Вы тут

Тры беларускі адпраўляюцца ў першую жаночую кругасветную вандроўку


Сям'я з трох цудоўных дам Кацярыны, Алісы і Элізабэт Бягун на гэтым тыдні адпраўляецца ў першую жаночую кругасветную вандроўку. Яшчэ не было ні аднаго зафіксаванага выпадку, калі жанчыны самастойна безупынна праехалі 40 тысяч кіламетраў, перасеклі ўсе мерыдыяны, адзначыліся на супрацьлеглых кропках Зямлі і двойчы перасеклі экватар. Менавіта такія ўмовы стаяць перад тымі, хто мяркуе апынуцца ў Клубе кругасветных вандроўцаў.


Кацярына — маці дваіх дачок і ідэйны натхняльнік — ужо даўно планавала такую вандроўку, таму краіны абіраліся невыпадкова. Падарожніцы спачатку накіруюцца ў Расію і даедуць да Хабараўска, потым у Кітай, Тыбет, Індыю, краіны Паўднёва-Усходняй Азіі, Аўстралію, Афрыку, Антарктыду, краіны Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі, Японію і зноў Расію. І што важна: усе пытанні з візамі яны будуць вырашаць па дарозе. Аб гэтым расказала Аліса Бягун:

— Наш шлях падчас падарожжа можа мяняцца. Дакладна едзем у Кітай, таму што ў нас ужо ёсць віза. Спачатку мы разлічвалі ехаць увогуле з чыстым пашпартам, але тады мы згубілі б некалькі дзён у Расіі, чакаючы кітайскую візу. З уездам у іншыя краіны мы будзем разбірацца па дарозе, таму, калі ўзнікнуць нейкія пытанні з дакументамі, трэба будзе мяняць маршрут. У гэтым сэнсе мы вельмі гнуткія.

Я добра ведаю англійскую, італьянскую на размоўным узроўні і цяпер вывучаю кітайскую мову. Мая сястра Ліза размаўляе на каталанскай і іспанскай (яна нам вельмі дапаможа ў Паўднёвай Амерыцы). Таму з-за моўных бар'ераў, мяркую, пытанняў быць не павінна. Яшчэ мы зрабілі прышчэпкі ад жоўтай ліхаманкі. Без іх нельга ўязджаць у некаторыя афрыканскія краіны, напрыклад Габон, і рэкамендавана іх зрабіць перад вандроўкай у Паўднёвую Амерыку. У Беларусі гэтыя прышчэпкі робяць бясплатна і выдаюць жоўты пашпарт, у якім на некалькіх мовах напісана, што яна сапраўдная на працягу дзесяці гадоў.

Першапачаткова мы хацелі адзін раз на месяц праводзіць беларускія вечарынкі, думалі, гэта стане нашай «фішкай». Хутчэй за ўсё, такіх свят менавіта ў вызначаны дзень кожнага месяца мы рабіць не будзем. Але ўсюды будзем расказваць, адкуль прыехалі, гаварыць пра нашу культуру, гісторыю. Мама неяк слушна сказала, што, на самай справе, кожны чалавек з Беларусі, які падарожнічае, гэтым займаецца, таму што многія за мяжой блытаюць нас з Расіяй, і трэба расказваць, што ў нас ёсць свая мова, культура, людзі, абсалютна не падобныя на іншых. Напэўна, у гэтым будзе наша беларуская місія.

Усе члены сям'і прызнаюцца, што такая кампанія ім вельмі даспадобы. З кім жа ехаць у такую вандроўку, калі не з самымі дарагімі людзьмі? Дарэчы, Элізабэт, малодшая сястра, можа стаць самай маладой кругасветнай вандроўніцай. Ёй нядаўна споўнілася 18 гадоў. Па сваім вопыце старэйшая сястра Аліса параіла пасля таго, як яна скончыць школу, не спяшацца. «Вельмі часта маладых людзей падганяюць, кажуць, што галоўнае паступіць на каго заўгодна. Я параіла ўзяць год на роздум. Гэта папулярна ў Вялікабрытаніі і называецца gap year, калі маладыя людзі падарожнічаюць або працуюць у розных сферах, каб зразумець, што іх сапраўды цікавіць. Я лічу, для Лізы наша вандроўка — гэта вопыт, падчас якога яна зразумее, чым яна сапраўды хоча займацца, а ўжо потым паступіць ва ўніверсітэт».

«Звязда» будзе сачыць за першай жаночай кругасветнай вандроўкай і публікаваць самыя цікавыя навіны ад дзяўчын!

Надзея АНІСОВІЧ

anisovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Першая. Жаночая. Наша

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».