Вы тут

На Брэстчыне зафіксавана 2111 аб'ектаў, якія не выкарыстоўваюцца


Дэпутаты Брэсцкага абласнога Савета на сесіі раіліся, як лепш выкарыстоўваць аб'екты, якія пустуюць.

У Белавушы з савецкіх часоў працаваў вялікі прамтаварны магазін. У часы дэфіцыту там хутчэй можна было купіць штосьці з посуду альбо бялізны, чым у гарадскіх крамах, дзе ўсё разбіралася ўмомант. Ды і вяскоўцы раней менш ездзілі па пакупкі. Цяпер жа людзі выбіраюць для шопінгу гандлёвыя кропкі па памерах нацэнкі і асартыменту, шмат чаго набываюць і на рынках. Да таго ж у трохтысячнай Белавушы большасць сем'яў маюць свой аўтатранспарт, і выехаць у горад лішні раз перастала быць праблемай. Такое становішча не магло не адбіцца на тавараабароце ўказанага гандлёвага аб'екта — ён ператварыўся ў хранічна стратны.


Паўстала пытанне аб закрыцці магазіна спажыўкааперацыі як нерэнтабельнага. Як толькі пра гэта папаўзлі чуткі па вёсцы, да старшыні сельскага Савета Ірыны Піліпчук прыйшлі жыхары з прапановай зрабіць на былых гандлёвых плошчах залу для правядзення ўрачыстасцяў.

Ірына Пятроўна расказала, што ў іх вёсцы пражывае вялікая абшчына хрысціян веры евангельскай. Гэта людзі з традыцыйна вялікімі сем'ямі. Вяселлі сваіх дачок і сыноў яны праводзяць не ў рэстаранах, а ў асобных памяшканнях. Урачыстыя мерапрыемствы праходзяць без алкаголю і свецкай музыкі, а збіраецца на такія вечары да 300 чалавек. Вядома, мясцовы выканкам пайшоў насустрач сваім людзям. Прапанову прызналі слушнай, былі складзены і накіраваны ў раён адпаведныя хадайніцтвы. Кіраўніцтва раённага спажывецкага таварыства пасля вывучэння пытання згадзілася памяняць профіль аб'екта. Старшыня сельскага Савета адзначыла, што былы магазін быў у добрым стане, і капітальнага рамонту не спатрэбілася, — правялі рамонт касметычны, памянялі мэблю, абнавілі інтэр'ер. А даволі прасторныя складскія памяшканні былі ператвораныя ў кухню. Там змясцілі халадзільнікі, пліты, мікрахвалёўкі. У будынку таксама ёсць халодная і гарачая вада. Цяпер прадпрыемства «Гаркаапгандаль», на чыім балансе застаўся былы магазін, здае залу ў арэнду грамадзянам на час правядзення ўрачыстасцяў.

— Былі тут ужо і вяселлі, — працягвае Ірына Піліпчук. — Праходзіла сустрэча выпускнікоў мясцовай школы, якія атрымалі атэстаты 40 гадоў таму. Вельмі цікавым і змястоўным атрымалася названае мерапрыемства, прыехалі выпускнікі з усёй краіны і блізкага замежжа. З пачатку года прайшло ўжо каля дзясятка ўрачыстасцяў. Людзі не раз выказвалі падзяку за тое, што праводзіць мерапрыемствы стала зручна. Для вяселля можна прыгатаваць стравы дома, а тут толькі захоўваць і разаграваць. А для гаспадароў аб'ект перастаў быць стратным, што таксама выгадна.

Вясковы ж гандаль ад гэтага не пацярпеў. Прамысловую групу тавараў цяпер прадаюць у прадуктовым магазіне.

Залу ў Белавушы і наведалі дэпутаты Брэсцкага абласнога Савета падчас выязной сесіі. Дэпутацкі форум разглядаў пытанні прыцягнення ў гаспадарчы абарот аб'ектаў камунальнай уласнасці, якія не выкарыстоўваюцца. Вышэйапісаны аб'ект і стаў наглядным прыкладам такой работы.

Дэпутаты наведалі і Давыд-Гарадок. Іх цікавіла база былой вайсковай часці. Яна дыслацыравалася тут яшчэ з пачатку 60-х гадоў для абслугоўвання былога ваеннага палігона краін — удзельніц Варшаўскага дагавора. Пасля вядомых падзей навейшай гісторыі палігон стаў называцца Палескім ваенным лясгасам, а вайскоўцам давялося мяняць прапіску. Казармы, харчовыя блокі, іншыя падсобныя памяшканні, як гэта адбывалася паўсюдна, перайшлі на баланс ЖКГ і сталі... галаўным болем мясцовай улады.

Старшыня Столінскага раённага Савета дэпутатаў Аляксей ДЗЯМКО сказаў, што якраз у Давыд-Гарадку мы маем прыклад, калі з былымі ваеннымі пабудовамі абышліся па-гаспадарску. Нешта ўжо прададзена прадпрымальнікам і выкарыстоўваецца пад вытворча-складскія патрэбы, іншыя пабудовы закансерваваныя. Напрыклад, будынак былога штаба часці прайшоў стадыю кансервацыі і чакае сваёй чаргі на рэканструкцыю.

Але ж галоўнае, што хацелі паказаць удзельнікам сесіі гаспадары — новы дзіцячы садок. Дашкольная ўстанова з'явілася на месцы казармы і сталовай вайсковай часці пасля іх рэканструкцыі, рамонту і перааснашчэння. Грошы на такія патрэбы для Давыд-Гарадка былі выдзелены з бюджэту краіны па праграме развіцця Палесся. І вось зусім нядаўна малых наведвальнікаў сустрэў па сутнасці новы сучасны дзіцячы садок на 100 месцаў. Усё неабходнае для выхавання і развіцця малых тут ёсць. А ўдзельнікі сесіі, прымеркаваўшы свой візіт да нядаўняга наваселля, падарылі ўстанове камп'ютар, газонакасілку і мэблю.

Дзіцячая ўстанова ўсім спадабалася. Паводле ацэнкі Аляксея Дзямко, аднапавярховы будынак дашкольнай установы па шэрагу паказчыкаў пераўзыходзіць двухпавярховыя, што ўзводзяцца па тыпавых праектах. І выхавацелі, і бацькі выхаванцаў вельмі задаволеныя новым аб'ектам.

На прыватным прадпрыемстве «Полесские пряности» удзельнікі выязнога пасяджэння пазнаёміліся з варыянтам выкарыстання былой камунальнай маёмасці пад вытворчасць. Будынак прадпрыемства меліярацыйных сетак быў прададзены на аўкцыёне. Прадпрымальнік Сяргей Быба пераабсталяваў яго пад прадпрыемства для перапрацоўкі, захавання і рэалізацыі агародніны і садавіны. Прадукцыя, якую вырошчваюць на Століншчыне, прадаецца ў розных гарадах, у тым ліку ў абласным цэнтры. З развіццём вытворчасці на ўказаным прадпрыемстве створаны 22 рабочыя месцы.

На пленарным пасяджэнні сесіі старшыня аблсавета Сяргей АШМЯНЦАЎ адзначыў, што Століншчына як самы аддалены ад абласнога цэнтра рэгіён была выбрана для выязнога форуму невыпадкова. Адна справа, як уцягваюцца ў абарот памяшканні, якія пустуюць, у суседніх з Брэстам рэгіёнах, дзе развіты бізнес, і зусім іншая — рабіць гэту справу ў глыбінцы. Аб'екты, якія наведалі ўдзельнікі сесіі, сталі пацвярджэннем таму, што ў раёне назапашаны свой станоўчы вопыт на гэтым шляху. І работу трэба працягваць, бо ўсяго па раёне налічваецца 132 аб'екты, якія пакуль не выкарыстоўваюцца.

У дакладзе прагучалі лічбы, якія характарызуюць становішча спраў у цэлым па вобласці. Так, на Брэстчыне зафіксавана 2111 аб'ектаў усіх формаў уласнасці, якія не выкарыстоўваюцца. А гэта 1366 тысяч квадратных метраў пустуючых будынкаў, якія маглі б прыносіць карысць.

Сяргей Ашмянцаў засяродзіў увагу менавіта на актуальнасці гэтай работы цяпер. Аднавіць падобны аб'ект, прыцягнуць яго ў гаспадарчы абарот абавязкова азначае стварыць новыя рабочыя месцы. І людзі ў канкрэтным рэгіёне, і дзяржава ў цэлым выйграюць ад таго, што новае жыццё атрымаюць былая казарма, сельскі клуб альбо калгасная ферма.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Столінскі раён

Загаловак у газеце: Замест казармы і ангара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.