Вы тут

У архівах Беларусі захоўваюцца дакументы з XІV стагоддзя


Самы стары дакумент датуецца 1391 годам.

Амаль 13 мільёнаў адзінак захоўвання на папяровай аснове, больш як 200-кіламетровая даўжыня стэлажных паліц з дакументамі — так выглядае сёння архіўная галіна краіны. А яшчэ гэта 6 рэспубліканскіх, 9 абласных, 16 занальных і 124 раённыя архівы, а таксама два навукова-даследчыя інстытуты, дзве лабараторыі і ведамасныя архівы.


Штогод дзяржаўнымі архіўнымі ўстановамі краіны выконваецца больш як 3 тысячы тэматычных, каля 13 тысяч біяграфічных, каля 300 генеалагічных і амаль 30 тысяч запытаў сацыяльна-прававога характару.

— Для таго каб даследчыку было прасцей карыстацца архіўнымі дакументамі, мы ідзём у нагу з часам, — адзначыў дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Беларусі Уладзімір АДАМУШКА. — Пачынаючы з 1 кастрычніка 2012 года, у глабальнай сетцы змешчаны Дзяржаўны фондавы каталог Нацыянальнага архіўнага фонду Беларусі. Сёння, зайшоўшы ў інтэрнэт, можна ўбачыць, якім багаццем мы валодаем. Таксама, але пакуль у тэставым рэжыме, працуе Сістэма адкрытага доступу да дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Беларусі.

У архівах нашай краіны актыўна вядзецца праца па пераводзе дакументаў на лічбавыя носьбіты. «На цяперашні момант мы працуем над аблічбоўкай вопісаў: каб у даследчыка быў навукова-даведачны апарат, па якім можна знайсці любы дакумент, — тлумачыць Уладзімір Адамушка. — Паставілі перад сабой задачу ў першую чаргу перавесці ў лічбавы фармат страхавы фонд Нацыянальнага архіўнага фонду. А гэта амаль 400 тысяч каштоўных дакументаў, без якіх нельга казаць пра гісторыю Беларусі. Потым мы пяройдзем да дакументаў, найбольш запатрабаваных у нашых даследчыкаў. Ужо амаль поўнасцю, на 70%, аблічбаваны фота- і гукадакументы».

Актыўна развіваецца міжнароднае супрацоўніцтва дзяржаўных архіваў нашай краіны з аналагічнымі ўстановамі замежжа. У тым ліку ажыццяўляецца перавод у Нацыянальны архіўны фонд дакументаў, звязаных з гісторыяй Беларусі, якія захоўваюцца ў архівах іншых дзяржаў. Не сакрэт, што арыгіналамі не хоча дзяліцца ні адзін архіў свету. Але робяцца копіі, створана спецыяльная база даных дакументаў, якія захоўваюцца ў замежных архівах.

— Мы пайшлі шляхам сумеснай выставачнай дзейнасці і сумеснага выдання зборнікаў дакументаў, — расказаў дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі. — У нас ёсць копіі гэтых дакументаў, прыдатных для выкарыстання. У XXІ стагоддзі нам не столькі патрэбны арыгінал, галоўнае ў дакуменце — першасная інфармацыя. Вядома, нам хацелася б мець Тураўскае Евангелле, якое захоўваецца ў Літве, але не ўсё так проста.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Скарб гісторыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».