Вы тут

Нафтагазавая спрэчка вырашана?


На нафтагазавым фронце добрая навіна. Беларусь і Расія дамовіліся аб зніжэнні цаны на газ.


Паводле дамоўленасці, наша краіна адмяняе павышаную плату за транзіт расійскай нафты. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) ужо прыняла адпаведную пастанову №34 “Аб тарыфах на паслугі па транспарціроўцы нафты па магістральных трубаправодах, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”. Датай уступлення дакумента ў сілу прызначана 12 кастрычніка. Акрамя таго, расійскі бок не знізіць аб'ёмы пастаўкі нафты ў нашу краіну - аб'ём складзе 24 млн тон (мог скараціцца да 18 млн тон).

У гэты панядзелак прэм'ер-міністры дзвюх краін Дзмітрый Мядзведзеў і Андрэй Кабякоў па тэлефоне пацвердзілі дамоўленасці віцэ-прэм'ераў, дасягнутыя на мінулым тыдні. Згодна з імі цана на пастаўку расійскага газу застаецца ранейшай. Аднак паводле інфармацыі газеты “Коммерсант”, “механізм міжбюджэтнай кампенсацыі”, які прыменіць расійскі бок, фактычна знізіць канчатковую суму. Пры гэтым частка даходаў, якія губляе “Газпром” будуць кампенсаваныя з расійскага бюджэту. Ужо сёлета Расія выплаціць каля 400 млн долараў, а ў 2017 годзе памер газавай субсідыі можа дасягнуць 800 млн долараў. Па папярэдніх падліках, цана на газ для Беларусі ў 2017 стане на чвэрць меншай - каля 100 долараў за тысячу кубаметраў.

Таксама намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка заявіў, што краіна атрымае аднамомантавае зніжэнне кошту ўжо сёлета, пагасіўшы назапашаную на 1 ліпеня запазычанасць перад “Газпромам”. Пры гэтым наша краіна будзе дамаўляцца аб адтэрміноўцы выплаты доўгу ў 300 млн долараў за газ да канца года.

Паводле інфармацыі прэс-службы Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю пастанова №34 “Аб тарыфах на паслугі па транспарціроўцы нафты па магістральных трубаправодах, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь” была прынята па дасягненні дамоўленасці з расійскім бокам. Згодна з ёй будуць дзейнічаць тарыфы на транзіт нафты, якія былі сфарміраваны па стане на 1 кастрычніка. Так тарыф на пастаўку нафты па маршруце Унеча (Высокае) - Адамава Застава, як і раней, складзе 267,32 расійскага рубля за тону нета (без ПДВ), па маршруце Унеча (Высокае) - Броды - 114,82 расійскага рубля, па маршруце Невель (Вялікія Лукі) - Полацк - Высокае - 32,31 расійскага рубля (тарыф на паслугі па прыёме і транспарціроўцы нафты для далейшага замяшчэння па напрамках Германія, Чэхія, Славакія, Польшча, Венгрыя, Украіна). Нагадаем, што МАРГ раней у працэсе нафтагазавай спрэчкі прыняў рашэнне павысіць тарыфы на транзіт расійскай нафты праз тэрыторыю Беларусі практычна напалову.

Даведка “Звязды”:

Нафтагазавае пытанне паміж дзвюма краінамі паўстала ў сярэдзіне гэтага года. Беларусь дамаўлялася аб цане расійскага газу ў 73 долары за тысячу кубаметраў у сувязі з сусветным падзеннем коштаў на энерганосьбіты. Аднак расійскі бок выставіў цану ў 132 долары за тысячу кубаметраў. Такім чынам у нашай краіне сфарміравалася недаплата за расійскі газ у памеры 300 млн долараў, які не прызнаваўся беларускім бокам. У сваю чаргу расійскі бок знізіў пастаўкі нафты ў Беларусь у другім паўгоддзі на больш за 5 млн тон.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Kryzhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.