Вы тут

"Героі" нашага часу?


Вакол забойства жанчыны ў ГЦ "Еўропа" сёння разгарнуўся інфармацыйны ажыятаж. Ці не лепш падумаць пра тое, як папярэдзіць падобныя трагедыі ў будучыні, а не рабіць "героем" СМІ забойцу, смакуючы нейкія нюансы з яго жыцця?


"Падазраваны ў забойстве жанчыны ў ГЦ "Еўропа" аказаўся студэнтам універсітэта "МІТСО". "Ён нічым не прыкметны юнак, ні з кім не сябраваў, вучыўся па спецыяльнасці "міжнароднае права". "Улад не быў сярод тых, каго цкуюць у школе. Хутчэй, сярод тых, хто цкуе". "Ён быў не вельмі таварыскім, але нічога дзіўнага ў ім не было. Вучыўся ён добра, ні з кім не канфліктаваў, быў звычайным хлопцам". "Падобна, ён адзіночка". "Казаў, што яму не падабаецца беларуская мова і ён не разумее, навошта яму вучыцца ў беларускамоўнай гімназіі". Усё гэта штрыхі да партрэта 17-гадовага падлетка, які не сыходзіць з галоўных старонак газет і ўзначальвае ТОП-навін на ўсіх сайтах і інтэрнэт-парталах ужо тры дні запар. Вось толькі стаць "зоркай" СМІ яму ўдалося па прычыне жудаснай трагедыі, якая разыгралася ў звычайны суботні вечар, у цэнтры Мінска, і паверыць у якую адразу было немагчыма. Бензапіла, сякера,  забітая жанчына, яшчэ дзве параненыя і…17-гадовы падлетак, якога спрабавалі спыніць з дзясятак мужчын.  

Але асабіста я, шчыра кажучы, гэтай трагічнай навіне не здзівілася. І патлумачу чаму. Калі вясной стала вядома пра напад школьніка з нажом на сваю настаўніцу і калегі-журналісты кінуліся "смакаваць" падрабязнасці, хадзіць вакол гімназіі і збіраць чуткі, бо афіцыйнай інфармацыі не было, я не была ў іх ліку.

Таму што лічу, што "смакаванне"  падрабязнасцей абавязкова пацягне працяг. Праз пэўны час зноў знойдзецца новы "герой", які або захоча такім жа чынам вырашыць свой канфлікт з педагогам, або пажадае звярнуць на сябе ўвагу, няхай і дзікунскім спосабам.

Я ні ў якім разе не хачу сказаць, што паспяховы гімназіст імкнуўся аказацца ў цэнтры ўсеагульнай увагі. Дапускаю, што для яго гэта быў адзіна магчымы, на яго думку, спосаб аднавіць справядлівасць. Гэта быў яго крык, каб, нарэшце, усе пачулі!

"А вось і працяг", першае, што я падумала, калі даведалася, што 17-гадовы падлетак вырашыў пасекчы людзей, бо яго раздражнялі натоўпы. Прабачце, але дарагі гандлёвы цэнтр не тое месца, дзе ходзяць натоўпы пакупнікоў, але прайсці туды са "зброяй" значна прасцей, чым у метро.  Ёсць дзе разгарнуцца, што разбурыць, каб выплюхнуць сваю злосць на чалавецтва. Ці на сваіх бацькоў? Я не псіхолаг і не педагог. Але, на мой погляд, тут мае месца дэфіцыт увагі.

Як сталася так, што 17-гадовы падлетак, які ўсяго некалькі месяцаў таму закончыў школу, жыў асобна ад сваіх бацькоў? Няўжо ён такі дарослы і самастойны? Ці гэта найвышэйшая ступень абыякавасці ў сям’і, дзе кожны клапоціцца толькі сам пра сябе?

Але ж грошы, прычым вялікія, у падлетка былі, інакш як ён мог набыць бензапілу , якую можа дазволіць сабе не кожны дарослы? Можа, бацькі такім чынам кампенсавалі сваю адсутнасць?

Ці ёсць у падазраванага сур’ёзныя праблемы з псіхікай, мы пакуль не ведаем. Прабачце, але факт атрымання дапамогі ў медыцынскай установе псіхіятрычнага профілю яшчэ нічога не азначае. Перыядычна з псіхічнымі праблемамі сутыкаецца ці не кожны з нас. Але ж гэта не азначае, што ўсіх, хто пакутуе ад дэпрэсіі ці суіцыдальных думак, трэба ізаляваць ад грамадства. Відавочна, што падлетак усё дакладна прадумаў. І я не веру ў тое, што забойца спадзяваўся сысці адтуль беспакараным. Не сумняваюся, што ён ведаў, што яго персона будзе ў цэнтры ўвагі, нават калі яго і заб’юць. Такую магчымасць 17-гадовы падлетак таксама не выключаў, пра што грамадскасці паведамілі следчыя. Ён нават хацеў быць забітым пры затрыманні.  

Так ці была шчаслівая яго сям’я? Якія ўвогуле ў нас прад’яўляюцца крытэрыі да нешчаслівых сем’яў?

Не сакрэт, што на школьных педагогаў даўно пераклалі кантроль за сем’ямі, якія знаходзяцца ў небяспечным становішчы, і тыя павінны іх пастаянна наведваць, сачыць, ці злоўжываюць алкаголем бацькі, ці ёсць у халадзільніку ежа, каб накарміць дзяцей. А тут быццам бы і дзіця накормленае, ні ў чым не мае патрэбы, хіба што акрамя душэўнага цяпла… Шчыра  кажу  не разумею, якая нам усім карысць з той інфармацыі, што падлетак, які напаў на жанчын з сякерай і бензапілой, набраў 255 балаў пры паступленні? Але ў пагоні за рэйтынгамі журналісты спрабуюць хоць штосьці даведацца ад аднакурснікаў, якія за месяц сумеснай вучобы яшчэ нават не паспелі паміж сабой раззнаёміцца, ад аднакласнікаў. Між іншым, тое, што пішуць першакурснікі ў сацыяльных сетках, выклікае не меншае здзіўленне і абурэнне. Спрачаюцца на шакаладку, колькі гадоў турмы дадуць Уладу? Нават каментаваць гэты факт не хочацца.

Сёння ў ін­тэр­нэ­це мож­на па­чуць шмат га­ла­соў… Ця­пер ці не кож­ны лі­чыць ся­бе жур­на­ліс­там. У аса­біс­тых бло­гах, са­цы­яль­ных сет­ках, у ча­тах і на фо­ру­мах мно­гія лі­чаць па­трэб­ным па­дзя­ліц­ца з усім све­там сва­і­мі дум­ка­мі або не­пра­ве­ра­най ін­фар­ма­цы­яй. Падчас стажыроўкі ў Швецыі мяне асабіста моцна ўразілі іх падыходы да асвятлення падобных трагедый.

У 2000-х гадах у Швецыі адбыўся гучны выпадак з замахам на забойства. 20-гадовы хлопец паспрабаваў забіць сваю дзяўчыну, ударыўшы яе каменем па галаве, але тая па шчаслівай выпадковасці выжыла. За некалькі дзён ёй было зроблена сем аперацый. 19-гадовая дзяўчына доўга знаходзілася паміж жыццём і смерцю. Пра яе паведамлялі тэлебачанне і радыё, пісалі газеты. Усе з хваляваннем сачылі за яе лёсам. Але ў прэсе не згадваліся ні імя дзяўчыны, ні імя маладога чалавека, які падазраваўся ў замаху на забойства. У першым выпадку не ведалі, ці дала б яна сама згоду на тое, каб усім стала вядомае яе імя (дзяўчына знаходзілася ў непрытомнасці). А ў другім — абаранялі сям'ю забойцы, якая ў гэтым выпадку была таксама пацярпелай. Калі дзяўчына ўстала на ногі, яна сама расказала журналістам сваю гісторыю, і з таго часу пра Эму вельмі шмат пісалі ў Швецыі. Але гэта было яе рашэнне. 

У нашым выпадку фота падазраванага з’явілася ў СМІ даволі хутка. Праўда, на расійскім тэлеканале. І спіраль пачала раскручвацца: сітуацыю каментуюць аднакурснікі, аднакласнікі, а вось ужо і бацька падлетка дае інтэрв’ю журналістам, называючы свайго сына "залатым дзіцём". Колькі яшчэ будзе доўжыцца інфармацыйны ажыятаж? Ці не лепш падумаць пра тое, як папярэдзіць падобныя трагедыі ў будучыні, а не рабіць "героем" СМІ забойцу, спрабуючы даведацца яшчэ нейкія нюансы з яго жыцця? Упэўнена ў адным  школа ніколі не зможа замяніць сям’ю, але ў сілах адміністрацыі навучальных устаноў не дапускаць зацяжных канфліктаў вучняў з настаўнікамі (а пра такіх "прынцыповых" педагогаў кіраўніцтва звычайна ведае), як і ў іх сілах разгледзець, што з падлеткам штосьці адбываецца. Проста так сякеру ў рукі не бяруць. Як і не высвятляюць адносіны з настаўнікам з дапамогай нажа.

Галоўнае, каб не запусцілася ланцуговая рэакцыя, і каб мы ў хуткім часе не сталі сведкамі ці, яшчэ горш, ахвярамі новай трагедыі. Зноў з удзелам падлеткаў…

Надзея НІКАЛАЕВА

nikalaeva@zviazda.by

Каментары

Нарэшце ўзважанае абгрунтаванае меркаванне пра адказнасць журналістаў за змест напісанага. Бацькоў і настаўнікаў за сваіх дзяцей і вучняў. Пра дэфіцыт увагі, адсутнасць разумнага і ўсёразумеючага дарослага побач з падлеткам у складаны момант... Галоўныя словы артыкула, як мне падаецца, "Гэта быў яго крык, каб, нарэшце, усе пачулі!" Пакуль гэты крык будзе чуць і разносіць толькі прэса у пагоні за рэйтынгам, людзі будуць крычаць ратунку. Любым коштам. Нават коштам свайго і чужога жыцця.
Добры медыяадукацыйны фокус у гэтым артыкуле па актуальнай навіне, якую абмяркоўвае ўся краіна. Дзякуй, што актуалізавалі такую важную для нашага грамадства праблему. На жаль, некаторыя журналісты робяць з такіх падлеткаў антыгерояў, а гэта яшчэ больш прывабна для няўпэўненых у сабе людзей. Добры артыкул!

Выбар рэдакцыі

Культура

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Свята, якое ўжо традыцыйна ладзіцца ў першую нядзелю верасня, сёлета прымае Слонім.

Грамадства

Як працуюць сядзелкі

Як працуюць сядзелкі

Попыт на сядзелак ці медсясцёр, якія могуць даглядаць цяжка хворых людзей на даму, пастаянна расце.