Вы тут

Да ацяпляльнага сезона краіна гатовая на 100%


На думку першага намесніка міністра энергетыкі Леаніда Шэнца, наша краіна цалкам гатовая да ацяпляльнага сезона. Акрамя таго, падчас канферэнцыі ў прэс-цэнтры БЕЛТА напярэдадні XXІ Беларускага энергетычнага і экалагічнага форуму, які пройдзе з 11 па 14 кастрычніка ў сталіцы, спецыялісты абмеркавалі пытанні энергетычнай бяспекі краіны, выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі.


Газу на зіму хопіць усім

Па словах Леаніда Шэнца, паводле кантракта, які падпісалі паміж сабой «Белпалівагаз» і «Газпрам трансгаз Беларусь» на 2015—2017 гады, у бягучым ацяпляльным перыядзе аб'ём паставак прыроднага газу складзе 19,3 млрд куб. м. Гэтага будзе дастаткова для забеспячэння як насельніцтва, так і прамысловых прадпрыемстваў. Запасы мазуту таксама нарыхтаваны ў поўным аб'ёме — 354 тыс. тон (план 350 тыс. тон). Дастаткова нарыхтавана і торфу, што дасць магчымасць забяспечыць спажыўцоў у сельскай мясцовасці. Для павышэння ўстойлівасці ліній электраперадачы 6—10 кВ выканана іх планавая рэканструкцыя з прымяненнем абароненых правадоў. Таксама ўжо прыбраны дрэвы, якія могуць зваліцца на лініі. «Такім чынам ужо на 1 кастрычніка практычна 100% нашых спажыўцоў і цеплакрыніц гатовыя да асенне-зімовага перыяду», — растлумачыў Леанід Шэнец.

Акрамя таго, ён расказаў, што Міністэрства энергетыкі і кампанія «Сіменс» абмяркоўваюць магчымасць рэалізацыі ў Беларусі новых сумесных праектаў. Ужо падпісана рамачнае пагадненне аб супрацоўніцтве з гэтай кампаніяй і будзе створана рабочая група з удзелам прадстаўнікоў Мінэнерга, «Белэнерга» і кампаніі, каб арганізаваць вытворчасць асобных вузлоў і дэталяў на прадпрыемствах у Беларусі. Бакі абмяркоўваюць таксама магчымасць стварэння сучаснага сэрвіснага цэнтра.

Перспектыва аднаўляльных крыніц

Намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар Качаноўскі адзначыў, што ў адпаведнасці з канцэпцыяй экалагічнай і энергетычнай бяспекі краіны да 2035 года ў Беларусі вытворчасць электраэнергіі з выкарыстаннем аднаўляльных крыніц складзе 2,6 млрд кВ/г у год. «З улікам павелічэння сусветнага дэфіцыту і пастаяннага падаражання традыцыйных энерганосьбітаў неабходна іх замяшчаць мясцовымі і аднаўляльнымі відамі паліўна-энергетычных рэсурсаў», — растлумачыў ён.

Аднаўляльнымі крыніцамі энергіі з'яўляюцца сонца, вецер, рух водных патокаў, біягаз і біямаса. Спецыяліст расказаў, што ў краіне колькасць установак па вытворчасці электрычнай і цеплавой энергіі з выкарыстаннем гэтых крыніц расце з кожным годам. Сёння ўжо функцыянуе звыш 650 падобных установак агульнай магутнасцю больш за 1 тыс. МВт. Сярод перспектыўных напрамкаў — комплексная перапрацоўка арганічных камунальных адходаў, ападкаў ачышчальных збудаванняў сцёкавых водаў, адходаў аграпрамысловага комплексу, біямасы для атрымання біягазу, павелічэнне выкарыстання энергіі ветру і сонца праз паэтапнае ўкараненне ветраўстановак і сонечных батарэй. «Толькі за кошт пашырэння выкарыстання энергіі ветру, біягазу і адходаў патэнцыял эканоміі складае больш за 2,5 млн тон умоўнага паліва, або 11,9% імпартаванага за 2015 год прыроднага газу», — адзначыў ён.

Энергія з адходаў

Па словах Ігара Качаноўскага, атрыманне энергіі перспектыўна развіваць і за кошт большага выкарыстання паліўнай дранкі, спальвання камунальных адходаў на спецыялізаваных ЦЭЦ або на заводах па спальванні смецця, будаўніцтва якіх запланавана ў наступныя гады ў прыгарадах Мінска.

Ён таксама расказаў, што Мінпрыроды сёння прапануе разгледзець магчымасць выключэння адпрацаваных маслаў з пераліку мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў. Гэтыя адходы плануюць збіраць з мэтай вытворчасці на іх аснове імпартазамяшчальнай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю для розных галін эканомікі. Паўторнае іх выкарыстанне вельмі перспектыўнае і павінна прынесці вялікі даход у бюджэт краіны.


У тэму

Як адзначыў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў, узгадненне на ўключэнне ацяплення ўжо падпісана. Аднак гэта — паэтапная работа. У першую чаргу цяпло з'явіцца ў дашкольных установах, школах, медыцынскіх установах, а ўжо потым — у жыллёвым фондзе. «Ацяпленне будзе ўключана ў тым ці іншым рэгіёне ў адпаведнасці з рашэннямі выканкамаў па ўзгадненні з міністэрствам. Такое ўзгадненне мы ўжо падпісалі», — адзначыў Аляксандр Церахаў.

Школы, дзіцячыя сады і некаторыя іншыя ўстановы Віцебскай вобласці ацяпляюцца з 5 кастрычніка. З 6 кастрычніка ва ўсіх раёнах Гродзенскай вобласці, а таксама ў Мінску, прыступілі да падачы цяпла ў аб'екты сацыяльнай сферы. У Брэсцкай вобласці батарэі ацяплення «ажывуць» 7 кастрычніка. Жылфонд у Магілёўскай вобласці пачне абагравацца ў канцы гэтага тыдня.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

kryzhevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.