Вы тут

Дзе была ахова гандлёвага цэнтра «Еўропа» падчас нападу?


Жудасная навіна ўскалыхнула ўсю краіну, акалічнасці гэтай трагедыі абмяркоўваюцца дагэтуль і не ўкладваюцца ў галаве... Храналогія падзей стала вядомай неўзабаве пасля здарэння.


Вечарам 8 кастрычніка каля 17.30 малады чалавек з футлярам для гітары і заведзенай бензапілой увайшоў у сталічны гандлёвы цэнтр «Еўропа». Прайшоўшы невялікую адлегласць, хлопец паклаў футляр на канапу і раскрыў яго — там была сякера. Людзі, што сядзелі побач, — дзве жанчыны — спрабавалі пайсці, і ў гэты час нападнік нанёс адной з іх некалькі ўдараў бензапілой, якая заглухла. Пацярпелая ўпала і атрымала яшчэ тры ўдары сякерай. Ад атрыманых траўмаў жанчына памерла на месцы. Потым падлетак уварваўся ў піцэрыю і напаў на адну з наведвальніц, нанёсшы ёй два ўдары, потым спрабаваў трапіць у галаву работніцы, але яна вывернулася, і ўдар прыйшоўся ў руку. Наведвальнікі спрабавалі неяк спыніць нападаючага ў пагоні за ім на тэрыторыі гандлёвага цэнтра, кідаючы ў яго розныя прадметы — урны і крэслы. Падлетак і быў затрыманы наведвальнікамі і прадаўцамі, а вось «што тычыцца супрацоўнікаў аховы ГЦ, то іх дзеянні стануць падставай для сур'ёзнага разгляду». Апошнія словы належаць першаму намесніку старшыні Следчага камітэта Аляксею ВОЛКАВУ.

Намер здзейсніць злачынства ўзнік у 17-гадовага хлопца незадоўга да нападу. Ён купіў сякеру, бензапілу, а таксама сродкі абароны пры рабоце з ёй. Паводле інфармацыі Следчага камітэта, нападнік з'яўляецца студэнтам адной з мінскіх ВНУ. Сям'я ў яго цалкам забяспечаная ў матэрыяльным плане. Хлопец жыў асобна ад бацькоў ва ўласнай кватэры. У ходзе следства ён прызнаўся, што прыкладна за тры гадзіны да здарэння выпіў 150 грамаў гарэлкі, а свой дзікі ўчынак растлумачыў тым, што хацеў пасекчы людзей, бо яго раздражнялі натоўпы. У выніку нападу памерла жанчына 1973 года нараджэння. Яшчэ адна пацярпелая — 46-гадовая жанчына — была паранена і змешчана ў 10-ю гарадскую клінічную бальніцу Мінска.

У дачыненні да непаўналетняга мінчаніна 1998 года нараджэння галоўным следчым упраўленнем заведзена крымінальная справа па частцы 2 артыкула 139 (забойства, здзейсненае пры абцяжваючых абставінах). Расследаванне забойства ўзяў пад асабісты кантроль старшыня Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч.

Паводле апошняй інфармацыі, прычынай нападзення 17-гадовага студэнта першага курса адной са сталічных ВНУ на людзей у ГЦ «Еўропа» стала агіда хлопца да чалавецтва, расчараванне ў самім сабе і дэпрэсіўны настрой. Па даных папярэдняга расследавання, малады чалавек у 2014 годзе праходзіў лячэнне ў псіханеўралагічным дыспансеры. Хаця сям'я і мела матэрыяльны дастатак, выхаваннем юнака, які дагэтуль не меў праблем з законам, па сутнасці, ніхто не займаўся: бацька жыў у сталіцы асобна, маці і сястра — за мяжой.

«Рашэнне аб здзяйсненні масавага забойства малады чалавек прыняў даўно. У кастрычніку ён меў намер здзейсніць нешта падобнае па месцы вучобы, аднак не паспеў давесці замысел да канца па незалежных ад яго прычынах. Сваю віну ён прызнаў. Мэтай нападу ставіў забойства як мага большай колькасці людзей і жадаў сам быць забітым пры затрыманні». Гэта адны з апошніх звестак, якія становяцца вядомымі ад праваахоўных органаў па справе аб гэтым жудасным выпадку.

...Мінгарвыканкам акажа ўсебаковую дапамогу родным загінулай у ГЦ «Еўропа». Як паведамлялася, не засталіся ўбаку і індывідуальныя прадпрымальнікі, што працуюць тут, — яны арганізавалі збор сродкаў на пахаванне.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Трагедыя ў «Еўропе»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».