Вы тут

Дзе без візіту міліцыі не праходзіць і тыдня


Спецыфічны пах і памутнелыя ад алкаголю вочы выдаюць людзей, побач з якімі доўга знаходзіцца нікому не хочацца. Аднак сустрэчы з імі непазбежныя: на вуліцы, у грамадскім транспарце, у чарзе. Яны зрабілі чарку сэнсам свайго жыцця і не могуць ні дня без яе абысціся. Як выглядае тое самае «дно», на якім жывуць залежныя ад алкаголю людзі, даведаліся карэспандэнты «Звязды». Разам з супрацоўнікамі міліцыі яны завіталі дадому да «асаблівага кантынгенту», які пражывае на тэрыторыі Савецкага раёна сталіцы.


«У ма­ім ня­шчас­ці ві­на­ва­ты  гэ­ты дом», — лі­чыць Воль­га.

— Апошнім часам, на шчасце, стала менш адрасоў з так званымі «прытонамі». Адных гаспадароў «праблемных» кватэр адправілі ў лэчэбна-працоўныя прафілакторыі, іншых за вялікія даўгі па камунальных паслугах выселілі, — уводзіць у курс справы старшы інспектар аддзела прафілактыкі Савецкага РУУС старшы лейтэнант міліцыі Максім Валееў. — Хаця, канешне, без работы мы не сядзім. Зараз накіроўваемся туды, дзе без нашага візіту не праходзіць і тыдня.

...У старэнькай хаце з рознакаляровымі сценамі на 2-й Пасялковай вуліцы жывуць 43-гадовы Юрый, 40-гадовая Вольга і іх маці. Яшчэ не пераступіўшы парог, а толькі зазірнуўшы ў двор, можна зрабіць пэўныя высновы пра гэтую сям'ю. Усюды раскідана смецце — у пакетах ці проста так, там-сям пад дрэвамі стаяць зламаныя крэслы і сталы.

Лейтэнант міліцыі Андрэй Прыходзька стукае ў дзверы, яму адкрывае жанчына гадоў шасцідзесяці. Яна не здзіўляецца візіту людзей у пагонах. Відаць, што даўно знаёмая з імі. Нехаця прапускае нас у дом.

«Сустракаць гасцей» выходзіць у калідор і яе сын у адной бялізне. Праўда, тут жа хаваецца за дзвярыма.

У доме шумна — гучна працуе тэлевізар, у адным з пакояў бесперапынна брэша сабака. Смецця і раскіданых рэчаў тут у дзясяткі разоў больш, чым на дварэ. У паветры стаіць шчыльная «дымавая завеса».

— Юра, ты піў сёння? — запытваецца лейтэнант ва ўжо апранутага мужчыны.

— Я?! — здзіўляецца той. А пасля спрабуе хутка вымавіць, але запінаецца на кожным слове: «У мяне ўнутры 0,7, 0,5, 0,33!» — і ўсё становіцца зразумела.

З самага ранку ён прыкладваўся да бутэлькі не адзін — з жанчынай, якая ўжо паўтара года жыве разам з ім.

— Нікуды я не паеду! Заламвай мне рукі, надзявай наручнікі. Не па-е-ду! За што? Ну выпіў, бывае. Я ж дома сяджу спакойна! Хутка на працу пайду, — выкрыквае Юра, пакуль пераходзіць з аднаго пакоя ў іншы. Цяпер яго хутка паклічуць у суд, а пасля хутчэй за ўсё адправяць у лячэбна-працоўны прафілакторый.

«Гэ­та не смец­це, а па­трэб­ныя рэ­чы», — тлу­ма­чыць Вік­тар.

Ён працуе ў ЖЭСе, але з'яўляецца там усё радзей. Замест гэтага застаецца дома, выпівае. Часта падымае руку на маці. У пракуратуры на яго не так даўно завялі справу за прычыненне менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Яго малодшая сястра Вольга паводзіць сябе спакайней. Заўтра яна паедзе на прымусовую працу пад Слуцк.

— Забіраюць мяне за распіццё спіртных напояў у грамадскім месцы, — з нервовай усмешкай кажа яна. — Можа назаўсёды там застануся, раптам спадабаецца? Кароў даіць трэба? Я, дарэчы, умею. Хаця ўжо год беспрацоўная, дагэтуль была нянечкай у дзіцячым садку. Плацяць мала, а адказнасці многа. Яшчэ і праз увесь горад трэба было ехаць. Навошта яно мне трэба?

Грашовае пытанне Вольга вырашае з дапамогай «свайго добрага сябра»: ён яе апранае і корміць, таму новую працу яна шукаць не спяшалася.

— Не падумайце, я не прапойца якая-небудзь, не стаю ж пад крамамі! Калі прыходзіш дадому і бачыш п'яныя пысы, рука адразу так і цягнецца да шклянкі, каб выпіць. Тады рэчаіснасць успрымаецца крыху прасцей. Цвярозы чалавек не зможа доўга знаходзіцца ў падобнай атмасферы. А брат мой пастаянна арганізоўвае ў доме «тусоўкі» для такіх жа алкаголікаў, як сам. Яны прапаноўваюць «накаціць», а я не адмаўляюся.

Вольга прызнаецца, што не верыць, быццам бы лячэбна-працоўны прафілакторый ёй дапаможа. У яе шмат знаёмых там пабывала, але, вярнуўшыся, піць яны не перасталі. На яе думку, выратаваць яе зможа толькі пераезд ад маці і брата назаўсёды.

Аднак паверыць у гэта цяжка, паколькі жанчына ўжо жыла асобна. Адзінаццаць гадоў яна была замужам і нават мае 9-гадовую дачку. Пра дзяўчынку Вольга размаўляць не хоча не таму, што для яе гэта балючая тэма, а таму, што няма чаго сказаць. Жанчына даўно не бачылася з дачкой. Затое сваю маці называе выключна «бабулечкай» і просіць яе не сумаваць.

— А што сумаваць? Трэба, можа, браць кватарантаў, пакуль вас не будзе, — прыкідвае тая. Бруд і захламленасць у доме яе зусім не бянтэжаць. Яна ўпэўнена, што зможа ўсё «вымесці і памыць».

Развітаўшыся з тымі, хто толькі рыхтуецца да візіту ў прафілакторый, мы накіроўваемся ў кватэру да чалавека, які там ужо пабываў.

Су­жы­цель­ка Юры бы­ла не ў ста­не на­ват пад­няц­ца з лож­ка.

Віктар Р. два гады таму вярнуўся з ЛПП. Піць не перастаў, больш таго, часта запрашае да сябе сяброў, у тым ліку і Юру з Вольгай — каб «адпачыць». Аднак сёння ён адзін і цвярозы. Яго сужыцелька на працы. Мужчына гадоў пяцідзесяці адчыняе нам дзверы таксама ў адных трусах і майцы, але апранацца не спяшаецца: «Навошта? Мая кватэра, магу хадзіць у чым хачу».

— Чаго вы прыйшлі? Нармальна я жыву. Пельмені на сняданак гатую. Во, можаце ў халадзільнік зазірнуць, — кажа Віктар, праходзячы на кухню, і адчыняе яго. — Хрэну сабе назапасіў, аджыкі. Маразільнік таксама «забіты».

Аднак наяўнасць ежы яшчэ не паказчык адсутнасці алкаголю, да якога ў любы момант зможа «прыкласціся» мужчына. Увагу супрацоўнікаў міліцыі прыцягваюць бутэлькі ад піва, што стаяць на балконе. «Не маё гэта, на дварэ падабраў, — апраўдваецца гаспадар. — Хачу зрабіць у іх віно».

Акрамя бутэлек, у аднапакаёвай кватэры Віктара хапае і іншага «дабра», узятага з гарадскіх сметнікаў. На падлозе ў калідоры валяюцца абрыўкі старога лінолеуму — «дыванок», па словах гаспадара. Дэталі разабранай мікрахвалёвай печы ляжаць на непрыбранай канапе ў перамешку з коўдрамі. «Яна не працавала. Можа, атрымаецца наладзіць», — тлумачыць мужчына.

Грошай на новыя рэчы ў беспрацоўнага Віктара няма, затое вольнага часу хапае. З ЖЭСа яго звольнілі паўгода таму, зразумела, за п'янства. З гэтай прычыны сышла ад мужчыны жонка і забрала з сабой дваіх дзяцей.

— Ды нармальна я жыву, — паўтарае на развітанне Віктар. І просіць супрацоўнікаў міліцыі пакінуць свае кантакты. — Няхай будуць на ўсялякі выпадак. Можа, мне аднойчы прыйдзецца самому вас выклікаць, а не чакаць чарговага візіту...

Ганна КУРАК

Фота Надзеі Бужан

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».