Вы тут

Наталяцца і прыцэньвацца раяць арганізатары «Восеньскага салона»


Фактычна «Восеньскі салон» — гэта магчымасць выбару твораў мастацтва для таго, каб набыць іх у сваю хатнюю калекцыю. Няма такой? Дык, можа быць, падумаць — і пачаць ствараць? Гэта значыць інвесціраваць: праз час творы мастацтва ў цане толькі растуць. Калі яны сапраўды маюць дачыненне да мастацтва.


У сталічным Палацы мастацтваў умудрыліся размясціць больш за 500 твораў — выстаўка не толькі вялікая, але і разнапланавая — ад твораў традыцыйнага жывапісу да скульптур, арт-аб'ектаў і нават інсталяцый — на любы густ. Сёлета адбор пашырыўся і на галоўныя ўзнагароды прэтэндуюць 162 творцы ва ўзросце ад 18 да 40 гадоў. Узроставае абмежаванне дазваляе актывізаваць і заахвоціць маладых мастакоў. Але і дае падставы для публікі ацаніць творчы патэнцыял нашай краіны: чаго чакаць ад моладзі, якая павінна быць наперадзе, прапаноўваць новае бачанне, сваё сэнсавае напаўненне і шукаць формы для развіцця мастацтва? І яшчэ адна задача: беларускі «Салон» (які ствараецца згодна з прынцыпамі парыжскіх) мае мэту — прадаваць творы. Таму побач з подпісамі аўтараў і назвамі твораў красуюцца лічбы. Цэны.

Іх вызначалі самі аўтары адабраных твораў. Але цэнавая палітыка на беларускім «Восеньскім салоне» даволі гнуткая (можна вылучыць сваю прапанову, за якую рэальна гатовы набыць твор патэнцыйны пакупнік). Але з вопыту правядзення першага «Восеньскага салона», што прайшоў год таму, арганізатары ўпэўніліся, што цікавасць ёсць: тады з'явіліся гаспадары ў трэцяй часткі работ, прадстаўленых на выстаўцы. І гэта важна ў нашых умовах, калі большасць суграмадзян не зусім разумее, што творам мастацтва месца не толькі ў выставачных залах, яны могуць размясціцца і дома. А аднойчы набытая жывапісная работа можа даць пачатак прыватнай калекцыі. Арганізатары «Салона», сярод якіх Белгазпрамбанк, якраз і мелі на мэце актывізацыю працэсаў па фарміраванні арт-рынку ў краіне.

Насамрэч стаць калекцыянерам не складана: можна знайсці творы ад 140 рублёў да 400 тысяч (нават крыху больш). Выбар залежыць не толькі ад магчымасцяў кашалька, але і ад уласнага густу, таму што сучаснае (маладое) мастацтва трэба ўмець успрымаць. Гэтаму ўменню вырашылі нашу публіку вучыць: прадуманы цыкл лекцый і сустрэч, дзе спецыялісты растлумачаць, у чым каштоўнасць сучаснага мастацтва. І тады з вышыні набытых ведаў можна будзе аддаць свой голас за работу, якая найбольш уразіла на «Восеньскім салоне». Акрамя таго, найлепшых вызначаць спецыялісты, сярод якіх, напрыклад, прэзідэнт парыжскага «Восеньскага салона» Сільвія Кашлін, а таксама прадстаўнікі з Расіі, Украіны, Літвы, Германіі.

Таму стаць найлепшым у такім адборы — гэта не проста пачэсная справа, гэта значыць атрымаць магчымасць «выхаду ў свет», прадставіць свае творы на парыжскім «Восеньскім салоне» (галоўны прыз для пераможцаў!). Дарэчы, вынік абмену паміж «Салонамі» ўжо можна бачыць — у Палацы мастацтваў прадстаўлены таксама творы французскіх мастакоў. Хто нас больш уразіць? Вызначаемся да канца месяца (пакуль доўжыцца выстаўка).

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Супермаркет для мастацтва

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.