Вы тут

У Мазыры адкрыўся дзіцячы садок з камп'ютарным класам і басейнам


Значна знізіць напружанасць з месцамі ў дашкольных дзіцячых установах дазволіць толькі што ўведзены ў строй садок у Мазырскім мікрараёне 4а. Тут апошнім часам пабудавана шмат сацыяльнага жылля, а таму і колькасць маленькіх жыхароў павялічваецца імкліва. Абласныя ўлады падарылі ўстанове складаную аргтэхніку для камп'ютарнага класа, раённыя — сучасныя трэнажоры.


Будаваць садок пачалі ў 2012 годзе — у межах Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся. Будавалася ўстанова, калі старшынёй Мазырскага райвыканкама быў Яўгеній Адаменка, сёння абраны дэпутатам парламента новага склікання. Таму яго зацікаўленасць у здачы вельмі патрэбнага сацыяльнага аб'екта цалкам зразумелая:

— Самая вялікая каштоўнасць садка заключаецца ў тым, што ён збудаваны ў мікрараёне, большасць у якім складаюць маладыя сем'і з маленькімі дзецьмі. Некалькі гадоў таму тут была пабудавана сучасная школа, а цяпер мы адкрылі яслі-сад. Дзяржава робіць шмат, каб нашы дзеці вучыліся і выхоўваліся ў камфортных умовах.

— Збудаванне каштавала больш за Br6,5 млрд недэнамінаваных рублёў, — адзначыў начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын. Яно не мае аналагаў у Гомельскай вобласці. Трохпавярховы будынак агульнай плошчай 6,7 тысячы квадратных метраў узвялі па самых сучасных тэхналогіях. Дарэчы, і назву далі адпаведную — «Краіна цудаў».

Будаўніцтва новага дзіцячага садка вялося з улікам сучасных патрабаванняў да памяшканняў, да абсталявання і матэрыяльна-тэхнічнай базы. Тут сапраўды вялікія і прасторныя спальныя пакоі, музычная, спартыўная і трэнажорная залы, памяшканні для дзіцячай творчасці. Лесвічныя маршы забяспечаны рознаўзроўневымі парэнчамі. Створаны прыгожыя гульнявыя пляцоўкі, камп'ютарны клас і нават басейн. Ёсць і сучасны медыцынскі блок. Акрамя таго, тут у перспектыве будуць працаваць фізіятэрапеўтычны, працэдурны, масажны кабінеты і нават кабінет кіслародных кактэйляў. У садку створаны харчаблок, пральня; дашкольная ўстанова абсталявана сістэмай відэаназірання.

Яслі-сад №40 разлічаны на 300 месцаў. У дашкольнай установе ўжо сфарміраваны 16 груп. Чатыры з іх — ясельныя, і 12 — для дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў. З часам у садку плануюць стварыць групы выхаднога дня, адаптацыйныя і кароткачасовага знаходжання па мадэлі «Матчына школа». Як расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Мазырскага райвыканкама Алена Судзібор, адкрыццё новай дзіцячай дашкольнай установы ў Мазыры значна знізіла вастрыню праблемы запатрабаванасці дзіцячых садкоў у крокавай даступнасці ад месца жыхарства.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Камфорт — для малых, зручнасць — для дарослых

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.