі» на ўваходзе. Рабілі проста: пакідалі прынесенае да вялікага перапынку, калі большая частка прысутных выходзіла на свежае паветра асвяжыцца, пад бліжэйшым кустом, а зімой — у гурбе снегу... А паход у суседнюю вёску позна ўвечары, асабліва летам? Цяплынь, зоркі ў начным небе... Зноў жа, калі ісці даводзілася не ў «варожы стан»... І, так, усе нейкім неверагодным чынам адразу заўважалі, хто з кім пайшоў. Маладосць... Каб на нейкі час зноў туды...

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Рамантыка танцаў у клубе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?