Вы тут

Фестываль урбан-арту Vulіca Brasіl будзе доўжыцца круглы год


Фестываль урбан-арту Vulіca Brasіl сёлета руйнуе межы. Ён будзе доўжыцца круглы год! Цяпер гэта не толькі графіці на сценах, як было мінулыя разы. Ужо зараз архітэктары пачалі перарабляць сталічную вуліцу Кастрычніцкую і будаваць на ёй розныя карысныя канструкцыі для жыцця. Ад новых лавак да месцаў для раслін на дахах. Працяг — наступнай вясной.


Больш радасці!

Куратар праекта і архітэктар Георгій ЗАБОРСКІ ўпэўнены, што мінчанам патрэбны новыя эмоцыі на вуліцах:

— Для нас самае галоўнае — гэта навучыць горад развівацца самастойна. Мы не верым больш у тую мадэль, якая была ў ХХ стагоддзі, у тое, што інжынеры, архітэктары і генпланісты павінны ведаць, якім будзе горад, праектаваць яго і прад'яўляць жыхарам. Такое больш не працуе нідзе: ні ў бізнесе, ні ў асабістым жыцці, ні ў горадабудаўніцтве. Як вы самі выбіраеце сваю любоў, вы павінны самі выбіраць, у якім горадзе будзеце жыць. Мы хочам прыўнесці ў Мінск трохі больш лёгкасці ўспрымання, больш радасці. Сталіца цяпер уладкавана так, што ўсё цікавае зачынена ў памяшканні. Мы выходзім на вуліцы горада і выплюхваем усю гэтую актыўнасць. Мы будзем лічыць праект Vulіca Brasіl паспяховым у той момант, калі вы будзеце адзначаць дні нараджэння на вуліцах, калі вам не трэба будзе замыкацца ў доме, каб адчуваць сябе камфортна. Менавіта таму мы супрацоўнічаем з бразільскім пасольствам. У Бразіліі культура з прынцыпова іншым стаўленнем да вуліцы, да адкрытасці, да ўзаемадзеяння паміж людзьмі. Мы хочам, каб Мінск таксама навучыўся адкрывацца. Вуліца Кастрычніцкая — гэта толькі кропка, адкуль мы пачынаем. Так атрымалася, што ў Мінску яна стала засяроджаннем вольнага духу, і з яе пачынаць прасцей і больш зразумела. Наша мэта — гэта горад. А самае галоўнае — тыя раёны, у якіх цяпер зусім шэра і сумна. Мы хочам, каб той вопыт, які мы зробім камандай з 30 чалавек на Кастрычніцкай, перайшоў далей. Але для гэтага патрэбна каманда ў 500 чалавек. Калі мы пачнём гэта рабіць у спальных раёнах, у гэты момант Мінск пачне па-сапраўднаму мяняцца.

Сядзенні замест парковак

Аднымі з такіх новаўвядзенняў стануць парклеты. Гэта тэрасы з лаўкамі, якія будуюцца на месцах парковак, што ў гэты момант не выкарыстоўваюцца. Пад іх адбіраецца ад аднаго да пяці парковачных месцаў, і яны дапаўняюцца малымі архітэктурнымі формамі і зелянінай. Адзін з іх ужо з'явіўся на вуліцы. Яго архітэктар Аляксандра РАМЕЙКА расказала, як гэта выглядае:

— Мы вырашылі ўзяць адно парковачнае месца. У даўжыню — да канца падпорнай сценкі. Яе мы будзем выкарыстоўваць у нашай зоне адпачынку, але некалькі пераробім. Пабудуем лесвіцу-тэрасу. Праз яе можна падняцца і трапіць на сам парклет і на зялёную частку, на гэтай лесвіцы таксама можна сядзець. На падпорнай сценцы плануецца ўстанавіць некалькі столікаў, акрамя гэтага, саму сценку мы абсталявалі драўлянай сядушкай. Ёсць невялікі пандус — ён «з'ядае» перапад вышынь. Па ім можна завесці ровар і паставіць на велапаркоўку. Яшчэ тут будуць скрыні з раздзельным зборам смецця. Плануецца пасадзіць шматгадовыя расліны, якія закрыюць від на машыны. А з іншага боку людзі змогуць назіраць за рухам вуліцы і адпачываць. У будучыні мы зможам панізіць бардзюр, і ён будзе супадаць з тратуарам.

Расліны на малюнках

Іншая ідэя, якая ўжо амаль рэалізавалася, — зрабіць дахі «зялёнымі». На іх ужо з'явіліся расліны, трэба пачакаць, пакуль яны вырастуць. Аб сваёй «зялёнай сцяне» расказала Юлія СТРАТОВІЧ, кіраўнік студыі вертыкальнага азелянення «Moss town»:

— Я прафесійна займаюся вертыкальным азеляненнем. Першапачаткова ў гэтым праекце павінна была быць «зялёная сцяна», але з-за кліматычных умоў і вельмі цяжкіх канструкцый, пакуль яе пабудаваць немагчыма. Еўрапейская сістэма не падыходзіць, бо яна вельмі дарагая і складаная. Яе можна пабудаваць тут, але адна суровая зіма — і ўсё сапсуецца. Акрамя гэтага, велізарная металаканструкцыя — вялікая нагрузка на сцяну. А тое, што мы робім, — вельмі рэальная ідэя, яна павінна працаваць.

Увогуле, гэта першы такі праект у Беларусі. На сцяне мастак Evgeny Cowek намаляваў дрэвы. Яны павінны будуць запоўніцца жывымі раслінамі. Ёсць сцяна над помнікам Леніну, дзе цяпер намаляваны мужчына і жанчына, там таксама абыграем акно з зелянінай. Мы паставім кантэйнеры на дах, правядзём вадаправод. Зробім сістэму з аўтапалівам, дзе будзе кавалак «жывой» сцяны. Там можна выкарыстоўваць канструкцыю з экакубам. У яго збіраецца дажджавая вада і ўжо адтуль адбываецца паліў. Гэта ў ідэале. Але гэта першая эксперыментальная сцяна, і мы ўбачым, што будзе вясной. Раслінам патрэбен час, каб прыжыцца, перазімаваць. Потым можна ўжо будзе думаць аб тым, як распаўсюджваць гэтыя зялёныя дахі па горадзе. Расліны выбіралі марозаўстойлівыя, якія будуць звісаць з даху, як дзікі вінаград. Гэта робіцца для таго, каб потым была магчымасць зрабіць на «зялёных» дахах нейкую прастору.

Надзея АНІСОВІЧ

anisovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Лёгкасць быцця, або Новы выгляд Кастрычніцкай

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.