Вы тут

Як не страціць форму за восень


Восеньскія халады толькі пачаліся, а ў інтэрнэце ўжо жартуюць, што час пераходзіць у «жрущий лежим» і апранацца ў касцюм новага супергероя — чалавека-гародніны. Ці не жартуюць? Па статыстыцы Міжнароднай асацыяцыі фітнесу, восенню і ўзімку мы займаемся спортам на 60 працэнтаў менш, чым вясной і летам. Калі на дварэ дажджы, усе вечары хочацца праводзіць аднолькава — з гарачым баршчом і гарбатай з бутэрбродам. І няхай увесь свет пачакае, бо пад пухавіком лішніх (ці запасных?) кілаграмаў усё роўна не будзе відаць.


Я, праўда, у школьныя гады, наадварот, папраўлялася ўлетку. Бо амаль усе тры месяцы праводзіла ў вёсцы ў бабулі, якая старалася карміць унукаў да адвалу. Батон з варэннем і малаком, зацірка, свая каўбаса, мучныя блінцы са смятанай... Супраціўляцца было немагчыма. Таму пасля летніх канікул я прывозіла загар і ўкормленыя шчокі.

Дыетолагі кажуць, што восенню і зімой насамрэч складаней худзець, чым летам (але складана — не значыць  немагчыма!). І раяць прыслухацца да свайго арганізма. Не ў сэнсе залегчы на канапу, пакуль не пацяплее. А выбіраць тыя прадукты, якія дапамогуць вам сагрэцца і надоўга запасціся энергіяй.

Напрыклад, есці тлустую рыбу, мяса птушкі, арэхі, стравы, прыпраўленыя алеем. Цёплыя супы: яны, па-першае, сытныя, а па-другое, менш каларыйныя (пры ўмове, што вы не дабаўляеце туды смятану і смажанку). Бульбу і квашаную капусту таксама варта ўключыць у рацыён. Асновай, як і ў цёплы час, павінны быць агародніна і садавіна. А заставацца сытым як мага даўжэй дапамогуць прадукты з клятчаткай (бабовыя, вотруб'е, арэхі, яблыкі, бананы).

У халады арганізму патрэбны тлушчы і вугляводы, таму лепш адмовіцца ад жорсткіх дыет. Восеньскі пануры настрой уздымайце не шакаладам і пірожнымі, а прагулкамі на свежым паветры. Ці аранжавымі фруктамі і агароднінай. Замест салодкага можна выбраць гарбату з апетытным водарам і смакам. А каб папярэдзіць павышаны апетыт, лепш цёпла апранацца ці прымаць гарачую ванну.

Запісацца на фітнес менавіта ў гэту пару года ў многіх ёсць прычына. Калі вясной хочуць пахудзець да адпачынку, то восенню — пасля яго. «Шведскія сталы», ведаеце, робяць сваю справу. Памятаю, адна мая кліентка радавалася, што пасля некалькіх месяцаў трэніровак нарэшце зможа надзець сваю любімую спадніцу. А потым два тыдні на курорце — і бывай, падцягнуты жывот. Быццам і не займалася дагэтуль.

Трэніроўкі ў халодны час года павінны адрознівацца ад летніх заняткаў. Упор лепш рабіць не на спальванне тлушчу, а на нарошчванне мышцаў. Восень і зіма ідэальна для гэтага падыходзяць. Аддавайце перавагу сілавым трэніроўкам і не хвалюйцеся за фігуру: для падтрымання мышачнай масы арганізм расходуе шмат энергіі, а таму папраўляцца вы не будзеце. Пра бонусы ў выглядзе добрага настрою і павышанай працаздольнасці ўжо маўчу.

Калі летам вы адпачывалі ад трэнажоркі, то вяртацца ў строй трэба паступова — пачынаць з заняткаў напалову менш інтэнсіўных, чым былі раней. Праз два-тры тыдні можна пераключыцца на звычайны рэжым.

Дагэтуль займаліся на дварэ і ў залу не цягне? Халоднае надвор'е не нагода спыняць трэніроўкі: пакуль дачакаецеся цеплыні, адвыкнеце ад фізічнай нагрузкі. Трэба толькі правільна апрануцца. Экіпіроўка павінна быць шматслойнай. Ніжні слой — тэрмабялізна, сярэдні — трыкатажныя рэчы для сагравання цела (напрыклад, з флісу), верхні — куртка з воданепранікальнай тканіны, каб абараніць ад ветру і дажджу. Не апранайцеся занадта цёпла, быццам збіраецеся на звычайны шпацыр. Інакш будзе цяжка займацца.

...Дапісваю гэтыя радкі ў халодным кабінеце і думаю, ці не прагуляць мне сённяшні басейн. Але побач стаіць вялікая торба з ручніком, фенам і сланцамі: не дарма ж насіла яе ўвесь дзень. (Дарэчы, гэта яшчэ адзін хітрык, каб не прапускаць трэніроўкі.) Трэба ісці, без варыянтаў.

Загаловак у газеце: Морква для настрою

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.