Вы тут

Навошта навукоўцы выйшлі на «рынг»?


Як думаеце, колькі часу звычайна трацяць фармаколагі на распрацоўку лекавых прэпаратаў? Статыстыка сцвярджае, што работа над новай таблеткай у сярэднім доўжыцца ад пяці да шаснаццаці гадоў. І гэта не кажучы пра фінансавыя выдаткі, якія часам дасягаюць мільярдаў долараў. Але навуковы супрацоўнік лабараторыі бялковай інжынерыі Інстытута біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Юрый КАРНАВУШАНКА сцвярджае, што пры дапамозе сучасных камп'ютараў гэтыя тэрміны і выдаткі можна зменшыць у дзясяткі, калі не сотні разоў. Пра сваю распрацоўку даследчык расказаў шырокай публіцы падчас «Навуковага рынгу» — мерапрыемства, дзе вучоныя тлумачылі сутнасць сваіх праектаў пры дапамозе падручных сродкаў. Спаборніцтвы ў такім фармаце праходзілі ў краіне ўпершыню, іх арганізатарамі выступілі Савет маладых вучоных НАН, Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН, кампанія EPAM Systems, EPAM-Гараж і Парк высокіх тэхналогій.


Тлу­ма­чыць сут­насць рас­пра­цо­вак ча­сам да­во­дзі­ла­ся лі­та­раль­на на паль­цах.

Што ж прапануе Юрый Карнавушанка? Па яго словах, найбольш часу ў вынаходнікаў лекаў займае праверка заведама памылковых варыянтаў прэпарату, якіх можа быць дзясяткі тысяч. Дзеянне рэчываў звычайна выпрабоўваецца на жывых клетках, а гэта выдаткі на матэрыялы і тысячы марна патрачаных гадзін. Але калі перанесці эксперыменты з рэальнага свету ў віртуальны, суперкамп'ютар зможа зрабіць тую самую працу за лічаныя гадзіны. Менавіта пры дапамозе камп'ютарнага мадэлявання беларускія навукоўцы цяпер ствараюць прэпарат, які можа перамагчы ВІЧ. Сутнасць распрацоўкі Юрый тлумачыў пры дапамозе двух гумавых шарыкаў: вялікі чырвоны імітаваў клетку чалавечага арганізма, а шэры з шыпамі — вірус імунадэфіцыта.

Навуковы супрацоўнік Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей БЕСАРАБ прадставіў на «рынгу» сваю альтэрнатыву аперацыйнаму ўмяшанню пры сардэчна-сасудзістых захворваннях. Праца, безумоўна, актуальная — менавіта хваробы сэрца і крывяноснай сістэмы ўпэўнена ўтрымліваюць першае месца ў структуры смяротнасці насельніцтва ў Беларусі і многіх іншых краінах. Клінічную карціну хваробы навуковец растлумачыў пры дапамозе магнітнай дошкі з малюнкамі.

Часта інфаркт патрабуе аперацыйнага ўмяшання. Зразумела, якіх грошай гэта можа каштаваць. Але ў Інстытуце агульнай і неарганічнай хіміі распрацавалі спецыяльны кардыягідрагель. Рэчыва называюць «бранёй для сэрца» — трапляючы ў арганізм пацыента, вадкі састаў пад уздзеяннем тэмпературы цела і іншых фактараў пачынае зацвердзяваць і становіцца замяшчальнікам пашкоджаных інфарктам тканак. Адзінае патрабаванне — укол гідрагеля трэба зрабіць максімальна аператыўна, пакуль рана не пачала рубцавацца. Цяпер праект знаходзіцца на дапрацоўцы — эксперыменты паказалі, што «як трэба» ён спрацоўвае толькі ў 80 працэнтах выпадкаў, а для ўкаранення ў медыцынскую практыку гэтага мала — патрэбна абсалютная лічба.

Свое­ча­со­вы ўкол кар­дыя­гід­ра­ге­лю  мо­жа аб­лег­чыць жыц­цё ты­ся­чам лю­дзей.

Даследаванне малодшага навуковага супрацоўніка лабараторыі нехрамасомнай спадчыннасці Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Максіма РОДЗЬКІНА прысвечана гепатыту C — хваробе, на якую пакутуе каля аднаго працэнта насельніцтва Беларусі. Ад заражэння не застрахаваны практычна ніхто — усе мы карыстаемся паслугамі стаматолагаў, ходзім у касметычныя кабінеты, наведваем бальніцы... Спецыяльнае лячэнне каштуе шалёных грошай і спрацоўвае далёка не заўсёды. Навукоўцы высветлілі, што паспяховасць тэрапіі залежыць у першую чаргу ад генетычных асаблівасцяў кожнага чалавека. Вызначэнне канкрэтнага гена, які зніжае шанцы на выздараўленне, можа сэканоміць многім хворым грошы і, галоўнае, час.

Асаблівасці генетыкі Максім тлумачыў пры дапамозе кубікаў з літарамі. A, G, C, T — увесь геном чалавека зашыфраваны пры дапамозе ўсяго чатырох бялкоў: адэніна, гуаніна, цытазіна і тыміна, але іх парадак у структуры ДНК можа змяняць ключавыя характарыстыкі арганізма. Перастаўляючы ўсяго адзін кубік, Максім паказваў, як можа памяняцца вынік лячэння. Пры адным варыянце пацыент амаль дакладна ачуняе, пры другім — менш імаверна, пры трэцім — шанцаў на ачуньванне амаль няма.

Рэгламент спаборніцтваў у фармаце scіence slam, які ўжо даўно і паспяхова культывуецца на Захадзе, просты: у кожнага выступоўцы ёсць дзесяць хвілін, каб максімальна змястоўна і даходліва раслумачыць прысутным сэнс таго, чым ён займаецца. Яшчэ пяць хвілін даюцца на пытанні аўдыторыі і адказы ўдзельніка. Пераможцы вызначаюцца галасаваннем публікі. Менавіта такі падыход дазваляе звязаць навуковую супольнасць з грамадскасцю і паказаць значнасць працы даследчыкаў.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Генетыка ў кубіках і «браня» для сэрца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».