Вы тут

Маргарыта Латышкевіч. «У.»


Імя Маргарыты Латышкевіч як маладой і перспектыўнай паэткі я ўпершыню пачуў, калі яна толькі пачала вучыцца на філфаку Белдзяржуніверсітэта. Пад канец вучобы ў Маргарыты ўжо сабралася вершаў на цэлы зборнік, які ў хуткім часе — у 2012 годзе — і выйшаў. Называўся ён «Пульс навальніц». Калі М. Латышкевіч стала магістранткай таго ж БДУ, я ўпершыню прачытаў яе апавяданні. Думаю, што і кнігу яе прозы мы неўзабаве ўбачым у кнігарнях, пра што ўскосна сведчыць і той факт, што аўтарка ўсё актыўней звяртаецца да больш буйнога празаічнага жанру — аповесці. Пасля заканчэння магістратуры Маргарыта стала аспіранткай свайго роднага ўніверсітэта і тут ужо гучна заявіла пра сябе як пра ўдумлівага літаратуразнаўцу, якому падуладныя і такія няпростыя, а калісьці і нязвыклыя для нашага прыгожага пісьменства тэмы: скажам, «Персанажны ход хранатопу сучаснага беларускага фэнтэзі».

Які жанр стане для Маргарыты Латышкевіч галоўным у пару яе творчай сталасці, загадваць пакуль рана, але і сёння ўжо можна сцвярджаць, што ў літаратуру яна прыйшла не выпадкова.

Алесь Бадак


Кожная трынаццацігадовая дзяўчына мусіць быць закаханай. Гэта — аксіёма. Іначай няма пра што пашаптацца з сяброўкамі на перапынку, няма пра што перапісвацца з суседкай на ўроку геаграфіі. Няма прычыны, каб лішні раз падбегчы да велізарнага люстэрка ў жаночай прыбіральні, у якім усе твары становяцца падобнымі да агуркоў — выцягнутымі ды зялёнымі. Няма прычыны сумаваць за абедам і выпадкова выпіць чужы кампот. Адным словам, пакута — не жыццё.

Самае крыўднае было тое, што Лільчыны аднакласніцы даўно і трывала, нават звыкла захапляліся хлопцамі з адзінаццатага. І гаварылі пра іх бясконца, і хваліліся, і радасна павісквалі, расказваючы адна адной, як ледзь-ледзь не загаварылі, сутыкнуўшыся з аб'ектам свайго захаплення каля гардэроба. Сутыкаліся, між іншым, не сам-насам: па некаторых асабліва папулярных адзінаццацікласніках уздыхала адразу некалькі дзяўчатак, так бы мовіць, адзіным фронтам, за кампанію. Так што адважна кідаліся ў атаку ўсёй вісклівай купкай — і ледзь не збівалі аб'ект захаплення з ног. Аб'ект звычайна пакутліва чырванеў і сварыўся. Тады прыходзілі круглыя бабулькі-гардэробшчыцы і з лаянкай разганялі ўсіх:

— Вы тут яшчэ падушыцеся!

Захапляліся, варта сказаць, здаля. Калісьці куртуазныя рыцары абіралі сабе замужнюю даму сэрца і аддана служылі ёй, несучы любыя ініцыялы на шчыце. Так і тут: у большасці самых прыцягальных хлопцаў ужо былі каханыя дзяўчаты-аднагодкі. Апошнія ў асяроддзі раўнівых прыхільніц сваіх кавалераў спрэс мелі, як каралі дынастыі Каралінгаў, сталыя эпітэты поруч з імем: Дурніца Дана, Валасатая Віка, Парася Каця. Чалавеку неабазнанаму магло б нават падацца, што гэта — сапраўдныя прозвішчы.

Лілі і распавесці асабліва не было пра што. Да трынаццаці гадоў яна, вядома, дажыла не без сардэчных гісторый і рамантычных прыгод. Скажам, у дзіцячым садку ёй прызнаваўся ў каханні бялявы Мікітка, і гэта было б нават міла, каб Мікітка не біўся пры гэтым зялёненькім савочкам. Хтосьці з хлопчыкаў дарыў Лілі з нагоды розных свят самаробныя карткі, старанна склееныя іх мамкамі і бабулямі. Але ж гэта таксама лічыцца, праўда? Хтосьці дапамагаў намаляваць карабель ці данесці кніжкі да бібліятэкі. З кімсьці весела было віснуць на дрэве, гуляючы ў адважнага Робін Гуда, і майстраваць лукі. З кімсьці атрымлівалася толькі люта біцца, а паміж бойкамі, захоўваючы статус-кво, паказваць адно аднаму язык. Але ўсе гэтыя несумненныя знакі мужчынскай увагі — Ліля цудоўна разумела — зараз нікога ўразіць не маглі.

Так што на перапынку паміж матэматыкай і гісторыяй Валечка Сіўцова з таямнічым прыдыханнем расказвала пра сваю «даму сэрца» — найцудоўнага кучаравага Яўгена, які ўвечары звычайна шпацыраваў па плошчы Леніна з Дурніцай Данай. А Ліля сядзела побач і моўчкі дзьмулася. Вясёлай балбатлівай Валечцы яна сімпатызавала, і з той прычыны вельмі хацела гэтую ўтульную размову падтрымліваць. Але як? Не расказваць жа пра дурнога Мікіту і савочак. Глупства. А пра іншае, надзённае, блізкае расказваць не атрымлівалася. Вельмі проста.

З гісторыі Ліля ішла задуменная і трохі нават засмучоная. Думала са скрухай: вось, трынаццаць гадоў. Жыццё праходзіць, а што з таго? Прасцей было б, вядома, пайсці па шляху найменшага супраціўлення і таксама «ўтрэскацца» ў таго ж Яўгена. Вунь у Валечкі так прыгожа, так смачна гэта атрымліваецца, ажно зайздрасць бярэ.

А ў Лілі ўсё не так, як у людзей. Тое, што горача варочаецца ў сэрцы, і трымціць, быццам нацятая струна, і спявае, увасабляцца ў словах не жадае аніяк. Да горла нешта падступае, і вусны сціскаюцца, і чырвань залівае шчокі. Валечка вунь не чырванее і не маўчыць. Валечка шчабеча, быццам птушачка, ажно сэрца радуецца.

Да таго ж, аб'ект уздыхаў Лілі быў «непрэстыжным». Падумаеш, дзесяцікласнік. Хударлявы, сутулы, хадзіў у расцягнутым чорным світары, трос нястрыжанымі русымі валасамі. Нічога такога выключнага, гэта сама Лілька цудоўна разумела і праз гэта дадаткова пакутавала. Добра каб спяваць умеў ці на гітары трэнькаць — ды не ж, талентаў не заўважана.

Але гарачыня ўспыхвала ўнутры маленькага Лільчынага сэрца, і разлівалася па ўсім целе, і засцілала вочы. Ад гэтага падкошваліся ногі і вусцішна займала дух. І недзе там, пад покрывам гэтай усеабдымнай мляўкай гарачыні нараджаўся жах. Ледзьве не першабытны, беспрычынны, але тым больш моцны.

Заўважыўшы недзе на калідоры знаёмы чорны світар, Ліля стартавала на трэцяй касмічнай хуткасці. Не да аб'екта захаплення, як іншыя дзяўчаткі-аматаркі, а ад яго. Куды заўгодна, абы — ад.

Аднаго разу, сутыкнуўшыся са сваім аб'ектам на другім паверсе школы, Ліля вокамгненна рэціравалася да лесвіцы, узвілася на трэці паверх і, пэўна, палезла б на гарышча, калі б там не было замкнута. Згадзіцеся, як пра такое можна расказваць утульнай Валечцы Сіўцовай? Дзіка. Бязглузда. Сорам.

Так, у маленькай Лілі жыў горды дух, які ў сваёй слабасці прызнавацца не жадаў анікому, нават ласкавай птушачцы Сіўцовай. Гордасць, аднак, мае сваю цану, а таму гордыя сэрцы заўжды пакутуюць у самоце.

Так прамінуў цэлы год, і чарговым навальнічным маем, які поўніўся спакуслівым водарам бэзу, на чарговай выпускной лінейцы развітваліся з былымі адзінаццацікласнікамі. Аматар расцягнутых світараў гэтым разам самому сабе здрадзіў: апрануўся ў строгі чорны касцюм, валасы падвязаў і нават расправіў плечы. Падносіў кветкі класнай Лількі і штосьці там гаварыў пра падзяку. Валечка Сіўцова пасмейвалася ды пхала безуважную сяброўку локцем пад рэбры, а Ліля, грозна звёўшы бровы і падціснуўшы вусны, глядзела ўбок, на мокры ад навальнічнай залевы асфальт.

Яна і так выдатна ведала, дзе стаіць світараносец: адчувала скурай, як адчуваюць, заплюшчыўшы вочы, сонечныя промні.

— Глядзі, ну, глядзі ж ты, ну! — горача шаптала Валечка, апякаючы словамі Лільчына вуха.

Гордая Ліля, не жадаючы распісвацца ва ўласнай слабасці, не здавалася і не глядзела. Адчувала інстынктыўна, што нешта заканчваецца, што за ім непазбежна з'явіцца новае, выспее, забуяе. І гэтага новага — зноў жа, інстынктыўна — баялася.

І яшчэ болей баялася ад гэтага прадчування нечага новага, большага — зараўці, зарумзаць, быццам трохгадовая.

Не тут жа. Не пры ўсіх. І дакладна не пры кплівай Валечцы.

Новае сапраўды прыйшло — новыя постаці, новыя ўсмешкі. Словы, вочы, рукі. Гарачыня находзіла хвалямі, але ўжо была звыклай, натуральнай. Не толькі не пужала — нават не здзіўляла.

Дарослая Ліля, праўда, на ўсё жыццё захавала прыхільнасць да хлопцаў з доўгімі валасамі ды ў расцягнутых світарах. Быццам драбочкі, аскепкі таго, першага (лепшага) цяпла яшчэ жылі ў сэрцы і час ад часу варушыліся ў ім, нагадвалі пра сябе.

А калі часам было кепска, Ліля ставіла ў імбрычку гарбату з бергамотам і за ёю згадвала. І валасы, і світар, і сутулыя плечы. Ад гэтага чамусьці заўсёды лепшала — і жыць хацелася, і любіць, і верыць.

Твар ягоны, праўда, зусім сцёрся з памяці.

Маргарыта Латышкевіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».