Вы тут

Урач-псіхіятр-нарколаг пра «рукасць» і паўшар'і


Як вы думаеце, ці можна адначасова чытаць верш і рашаць арыфметычную задачу? Можа быць, і ёсць чалавек, здольны на гэта, але ці варта так рабіць у прынцыпе, тым больш, да гэтага імкнуцца? Усё ж такі згаданыя вышэй дзеянні кантралююцца рознымі паўшар'ямі мозга. Гэта, па вялікім рахунку, тое ж самае, што адной рукой рабіць адно дзеянне, а другой — іншае, якое не падмацоўвае першае, а перашкаджае яму. Работа галаўнога мозга ад гэтага не паляпшаецца. Наадварот, у такіх выпадках паміж паўшар'ямі адбываецца «канфлікт», і пры частых паўторах ён можа прывесці да негатыўных наступстваў для псіхікі.


Урач-псіхіятр-нарколаг Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя, кандыдат медыцынскіх навук Таццяна ЦЯЦЕРКІНА тлумачыць больш падрабязна:

— Паўшар'і галаўнога мозга не функцыянуюць паасобку, а толькі ў пары, і не можа такога быць, каб адно працавала, а другое адпачывала, таму не трэба нейкім «штучным» чынам прымушаць іх да адначасовай работы... Не так даўно «Звязда» надрукавала матэрыял Я. Лычкоўскай «Правае ці левае? Дуэт», у якім аўтар разважала пра асаблівасці «лева-» і «правапаўшарных» людзей. На самай справе гэта ўяўленне памылковае. Вядома, што левая палова мозга адказвае за моўныя, «мысліцельныя» функцыі, правая — за вобразныя, «мастацкія», аднак абедзве паловы мозга працуюць заўсёды разам: або паслядоўна, або паралельна. Нельга гаварыць, што калі мы думаем, чытаем, то ў нас працуе толькі адно паўшар'е.

Заўважана, што праўшуны (або праварукія), у якіх правае і левае паўшар'і працуюць паслядоўна, здольныя сваім розумам добра кантраляваць эмоцыі. А вось у амбідэкстраў (яны аднолькава добра валодаюць абедзвюма рукамі) паловы мозга працуюць паралельна, такія людзі нярэдка праяўляюць творчыя здольнасці, арыгінальнасць і самабытнасць. А леўшуны па сваёй арганізацыі знаходзяцца дзесьці пасярэдзіне паміж праўшунамі і амбідэкстрамі.

Памылковым з'яўляецца сцвярджэнне, што ў дзяцей не дамінуе ніводнае паўшар'е. Па-першае, не існуе дамінавання паўшар'яў цалкам, безадносна да канкрэтных функцый. Па-другое, у немаўлят адзначаецца асіметрыя позы, напрыклад, галава ў большасці павернутая ўправа. Калі гэтай асіметрыі няма, то дзіця можа ў далейшым адставаць у разумовым развіцці. Бліжэй да 6-7 гадоў ужо можна казаць, якая рука дамінуе.

Мне здаецца, рана трыумфаваць і з нагоды першых поспехаў дзяцей, якія наведваюць школу вуснага лічэння «Сарабан». Ніхто не можа пакуль прадказаць наступствы навучальнай праграмы, дзе, прынамсі, частка заданняў накіравана на сціранне закладзенай прыродай функцыянальнай асіметрыі паўшар'яў, якая з'яўляецца фундаментальнай уласцівасцю галаўнога мозга здаровых людзей!

У артыкуле слушна заўважана, што не ўсе дзеці аднолькава рэагуюць на навучанне па апісанай у артыкуле праграме, многія не прымаюць яе, плачуць, але ж дзіцячы мозг вельмі пластычны і не заўсёды на сваю карысць... Можна меркаваць, што адносна бясшкодна гэта пройдзе, хіба, для амбідэкстраў, якіх сярод людзей менш за траціну. Ва ўсякім выпадку, перад прыняццем рашэння аб удзеле дзіцяці ў падобных праграмах абавязковым павінна быць тэсціраванне на «рукасць» і асіметрыю іншых функцый. Памятайце, што ісці насуперак прыродзе вельмі небяспечна!

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».