Вы тут

Ці можа інтэрпрэтацыя гістарычных падзей паўплываць на свядомасць


— Калі я толькі прыйшоў працаваць у Гомельскі абласны музей ваеннай славы ў 2004 годзе, падчас экскурсій мне некалькі разоў запар задавалі пытанне: а колькі гэта каштуе? Асабліва гэта тычылася ўзнагарод, — успамінае зусім нядаўняе мінулае дырэктар установы Павел Ждановіч, у верасні выбраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў VІ склікання ад Гомельскай-Савецкай акругі № 34. — Цяпер людзі куды часцей пытаюцца: за што атрыманы ордэн ці медаль? Значыць, свядомасць змянілася. Так што паступальная работа з моладдзю прыносіць плён.


12 гадоў таму многіх нечакана ўразіла, калі кіраўніком створанага Гомельскага абласнога музея ваеннай славы быў прызначаны зусім юны Павел Ждановіч, учарашні студэнт. У 2004 годзе яму было 24 гады, і прыходзілася даказваць многім, што здольны апраўдаць давер.

— Безумоўна, так было першы год. Нехта з недаверам, хтосьці з іроніяй ставіўся. Лічылася, што музеем ваеннай славы павінен кіраваць чалавек у вялікім воінскім званні. Між тым я паспеў яшчэ да прызначэння папрацаваць у Гомельскім краязнаўчым музеі супрацоўнікам і загадчыкам аддзела, філіяла. Да таго быў на практыцы падчас вучобы на гістарычным факультэце ў ГДУ імя Скарыны. Маім кіраўніком была Ала Барысаўна Ягорава, якая цяпер працуе загадчыцай аддзела. Тут я напісаў першую сваю публікацыю — разам з аднакурсніцай Людмілай Сушко.

Мы даследавалі ваенную спадчыну знакамітага гомельскага фотакарэспандэнта Пятра Белавуса. Ну, а калі было прынята рашэнне экспазіцыю зрабіць асобным музеем, я прыйшоў сюды працаваць і займаўся ўсім: ад рамонтных работ да распрацоўкі канцэпцыі.

— Мы ўсе родам з дзяцінства. Вашы інтарэсы вызначыліся рана?

— У пятым класе мы пісалі сачыненне па літаратуры напярэдадні 9 Мая. Тэма была накшталт: з кім бы я пайшоў у разведку. Я напісаў пра свайго дзеда. У бацькі распытваў падрабязнасці і даведаўся, што мае дзед Рыгор Мікалаевіч і прадзед Мікалай Лукіч Ждановічы ваявалі разам. Спачатку ў партызанскім атрадзе на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. А потым прадзед ваяваў у складзе Першага Беларускага, а дзед — у складзе Трэцяга Беларускага фронту. Так бацька і сын вызвалялі Беларусь. Калі я працаваў ужо ў музеі, знайшоў, што прадзед атрымаў раненне і ордэн Славы за бой у Берліне. Ён быў яшчэ ўзнагароджаны медалём «За адвагу». Дарэчы, як і дзед. Але той — за ўзяцце Кёнігсберга. З двума асколкамі, там атрыманымі, ён так і жыў. Мне дзед расказваў, што ў партызанскім атрадзе, каб выжыць, харчаваліся адварамі кары і скураных рамянёў. Гэта тое, што моцна ўразіла. А яшчэ на тэрыторыі Усходняй Прусіі падчас бою пасля бамбардзіроўкі ён апынуўся ў адным акопе з немцам. Выжыў дзед — пасля кароткай рукапашнай схваткі.

— Такая гісторыя — быццам эпізод кіно.

— Сапраўды так. Дарэчы, дзед па мацярынскай лініі Пётр Яўграфавіч, як і Рыгор Мікалаевіч, не вельмі многа ўспаміналі пра вайну. Магчыма, гэта было балюча — не ўсе сваякі выжылі. Калі я распытваў дзядоў, яны казалі: вайна — гэта цяжкая пякельная праца. У маёй сям'і заўсёды свята 9 Мая было асаблівым, бо ўсе зведалі жудасці вайны ў поўнай ступені. Бабуля па бацькоўскай лініі прайшла праз дзіцячы канцлагер у Красным Беразе і была накіравана ў Германію на прымусовыя работы. Бабуля па мацярынскай лініі перажыла цяжкую акупацыю на тэрыторыі Сумскай вобласці ва Украіне: жылі ў зямлянцы, перанеслі, як і многія, тыф.

— Здаецца, такія ці аналагічныя гісторыі сем'яў ёсць у многіх, але далёка не ўсе імкнуцца захаваць гэтую памяць. Ці пачынаюць шукаць, калі ўжо няма нікога, хто можа нешта расказаць...

— Але ж многія цяпер пачынаюць пошук сваіх каранёў па музеях і ў архівах. Калі людзі звяртаюцца з просьбамі адшукаць звесткі пра сваякоў, якія загінулі на вайне, я часта асабіста гэтым займаюся. Калі атрымліваецца адшукаць пахаванне воіна, якога не маглі знайсці на працягу 70 гадоў, — адчуваю маральнае задавальненне. Часта здараецца, што былі пераблытаны нумары палкоў або літары ў прозвішчах.

— Павел Леанідавіч, што атрымалася зрабіць за тыя 12 гадоў, якія вы ўзначальвалі музей?

— Раней гэта экспазіцыя ўваходзіла ў склад краязнаўчага музея. Мы стварылі асобны музей, якога ўвогуле не было. Мы імкнуліся паказаць абарону Айчыны з самых старажытных часоў і да сучаснай арміі Рэспублікі Беларусь. Гэта ўпершыню было зроблена менавіта тут, на Гомельшчыне. Канешне, большую частку займае экспазіцыя, якая звязана з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта зразумела: такіх экспанатаў было больш за ўсё ў фондах. Многа страчана — таго, што было звязана з Першай сусветнай вайной, якую ў савецкі час мы ведалі як «імперыялістычную». Мы працавалі з тым, што ёсць, але ж імкнуліся даць пэўныя вобразы, пачынаючы са старажытных часоў. Спадзяюся, што ў нас атрымалася паказаць складаны, часам супярэчлівы характар ваеннай гісторыі. Асобная экспазіцыя прысвечана воінам-інтэрнацыяналістам. Яны часта наведваюць наш музей (як раней сюды прыходзілі ветэраны Вялікай Айчыннай), каб расказаць падлеткам не толькі пра баі з душманамі, але і пра малярыю, пра сяброўства і мужнасць. Ваенныя музеі маюць асаблівы сэнс для кожнага народа. Не выпадкова ж таму так многа фальсіфікацый, звязаных з гісторыяй. Вядома ж, ваенная гісторыя вельмі вялікую ролю адыгрывае для самасвядомасці людзей.

— Найбольш распаўсюджаныя фальсіфікацыі пра важнасць і ролю Другога, Заходняга, фронту...

— І робіцца пэўны акцэнт: вось калі б не адкрыццё англічанамі з амерыканцамі Другога фронту... А цяпер паглядзіце, дзе былі самыя вялікія бітвы і дзе было засяроджана больш за 70% людзей? Мы ўдзячны саюзнікам, але ж Другі фронт быў адкрыты толькі ў 1944 годзе. Пад сумненне ставіцца ўнёсак савецкага народа ў перамогу над фашысцкай Германіяй. Што далей? Перагляд рашэнняў Нюрнбергскага працэсу? Мова, літаратура і гісторыя — гэта тры кампаненты, на якіх паліттэхнолагі будуюць каляровыя рэвалюцыі. Укараненне сумненняў, лабіраванне пэўных інтарэсаў прыводзяць да таго, што пэўныя перыяды гісторыі проста выпадаюць з падручнікаў, інфармацыя пра Вялікую Айчынную вайну сціскаецца да мінімуму. Таму нам ніколі нельга расслабляцца. Трэба нагадваць пра ваенныя падзеі не толькі ў школе. Я прыхільнік, каб інтэграваць працэс навучання ва ўстановы культуры. На Захадзе, дарэчы, так і адбываецца. Многія факультатыўныя заняткі праходзяць у музеях. У гульнявой, пазнавальнай формах дзецям і падлеткам даступна расказваюць пра гісторыю рэгіёна і краіны, у якой яны жывуць. І такім чынам фарміруюцца патрыятызм і пачуццё адказнасці за яе мінулае і за яе будучыню.

— Многія асноўныя праблемы грамадства зводзяць да эканомікі. Але ж не толькі матэрыяльны дабрабыт з'яўляецца паказчыкам моцнай дзяржавы...

— Я выкладаў гісторыю Беларусі на фізічным факультэце ГДУ імя Скарыны. Студэнты кажуць спачатку: навошта нам яна трэба? Быццам зразумелае пытанне: людзі ж прыйшлі вучыцца не на гісторыкаў. Яны тэхнары, у іх канкрэтнае мысленне. Таму мы, напрыклад, хадзілі з імі на пэўныя архітэктурныя аб'екты. І ўрэшце яны самі прапанавалі правесці аналаг праекта «Імя Расія» ў нас. Мы зрабілі «Імя Беларусь». Яны рыхтавалі творчыя работы пра розных асоб, якія аказалі ўплыў на развіццё нашай краіны і часта «раскопвалі» невядомыя, але вельмі важныя імёны. Заўсёды прапаную студэнтам і ўвогуле маладым людзям больш даведацца пра сваю родную сям'ю. Многія пасля нашых заняткаў знаходзілі забытыя фотаздымкі сваякоў, стваралі радаводы. Прыемна, што некаторыя ведаюць сваіх продкаў на працягу некалькіх пакаленняў. Мне здаецца, незалежна ад таго, фізік ты ці лірык, важна ведаць гісторыю: асабістую і сваёй краіны. Праўда, часта такое жаданне трэба абудзіць. Музейны супрацоўнік павінен у даступнай форме даць не толькі правераныя навуковыя факты, але і інфармацыю пазнавальнага характару, а таксама выклікаць эмоцыі, пачуццё суперажывання ў наведвальнікаў. Важна, каб музей не станавіўся проста забаўкай. Гэта не камп'ютарная гульня ў танкі, не нейкія віртуальныя стратэгіі. Тут ідзе размова пра чалавечае жыццё, якое закончылася занадта рана.

— Што для вас самае важнае ў рабоце?

— Стасункі з людзьмі. Калі робіш нешта карыснае для людзей. Калі я толькі пачынаў працаваць у музеі, праводзіў экскурсію для нямецкіх турыстаў. Расказваў ім пра акупацыю, пра Азарыцкі канцлагер, пра загінулых у гета, пра дзіцячы канцлагер у Красным Беразе. І раптам мужчына ў гадах заплакаў і пачаў прасіць прабачэння ад імя сваёй сям'і. Мяне гэта збянтэжыла, безумоўна. Ён кажа: мой бацька ў 1941 годзе ваяваў на Гомельшчыне. І ён сапраўды каяўся...

— Цяпер часцяком здаецца, што пра вайну няшмат ведаюць не толькі маладыя, але і пакаленне, якое вучылася па савецкіх падручніках, бо трактоўка ў іх была занадта адназначная...

— Канешне, падзеі Вялікай Айчыннай аналізаваць трэба больш глыбока. Магчыма, не ўсё было так павярхоўна, як нам казалі раней. Але ж ёсць асноўная факталагічная база. Цяпер трэба даць новыя ацэнкі тым падзеям — у кантэксце ведання як савецкіх, так і нямецкіх дакументаў. Сёння ж многія дакументы публікуюцца. Але ж многа і страчана. Напрыклад, не захаваўся архіў Гомельскага абкама кампартыі за 1941 год. Пройдзе час, і магчыма, знойдуцца некаторыя дакументы. Кожны з іх патрабуе новых акцэнтаў і поглядаў.

— Няўжо яшчэ могуць быць нейкія адкрыцці ў ваеннай гісторыі?

— Такі прыклад, не вядомы шырокаму колу. У 1941 годзе, калі часці Чырвонай Арміі адступалі, 13 ліпеня нашы вайскоўцы вызвалілі Жлобін і Рагачоў. На працягу месяца яны ўтрымлівалі гэтыя населеныя пункты. Уявіце: быў узяты Смаленск, а ў Буда-Кашалёўскім раёне яшчэ хлеб убіралі. Між тым праз Палессе ішла група армій «Цэнтр», у тым ліку дывізія, сфарміраваная на радзіме Гітлера, якая брала Брэсцкую крэпасць. Гэта былі элітныя часці, добра аснашчаныя і ўзброеныя. Не трэба прыніжаць узровень іх прафесійнай падрыхтоўкі. Ішлі кадравыя афіцэры, якія прайшлі Першую сусветную вайну. А нашым вайскоўцам прыйшлося вучыцца ваяваць. І яны вучыліся. У тым ліку абараняцца, хоць у пачатку вайны рабілі ўстаноўку, што Чырвоная Армія можа толькі наступаць. У 1941 годзе, дзякуючы абароне, якую трымаў корпус Пятроўскага, з Гомельшчыны паспяхова змаглі эвакуіраваць заводы, якія ўжо да зімы пачалі даваць прадукцыю для фронту. Частку людзей таксама змаглі эвакуіраваць. Сваімі публікацыямі я сцвярджаю, наколькі важным для немцаў быў так званы «гомельскі напрамак».

— У кожнага асобнага чалавека павінна быць пэўная ідэя, тое, дзеля чаго варта жыць. Тым больш, дзяржаве неабходна нацыянальная ідэя. Як Вы лічыце — у нас яна ўжо ёсць ці па-ранейшаму мы ў пошуку?

— Заўсёды важна, каб у грамадстве былі нормы этыкі і маралі, паводзінаў, культуры. У нас яны грунтуюцца на нацыянальных каранях. У нас ёсць аснова, якую мы павінны развіваць. Нашай дзяржаве ўсяго толькі 25 гадоў. Гэта зусім няшмат. У нас ёсць праблемы, але ў каго іх няма? Ёсць тэорыя, што эканамічныя спады паўтараюцца кожныя 11 гадоў. Тым больш, сёння многія дзяржавы, якія маюць старажытную гісторыю, сутыкаюцца з выклікамі часу. У нашай краіне цяпер у стане раўнавагі праблемы бяспекі, нацыянальныя і канфесійныя. Наша славутая талерантнасць, павага, карэктнасць, дыпламатычнасць — гэта сапраўды нацыянальныя рысы нашага народа. Беларусы не злапамятлівыя людзі, але ж яны нічога не забываюць. Гэта і ёсць падмурак нашай нацыянальнай ідэі. Галоўнае, што грамадзяне краіны сябе свядома атаясамліваюць з Беларуссю.

— Хоць сёння і няма так званай пятай графы, якая занатоўвала нацыянальнасць.

— Людзі бачаць тут, на гэтай зямлі, сваю будучыню, тут нараджаюць сваіх дзяцей. Яны атаясамліваюць сябе з канкрэтнай тэрыторыяй і дзяржавай. Але ж нацыянальную ідэю не трэба блытаць з нацыяналізмам і з нацыянал-радыкалізмам. Паняцце нацыянальнай годнасці трэба разумець на дзяржаўным узроўні. Людзі ўсюды вельмі розныя, але павінен быць адзіны стрыжань, які ўсіх нас аб'ядноўвае. Павінны быць прынцыпы, паводле якіх развіваецца краіна, дзяржава. Важныя тыя дзеянні, якія стаяць за пэўнымі словамі, якія забяспечваюць паслядоўны курс у краіне. Я ганаруся тым, што наш музей вельмі многа робіць для людзей, асабліва для дзяцей і моладзі. Такім чынам мы працуем на будучыню нашай любімай Беларусі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Невіртуальная гісторыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.