Вы тут

На ўсё свой час


Рыжы кот клубком скруціўся на рыжай траве. Гэта — восень.


Ёсць пытанне

Раніца, горад, аўтобус: людзей — што селядцоў, і тым, што сядзяць, яшчэ трохі лепей, хаця...

Адна з кабет ужо, мусіць, прыехала: устала і пайшла б да дзвярэй, ды дзе там — натоўп сцяной.

— Можа, ты сядзеш, — прапануючы сваё месца, пытае жанчына ў нейкага хлопца. — А я прайду...

— Не хачу, — адмаўляецца той.

— Хочаш не хочаш, — уздыхае жанчына, — а выйсця няма: сядзеш, сядзеш, як міленькі!

...Шмат значэнняў у гэтага слова: садзіць (саджаць) можна, у прыватнасці, дрэвы, гасцей, некага на пасаду, дыету, сабе на шыю, хлеб у печ, квактуху на яйкі, пляму — на сукенку... І чалавека...

Ну чаму нам здаецца, што найперш — у турму?


Якая справа, такая і слава

Міхайлавіч на «дзембель» сышоў (чытай — на заслужаны адпачынак), каторы месяц шчыруе на сябе, на патрэбы сям'і — найчасцей, вядома, на лецішчы. Але ж надоечы і ў горад сабраўся.

— На працу трэба, — сказаў суседу.

— Такі нешта знайшоў?! — не паверыў той. — А ці добрае ж?

— Ды яшчэ якое! Дома буду — канапу пільнаваць.

...Гэта, ну згадзіцеся, рэдкая праца! А каб за яе ды яшчэ і плацілі...


Аптымісты

Супала: у прыяцелькі вольная хвілінка была, і візітоўкі пад руку «падкруціліся» — захацела перабраць, непатрэбныя выкінуць, папярэдне, вядома ж, парваўшы...

Думаеце, гэта лёгка?

Яна таксама думала. Але як ні старалася, некалькі паперак парваць не змагла!

Трэба разумець, іх заказчыкі грунтоўна падышлі да «вытворчасці»: усё зрабілі як мае быць! Думалі, відаць, што сваіх адказных пасад ніколі не страцяць, не захварэюць, на пенсію не пойдуць, за краты не сядуць...

Не прыходзіла на думку і тое, што гэтыя візітоўкі нехта банальна захоча выкінуць як непатрэбныя.


Спадчына

...«Вы ведаеце, чым дрэнная адзінота? — пытала некалі пісьменніца Лідзія Арабей. І сама ж адказвала. — Тым, што раніцай няма каму расказаць свой сон. А яны ж бываюць такія цікавыя!»

Мой нядаўні. Нейкі горад, свята, але яно як быццам скончылася — людзі разышліся, каб сядзець па дамах, хоць вечар — проста шыкоўны: ціхі, цёплы, у такія — гуляць ды гуляць, проста хадзіць па вуліцах!

Там відна, бо свецяць ліхтары, там, трэба разумець, бяспечна, бо дзяжурыць міліцыя, там — хай зрэдку — але ж відаць постаці.

Адна насустрач: мужчына — сталага веку, усмешлівы, у прыгожым касцюме. Падобна — мэр? А бач ты — дэмакрат: пехатой, без аховы...

Мы ўсміхаемся адно аднаму, спыняемся, аб нечым размаўляем, смяёмся.

Мы заходзім у нейкае памяшканне кшталту местачковай чайной, дзе спадарожнік раптам... знікае.

Мне б зрабіць тое самае, гэта значыць — выйсці адсюль. Але дзе там — дарогу заступаюць нейкія «цэрберы»: адзін з іх ветліва «просіць» пачакаць (чаго? каго?), другі — з усёй сілы... штурхае.

Падаю. Падаю ў... ваду, але чамусьці не тану. Можна сказаць, не ўмеючы, плыву да «берага», і адзінае, чаго там не разумею — як жа быць з гэтай мокрай кофтай, спадніцай? Трохі выкруціць? Так.

Я спрабую гэта зрабіць, прычым не толькі сама: побач... мой спадарожнік. Праўда, цяпер ён ужо не ў касцюме,
а ў ружовым махровым халаце, з пад якога віднеюцца голыя грудзі, ногі.

Гэта відовішча віхрам зрывае з месца, гоніць па нейкім доўгім калідоры, па раскіданых дошках, брудных пакоях... У адным з якіх, можна сказаць, слупянею, бо там з дзясятак ложкаў і на кожным — маладыя, прыгожыя дзяўчаты. Усе яны нібы спяць. Толькі адна працягвае халодную, як лёд, руку і называе імя: «Наташа». Я пытаюся, хто яна і яны? Чаму не ўцякаюць? «А гэта немагчыма, — гаворыць дзяўчо. — Усе дзверы замкнутыя».

Не верачы ў гэта, б'юся ў іх плячом, кулакамі, нагамі, тузаю ручкі, крыкам крычу: «Памажыце!», «Ратуйце!..»

— Што з табой? — чую над вухам. — Нешта прыснілася?

— Так, мінулае стагоддзе... Рэпрэсіі.

Спадчына.


Няма лепшай рэчы?..

Гэта некалі мы лавілі таксі. Цяпер...

У аэрапорце хлопцаў злавіў таксіст, прапанаваў падвезці. Тыя селі.

— Нябось студэнты? — пацікавіўся кіроўца, акінуўшы іх уважлівым позіркам.

— Ну, — згодна кіўнулі дзецюкі і змоўклі, бо размаўляць зусім не хацелася.

— Працаваць недзе ездзілі? — не сунімаўся таксіст.

— Ну, — яшчэ раз кіўнулі студэнты.

— Некуды за мяжу?.. А чаму вярнуліся?

...У Гагарына, кажуць, пра тое ж пыталіся: як гэта — увесь свет абляцець і ў Савецкі Саюз вярнуцца?


Не вучы вучонага

У выдатнага мовазнаўцы Уладзіміра Даля неяк спыталі, якім чынам можна вызначыць нацыянальнасць чалавека.

Адказаў прыкладна так: не па месцы жыхарства, не па веравызнанні, не па паходжанні яго бацькоў — па мове, гэта значыць, на якой мове чалавек гэты думае і размаўляе, да той нацыі ён і належыць.

Адпаведна беларусаў у Беларусі вобмаль, а ўжо за межамі — і зусім не відаць. Там — у старажытных храмах, музейных залах, у атэлях і кавярнях, на гарачых пляжах і вузкіх турыстычных сцежках — шмат кітайцаў, японцаў, немцаў, палякаў...

Рускіх (дакладней — рускамоўных) — вядома ж, таксама шмат! І ўжо за імі назіраў бы і назіраў, бо цікава!

Такім чынам...

Варна, вакзал, чарга — прабачце — у прыбіральню.

Яна, што здалёк відаць, — платная. Што крыху бліжэй — грошы бярэ не жывы чалавек (як, напрыклад, у нас), а спецыяльны аўтамат: пяцьдзясят стацінак.

Пяцьдзясят дык пяцьдзясят — у нас яны ёсць. А авось кабета, што стаіць паблізу, пакуль у пошуку: нешта вытрасае ў далонь з кашалька, шнарыць па кішэнях і (відаць, з надзеяй на кароткае «так» ці яшчэ карацейшае «не») уголас пытае:

— Скажыце, а калі я сто стацінак укіну, аўтамат гэты рэшту дасць?

Рот адкрыць ніхто не паспявае — слова бярэ (іначай не скажаш) адзін з мужчын:

— Вы, між іншым, не дома, а за граніцай, — цэдзіць ён праз зубы, гледзячы на кабету зверху. — Тут вашу рускую мову могуць не зразумець. Трэба гаварыць на англійскай...

На твары ў кабеты «букет» пачуццяў: найперш — разгубленасці (бо спытала дурное...), потым — згоды, бо яно ж і сапраўды, трэба па-англійску, потым — шкадобы, бо гэтай мовы яна, падобна, не ведае, а ўрэшце... палёгкі, бо ў кішэні нарэшце знаходзяцца пяцьдзясят стацінак, а з імі (як сякера пад лаўкай) і адказ маралісту:

— Пайшоў ты...

Куды канкрэтна — жанчына сказала, сказала настолькі гучна і нечакана, што ён пачырванеў, прыгнуўся і сапраўды... пайшоў — пайшоў за дзверы з літаркай «М».

Ці вам казаць, што чарга туды падыходзіць хутчэй.


На ўсё свой час

...У садзе нагой не ступіць: за тыдзень нападала яблыкаў — жоўтых, спелых, сакаўных. З'еў бы, здаецца, усе, і на ўчарашні розум — дык пачаў бы з гэтых, трошкі пабітых (бо не паляжаць). А вось на сённяшні...

Гісторыю расказалі — пра мужыка, які вельмі любіў памідоры. І таму сам, уласнаручна, сеяў, вырошчваў расаду, пікіраваў яе, сам кожнае каліўца пераносіў у грунт, сам і ўсё лецейка песціў-даглядаў.

Дзякаваць богу, не марна: вырасціў ураджай — акуратненька сабраў яго, перанёс у хату і расклаў на падаконнях. Няхай, маўляў, паляжыць крыху, няхай сабе і людзям вочы пацешыць.

І ён, вядома ж, ляжаў. І цешыў, але да пары: неяк на адным з прыгажунчыкаў гаспадар заўважыў цёмную плямку.

Што было рабіць? Акуратненька выразаў яе, а памідорык з'еў.

Назаўтра яшчэ колькі штук аказаліся з плямамі — з'еў таксама, хоць яму, шчыра кажучы, шкада было. І на паслязаўтра...

Такім чынам, вельмі любячы памідоры, гэты агароднік еў — цягам тыдняў — не сказаць, што гнілыя, але ж...

Кабета, якая расказала гэту гісторыю, завяршыла яе нечакана: «У пару ўсё трэба... Нават любіць!»

А вы з ёй паспрачайцеся. Калі, вядома ж, хочаце!


Голас

Міхайлаўна (здымаю капялюш) у першую суботу кастрычніка заўсёды тэлефануе сваім настаўніцам — віншуе з прафесійным святам, кажа, каб яшчэ і заўтра ўключылі радыё, бо для іх заказана песня...

Жанчыны, вядома ж, расчулены, рады. І найбольш, здаецца, адна. Кажа:

— Ірачка, дзіцятка...

Астатніх слоў былая вучаніца не чуе: для таго каб «аглухнуць», ёй хапае вось гэтага, аднаго, паўзабытага слова — слова, што казала ёй мама... Паўвека таму.

Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».